«Беларускі экватар Аляксандра Дзітлава» / выстава

«Беларускі экватар Аляксандра Дзітлава» / выстава

Аўтар: Аляксандр Дзітлаў
Месца: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь (г. Мінск, вул. Карла Маркса, 12)
Адкрыццё: 18 снежня 2012 года
Працуе да: 13 студзеня 2013 года

18 снежня 2012 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца фотавыстава, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння фатографа, ваеннага карэспандэнта, заслужанага журналіста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Сяргеевіча Дзітлава (1912 – 2009).
Аляксандр Дзітлаў нарадзіўся перад Першай сусветнай вайной у сталіцы Расійскай імперыі Санкт-Пецярбурзе у дваранскай сям’і. Пасляваенны лёс прывёў яго на Беларусь, і гэты перыяд жыцця, своеасаблівы «беларускі экватар», стаў найбольш плённым. Аляксандр Сяргеевіч – заслужанны журналіст Рэспублікі Беларусь, ваенны карэспандэнт фотахронікі ТАСС, аўтар кніг па тэорыі фотамастацтва, арганізатар фотавыстаў. Адзін з заснавальнікаў часопіса «Маладосць».

Сёння Аляксандр Дзітлаў найбольш вядомы фатаграфіямі ваеннай пары. «Тыгр і казляня», «Салдацкая каша», «Дамоў», «Куляметчык Мікалай Качанаў» неаднойчы публікаваліся на старонках друкаваных і віртуальных выданняў. На некаторыя з іх напісаныя вершы і зняты фільм. Дзітлаў –  аўтар самага вялікага – 7-мятровага – фатаграфічнага «палатна» і творца маленькай, вялічынёю з паштовую марку, фотакарткі.

На выставе прадстаўлены як арыгінальныя аўтарскія адбіткі, так і сучасныя лічбавыя, зробленыя з фотанегатываў аўтара. Большая частка экспазіцыі адведзена пад фатаграфіі, якія былі выкананы А.С. Дзітлавым у пасляваенны перыяд – 1945-1969 гг. Яны былі апублікаваныя ў аўтарскім фотаальбоме «Там, дзе сінее Нарач», выстаўляліся на тагачасных калектыўных фотавыставах, публікаваліся на старонках часопіса «Маладосць». Асобна трэба сказаць пра каляровыя фотаздымкі, зробленыя А.С. Дзітлавым. На пачатку 1950-х гадоў каляровае фота толькі пачало ўваходзіць у практыку працы беларускіх фатографаў. Акрамя фотаздымкаў прадстаўлены асабістыя матэрыялы фатографа.
Упершыню экспазіцыя адлюструе ўсе грані таленту Аляксандра Дзітлава – журналіста, майстра дакументальнай фатаграфіі, тонкага лірыка і гумарыста, нястомнага генератара ідэй і новых праектаў.
На выставе выкарыстаны матэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску, асабістага архіва дачкі фатографа Вольгі Дзітлавай.

Крыніца: histmuseum.by

Абмеркаваць на форуме Zнята