Бібліятэка мінскага Цэнтра фатаграфіі папоўнілася калекцыяй кніг па амерыканскай фатаграфіі

Бібліятэка мінскага Цэнтра фатаграфіі папоўнілася калекцыяй кніг па амерыканскай фатаграфіі

Больш за 100 альбомаў і выданняў па мастацтве фатаграфіі перадала ў дар Бібліятэцы мінскага Цэнтра фатаграфіі Амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі ў Рэспубліцы Беларусь.


Фота: Уладзімір Парфянок
«Разам з Цэнтрам фатаграфіі і галерэяй Nova мы не аднойчы працавалі над шэрагам паспяховых фотапраектаў, - адзначыў на ўрачыстай цырымоніі прэзентацыі аддзела па амерыканскай фатаграфіі Часовы Павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі Майкл Скэнлан, - і мне прыемна, працягваючы наша супрацоўніцтва, перадаць у дар матэрыялы для фонда бібліятэкі».

Фота: Уладзімір Парфянок
Сярод падарункаў - манаграфіі, прысвечаныя фатографам сусветнай велічыні - Анселю Адамсу, Ральфу Гібсану, Ман Рэю, Рычарду Аведону, Стефану Шору, Даратэі Ланж, Роберту Капе, Салі Ман, Алексу Соту, Альфрэду Сцігліцу, Эні Лейбовіц, Сіндзі Шэрман, Полу Стрэнду, Роберту Мэплторпу, Лі Фрыдляндэру, Уільяму Эглестону, Нан Голдын, Грэгары Крудсану… Гэтаксама у фонд адмысловага тэматычнага аддзела Бібліятэкі Цэнтра фатаграфіі паступіла калекцыя DVD з дакументальнымі фільмамі пра амерыканскіх фатографаў.
«На жаль, не кожны з нас сёння мае магчымасць наведаць выставы сусветных класікаў фатаграфіі, - падкрэсліў значнасць падзеі дырэктар Цэнтра фатаграфіі Аляксей Шынкарэнка, - але часам фотаальбомы могуць дапамагчы ў гэтай справе, набліжаючы нас да творчасці славутых фатографаў. І гэты падарунак - таму прыклад - нібыта 100 фотавыстаў знакамітых амерыканскіх фатографаў адначасова прыехалі ў Мінск».
«Калі я ўпершыню ўбачыў фатаграфію Гранд-Каньёна Анселя Адамса, - згадаў Майкл Скэнлан, - я адчуў, што гэта - я, гэта - мая краіна. Спадзяюся, што хтосьці з беларускіх фатографаў абавязкова захавае рэчаіснасць, якая яго атачае, гэткім жа чынам - каб чалавек, грамадзянін вашай краіны, паглядзеўшы на фотаздымак сказаў: так, гэта - мая Беларусь».
М. Скэнлан падкрэсліў, што фатаграфія, на яго думку, не толькі садзейнічае фарміраванню ідэнтычнасці, але непасрэдным чынам уплывае на грамадства. «У 60-тыя гады ХХ стагоддзя яна паспрыяла рэформе ў сферы грамадзянскіх правоў, у пытанні роўнасці афраамерыканцаў, - сказаў Часовы Павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі. - Я памятую фотаздымак прамовы Мартэна Лютэра Кінга, якая адбылася побач з манументам Лінкольну пад час маршу на Вашынгтон: здымак адлюстроўваў сотні тысяч людзей - белых, чорных… Дзякуючы гэтаму адбітку людзі паверылі, што перамены магчымыя».
«Шчыра кажучы, мне падабаюцца розныя фатографы, - быў адкрытым дыпламат і ў адказе на пытанне на конт улюбёных фотамайстраў. - Несумнеўны уплыў на мяне аказаў часопіс National Geographic: памятую, як усвядоміў, што гэтыя самыя монстры-насякомыя, чые фотаздымкі размешчаны ў NG, знаходзяцца зусім побач - вось тут на маім двары, ці, магчыма, побач са мной!
Але ёсць і тыя фатаграфіі, мэта якіх - захаваць гісторыю і яны ўздзейнічаюць па-іншаму. Сярод іх - фатаздымак сустрэчы савецкага і амерыканскага салдатаў, якая адбылася на Эльбе ў 1945 годзе. Гэта фатаграфія дэманструе сувязь паміж беларускім і амерыканскім народамі, бо той савецкі салдат - беларус Аляксандр Сільвашка. На жаль, на пачатку мінулага года ён пайшоў ад нас. Але, дзякуючы гэтаму здымку момант ягонага жыцця застанецца назаўсёды.
У гэтым - моц фатаграфіі, і менавіта таму мы аказваем падтрымку Цэнтру фатаграфіі: магчыма, хтосьці з яго студэнтаў зробіць штосьці падобнае».
Сёння, дзеля таго, каб скарыстацца матэрыяламі не толькі тэматычнага аддзела амерыканскай фатаграфіі, звычайнаму наведвальніку дастаткова запісацца і атрымаць чытацкі білет, які дазваляе яму бясплатна карыстацца каштоўнымі выданнямі ў фармаце «чытальнай залы». Гэта - у бліжэйшыя летнія месяцы. «У далейшым, - падкрэсліў дырэктар Цэнтра фатаграфіі Аляксей Шынкарэнка, - Бібліятэка атрымае новае памяшканне, дзе арыентавацца ў матэрыялах фондаў наведвальнікам «па аналогіі з музейным экскурсаводам» будзе дапамагаць кансультант». І з увядзеннем дадатковых паслуг Бібліятэкі - работа з кансультантам, друк, сканіраванне - чытацкі білет стане платным.
Крыніца: photoscope.by