Выстаўка ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва прадстаўляе жывапіс, скульптуру, арт-аб'екты Уладзіміра Цэслера і іншыя праявы яго крэатыўнасці і схільнага да парадоксаў мыслення. У экспазіцыі можна ўбачыць праграмныя праекты мастака (частка створана ў сааўтарстве): серыя скульптур «Праект стагоддзя: Дванаццаць з ХХ» (у сааўтарстве з Сяргеем Войчанка, 1955-2004), плакаты, серыю оп-арт-аб'ектаў «Вектарныя тэхналогіі», прасторавыя аб'екты, шэраг дызайн-канцэпцый, а таксама серыі «Галівудскія весялухі», «Школьны кабінет» і новыя працы 2012 года.
«Мы жывем у сістэме рынкавай эканомікі, адпаведна ўсё мастацтва, як бы нам не хацела, але падпарадкавана грамадскай сістэме. Любы мастак, які гаворыць, што ён не камерцыйны - хлусіць, бо тым самым ён імкнецца даражэй сябе прадаць. Адпаведна, ўсе мы ў жыцці гандлюемся. Хто ў меншай, хто ў большай ступені. Але гэта не перашкаджае гледачам захапляцца мастацтвам, калі мы, мастакі, робім тое, што хочам і калі нам гэта ўдаецца…» (Уладзімір Цэслер)
Ці можна і трэба зарабляць творчасцю? Сваёй выстаўкай Уладзімір Цэслер не дае адназначнага адказу, бо любая з’ява мае два бакі медалю. Кожны мастак жыве ў соцыуме, арыентуецца і спадзяецца знайсці разуменне сярод самых патрабавальных да філасофскіх пошукаў і новых ідэй гледачоў. Але пры гэтым зарабляе сваёй творчасцю і такім чынам сам з’яўляецца часткай сусветнага працэсу камерцыйнага погляду на жыццё. Менавіта ХХ-ае стагоддзе справакавала цікавасць грамадства да камерцыйных стасункаў. ХХІ стагоддзе – працягвае эстафету тэхнічнага прагрэсу і сімвалічнага асэнсавання рыначных зносін.Самі назвы твораў Уладзіміра Цэслера, яго словы – самадастатковыя рэкламныя заклікі для абуджэння цікавасці гледача.