Новая выстава Максіма Сарычава прайшла ў пад'ездзе

Новая выстава Максіма Сарычава прайшла ў пад'ездзе

Адкрыццё новай фотавыставы Максіма Сарычава адбылося 28 верасня 2012 года. Для экспазіцыі аўтар абраў незвычайную пляцоўку: здымкі ён вывесіў на першым паверсе свайго пад’езда, а на дзвярах суседніх расклеіў абвесткі пра выставу, праўда, большасць з іх адразу зніклі. На адзін вечар звычайны пад’езд ператварыўся ў арт-пляцоўку. Здымкі правіселі ўвесь вечар каля паштовых скрыняў.

«Ёсць прастора прыватная, ёсць публічная, а пад’езд — прастора нічыйная, гэта прастора дыфузіі, яна ўжо і не прыватная, але яшчэ і не публічная. У гэтым праекце мы імкнемся прасачыць за рэакцыяй публікі. Трапляецца, безумоўна, і абыякавая рэакцыя, але адсутнасць рэакцыі — гэта таксма цікавая тэма», — кажа куратарка выставы Вольга Сазыкіна.

«Трэба рабіць такое як мага больш, бо нам сапраўды не стае альтэрнатыўных выставачных прастораў», — кажа мастак і пісьменнік Аляксей Талстоў, што не прамінуў незвычайную выставу. Яна распавядае пра дапамогу бяздомным жывёлам: здымкі рабіліся ў двух менскіх сабачых прытулках, што існуюць выключна на валанцёрскіх пачатках. «Сабачы прытулак — добры прыклад салідарнасці людзей, іх самаарганізацыі, як людзі аб’ядноўваюцца на глебе любові да жывёлаў. Часцяком гэтага вельмі не стае, і мы нават не ведаем, як клічуць нашых суседзяў», — лічыць фатограф Максім Сарычаў.

Некаторыя мясцовыя жыхары, пабачыўшы абвесткі, прыйшлі паглядзець на фота, часцяком са сваімі сабачымі гадаванцамі. «Выдатна зроблена! Напэўна, будзе хоць крыху меней бязлітаснасці. Бо шмат людзей да жывёлаў ставяцца жорстка, і гэта вельмі дрэнна», — адгукнуўся адзін з наведвальнікаў.

Максім Сарычаў не ўпершыню займаецца сацыяльнымі тэмамі, у 2011 годзе ён зладзіў праект пра маладзёнаў, якіх затрымалі «па справе анархістаў», некаторыя здымкі выстаўляліся ў Інстытуце імя Гётэ ў межах выставы «Штодзённасць». Сёлета Максім атрымаў узнагароду за трэцяе месца на «Прэс-фота Беларусі» у катэгорыі «Прырода» са здымкамі з палявання. Бяздомных жывёлаў Сарычаў пачаў здымаць у межах аднаго майстар-класа, тэма яго зацікавіла, і ён працягнуў займацца ёй.

«Не хацелася здымаць абы-што, хацелася закрануць сацыяльную праблему. А праходзіць выстава ў пад’ездзе, таму што тут амаль ува ўсіх жыхароў ёсць сабакі і тэма іх закранае. Справа ў тым, што большасць жывёлаў, якія апынуліся на вуліцы, выкінулі самі гаспадары»,— тлумачыць Сарычаў.

Фатограф рыхтуе буйны праект, і выстава ў пад’ездзе з’яўляецца першым яе этапам. «Гэта толькі пачатак вялікага праекту пра бяздомных жывёлаў. Тут адлюстараваны толькі адзін бок: як можна дапамагаць жывёлам. Таксама можна падрабязней распавесці, што для гэтага робяць улады, пра людзей, якія гэтым займаюцца».

Крыніца: generation.by