Мінскі фестываль фатаграфіі пачнецца з выставы «Ступені»

Мінскі фестываль фатаграфіі пачнецца з выставы «Ступені»

«Ступені» - першая выстава, з якой пачнецца Мінскі фестываль фатаграфіі. У ёй будуць прадстаўленыя фотаздымкі членаў аб’яднання «Фотамастацтва». Экспазіцыя была сфарміраваная з творчых серый, адабраных саветам аб’днання.

«Мы лічым гэтую назву сімвалічнай, бо выніковыя выставы аб’яднання зараз будуць праходзіць штогод, прычым адбірацца будуць толькі тыя фотаздымкі, якія зроблены на працягу апошняга года. Такім чынам, першая выстава «Ступені» – гэта пачатак вялікага шляху, гэта тая першая прыступка, на якой зараз знаходзіцца наш творчы саюз. У выставе прымаюць удзел 52 аўтары, якія прадставілі на суд гледачоў больш за 150 фотаздымкаў. Работы вельмі розныя, аўтары не мелі ніякіх абмежаванняў у выбары тэмаў і жанраў. І гэтая свабода, на наш погляд, якраз і дае магчымасць гледачам зрабіць пэўныя вывады пра сучасны стан беларускай фатаграфіі».

Сяргей Плыткевіч, старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання «Фотамастацтва»

Мінскі фестываль фатаграфіі прадоўжыцца шэрагам мерапрыемстваў, сярод іх - рэтраспектыўная фотавыстава Міхаіла Жылінскага. Таксама ў рамках фестываля адбудуцца выставы беларускай фатаграфіі 1960–1980-х гадоў і рэпартажнай фатаграфіі.

Выстава «Ступені» адкроецца 15 лютага 2013 года, у 17.00 і будзе працаваць да 3 сакавіка 2013 года.
Уваход вольны, выходныя - нядзеля, панядзелак.

Адрас: мастацкая галерэя «Універсітэт культуры» (г. Мінск, Кастрычніцкая плошча, 1)
Тэлефон: +375 17 327 26 12, +375 17 223 36 69

На адкрыццi

15 лютага 2013 года ў галерэі «Універсітэт культуры» адкрылася выстава «Ступені». Арганізатарам фотавыставы ўдалося прадставіць розныя жанры і тэхнікі беларускай фатаграфіі. Сярод іх - каллажы Валерыя Вядрэнкі, Ўладзіміра Прыгарніцкага, эксперыменты Віктара Сядых і Сяргея Плыткевіча з плёнкай, «першабытная» серыя Аляксея Жарнасека.

Значную частку экспазіцыі займаюць фатаграфіі, прысвечаныя Беларусi: тэме вёскі, якая знікае, беларускай прыродзе і архітэктуры. Таксама на выставе прыкметныя серыi з настальгiчным настроем: цi з настальгiяй - пераасэнсаваннем савецкага мiнулага цi з настальгiяй асабiстай, як у серыi Вiктара Суглоба. Асобная зала адведзеная для чорна-белых фотаздымкаў, зробленых ужо вядомымі майстрамі – Валерыем Вядрэнкам, Надзеяй Дзягцеравай, Вадзімам Качаном, Галінай Ламака, Марынай Бацюковай ды iншымi.

«Ступені» пакідаюць адчуванне цэльнасці: працы не супярэчаць адна адной і складваюцца ў агульную карціну: па словах куратара выставы, старшынi Народнага фотаклуба «МІНСК» Віталя Раковіча, у першы раз у адным памяшканні атрымалася сабраць амаль усіх мэтраў. Выстава мае характар добрай і грунтоўнай прэзентацыі таго, што беларускай фатаграфiя дасягнула на дадзены момент, але, на жаль, маладых аўтараў цi тэндэнцыяў у экспазiцыi няшмат. Як адзначыў старшыня аб'яднання «Фотамастацтва» Сяргей Плыткевiч, яна была сфармiраваная з лепшых серый, дасланых удзельнiкамi аб'яднання. Таксама Сяргей Плыткевiч выказаў спадзяванне, што выстава знойдзе працяг i будзе праводзiцца штогод.


На фота: старшыня Народнага фотаклуба "МІНСК"Віталь Раковіч


На фота: Віктар Паршын

На фота: Валерый Вядрэнка

Тэкст: Ганна Ражанцова
Фота: Хрысцiна Почапень

Крыніца: znyata.com

абмеркаваць на форуме zнята