У Беларускім Доме правоў чалавека адбудзецца фотавыстава, прысвечаная падзеям 19 снежня 2010 году

У Беларускім Доме правоў чалавека адбудзецца фотавыстава, прысвечаная падзеям 19 снежня 2010 году

13 траўня ў 13.00 у Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні адбудзецца адкрыццё фотавыставы, прысвечанай падзеям 19 снежня 2010 году ў Беларусі, што распачалі беспрэцэдэнтную хвалю рэпрэсій. У экспазіцыю ўваходзяць фотаздымкі з акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 19 снежня 2010 году. Адначасова з адкрыццём выставы адбудзецца прэс-канферэнцыя з нагоды 15-годдзя найбуйнейшай беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна».

Некалькі дзесяткаў фотаздымкаў, зробленых прафесійнымі беларускімі фатографамі падчас акцыі пратэсту 19 снежня 2010 году, паказваюць, што насамрэч адбывалася на «Плошчы-2010». Іх можна будзе ўбачыць ў Доме правоў чалавека - арганізатары мяркуюць размясціць іх у канферэнц-залі і на калідорах.
Падчас адкрыцця адбудзецца сустрэча з прэзідэнтам Беларускага дому правоў чалавека Таццянай Рэвякай, старшынёй Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім і намеснікам старшыні ПЦ «Вясна» Валянцінам Стэфановічам, якія распавядуць пра дзейнасць арганізацыі «Вясна», сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, пра рэпрэсіі пасля прэзідэнцкіх выбараў і лёсы рэпрэсаваных. Таксама на адкрыцці будуць прысутнічаць некаторыя з аўтараў фотаздымкаў экспазіцыі.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» быў створаны ў красавіку 1996 году падчас масавых акцыяў пратэсту дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі з мэтай дапамагчы арыштаваным пасля дэманстрацый і іх сем’ям.
У 2003 годзе рашэннем Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь грамадскае аб’яднанне «Праваабарончы цэнтр «Вясна» было беспадстаўна пазбаўленае дзяржаўнай рэгістрацыі за ўдзел у назіранні пад час прэзідэнцкіх выбараў у 2001 года.
Нягледзячы на афіцыйнае закрыццё, «Вясна» працягвае займацца прававой дапамогай рэпрэсаваным за палітычную дзейнасць, а таксама арганізацыяй адукацыйных сустрэч, канферэнцый, лекцый, круглых сталоў, маніторынгам сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, выдае і распаўсюджвае ўласныя інфармацыйныя, навуковыя і іншыя праваабрончыя матэрыялы. Праваабарончы цэнтр «Вясна» з'яўляецца адным з заснавальнікаў Беларускага дому правоў чалавека ў выгнанні ў Вільні.
Мовы мерапрыемства - руская, беларуская, англійская.
Кантакты:
тэлефон: +370 5 212 7703
e-mail: belarus@humanrightshouse.org
Крынiца: znyata.com