«Vanitas» / фотавыстава Пятра Мушаліка

«Vanitas» / фотавыстава Пятра Мушаліка

Аўтар: Петр Мушалік
Адкрыцце: 25 красавiка 2012 года, 17.00
Даступна: 15 мая 2012 года
Месца: галерэя «Акадэмія» Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (г. Мiнск, вул. Сурганава, 14)

«Vanitas» (з лат. мітусня)  Пятра Мушаліка – гэта цыкл вялікафарматных фатаграфій, выкананых на традыцыйных клішэ з 1960-х і 1970-х гадоў. Галоўная думка прац – хуткацечнасць часу, а таксама глыбокая рэфлексія над фатаграфіяй і фатаграфаванай матэрыяй.
Словам «Vanitas» мастак акрэсліў катэгорыю эфемернай прыгажосці, схаванай і вонкава непрыкметнай сярод звычайнага бачання рэчаў. У гэты абшар ён упісаў таксама паняцце жыцця, якое праходзіць чарговыя этапы свайго развіцця. Варта адзначыць, што аўтар цыкла ацэньвае належным чынам усе яго аспекты, ніякім чынам не абясцэньваючы заключнага этапа існавання. І больш за тое, ён дакументуе незвычайнасць гэтага апошняга і з дапамогай фатаграфіі падаўжае яго працягласць. Такім чынам, нельга не адчуць, што Мушалік свядома карыстаецца механічным фотазапісам, каб даўжэй захаваць мімалётную прыгажосць Vanitas і таямніцу, якую яна ў сабе нясе. Сваімі фатаграфіямі ён выклікае бачанне назаўсёды страчаных прадметаў, прэзентуючы сваю згоду на гэты натуральны парадак рэчаў.
Прасторай творчых пошукаў для Пятра Мушаліка з’яўляюцца вобразы і прадметы, узятыя са штодзённага жыцця. Сапсаваныя садавіна і гародніна, якія ўжо нікога не прывабяць смакам і пахам, неспадзявана знаходзяць прызнанне, іншага пачуцця – уражлівага да рэчаіснасці вока, здольнага заўважыць іх непаўторную форму і вытанчаную натуру. Выбар гэтай тэмы мастаком быў прадыктаваны перш за ўсё фотагенічнасцю форм і іх экспрэсійнасцю, якая сягае да надзвычай багатай сімволікі. Метамарфозы фатаграфаваных аб’ектаў, перанасычэнне іх колерамі, фактуру ці форму ён разумее як неацэнную вартасць, што функцыянуе самастойна, без пункту адліку, без параўнальнай ацэнкі. Вобраз мёртвай натуры, замкнёны ў фотакадры, быў выбраны са звыклай рэчаіснасці, каб засведчыць пра яе сутнасць, якой, без сумнення, з’яўляецца час. Менавіта бег часу, яго хуткацечнасць вызначае Vanitas. Марнасць, старасць ці распад прыводзіць да глыбокай рэфлексіі, кульмінацыйным пунктам якой з’яўляецца смерць. Аднак тут з непрыхаванай настойлівасцю сфатаграфаваныя прадметы патрабуюць працягласці і захаплення. З дапамогай класічнага кампазіцыйнага размяшчэння і збалансаваных фармальных рашэнняў, мастак надае ім новае значэнне, акцэнтуючы ўвагу на тых рысах, якія найбольш агульна гавораць пра слушнасць выбару фатаграфічнай тэмы. Бескарысныя, адкінутыя, закляймёныя гніеннем дары прыроды Мушалік зрабіў прадметам сваіх разважанняў і мастацкай дзейнасці. Цвіль на садавіне, яе зморшчаная паверхня, крохкая тэкстура, сляды гніення і перанасычанасці колераў перамагаюць над сціпласцю і правільнасцю свежай садавіны і гародніны. Вострыя краі засушаных, пазбаўленых мякішу грушак ствараюць займальнае праламленне святла, што робіць акцэнт на няправільных абрысах і адначасова падкрэслівае арганічнасць фатаграфаваных аб’ектаў. Адчуванне арганічнасці ёсць таксама ў фатаграфіі з выявай вялай і крохкай гародніны, складзенай у форме разеты. Дэкарацыйны матыў, узяты з традыцый гатычных святынь, якія ўзводзіліся па канструкцыйным прынцыпе арганічнасці, у дадзеным выпадку стаў кампазіцыйным прынцыпам, што падпарадкоўвае прадметы, якія належаць да Vanitas.
Тэкст: Анна Плюта

Крынiца: znyata.com
абмеркаваць на форуме zнята