У Вільні прэзентуюць альбом з рарытэтнымі фотаздымкамі Ісака Сербава

У Вільні прэзентуюць альбом з рарытэтнымі фотаздымкамі Ісака Сербава

22 лютага 2013 года ў Вільні адбудзецца прэзентацыя кнігі «Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава 1911-1912 гадоў», выдадзенай у серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў». Ісак Сербаў - беларускі этнограф, фалькларыст і археолаг, які ўдзельнічаў у працы па зборы і ахове помнікаў мастацтва і гісторыі. Ён першым з беларускіх этнографаў стварыў вялікую фотатэку, у якой зафіксаваныя тыпы адзення жыхароў розных куткоў Палесся, жылля, гаспадарчых пабудоваў, вырабы рамёстваў.

Публікацыя гэтых фатаграфічных матэрыялаў планавалася не адзін год. Яе складальнік, Вольга Аляксандраўна Лабачэўская распавяла Zнята пра працэс падрыхтоўкі выдання і яго ролю ў беларускай культуры.

Унікальныя матэрыялы

Ідэя апублікаваць фотаздымкі Ісака Сербава з'явілася ў мяне, калі я пачала працаваць з архіўнымі матэрыяламі ў аддзеле рукапісаў Віленскага універсітэта. Здымкамі, якія там знаходзяцца, карысталіся і раней. Напрыклад, у 1980-х-1990-х гадах Іван Цішчанка, што працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук, надрукаваў некалькі артыкулаў, дзе ўказаў Ісака Сербава як іх стваральніка. Але, як не дзіўна, у архіве здымкі так і засталіся без аўтара.

Матэрыялы трэбы было прывесці ў парадак: па-першае, яны былі несістэматызаваныя, не прывязаныя да сучаснага адміністрацыйнага падзелу краіны, а па-другое, прозвішча Сербава не было пазначана на фотаздымках. Маёй мэтай было зрабіць так, каб карыстанне матэрыяламі стала больш зручным і эфектыўным. Я размеркавала фотаздымкі па геаграфічным паказальніку і вызначыла сучаснае тэрытарыяльна-адміністрацыйнае знаходжанне гэтых пунктаў. Паралельна ішла іх апрацоўка для электроннай базы бібліятэкі. Такім чынам, я адначасова падрыхтавала матэрыял для сябе і для праекта.

Задума аб выданні альбома існавала з самага пачатку працы. Не было сумневаў, што такі багаты матэрыял мусіць быць надрукаваны: гэта цудоўныя абразчыкі візуальнай антрапологіі. У фотаздымках Сербава досыць дакладнае бачанне этнаграфічных дэталяў - адзення, людзей, гарадоў, не ў апошнюю чаргу дзякуючы яго здольнасці да мастацкага выяўлення. Гэтыя здымкі адметныя рытмам, кампазіцыяй. Яго працы - классіка не толькі беларускай, а, напэўна, і сусветнай мастацкай фатаграфіі.


Фота: Агата і Ганна Мітраховічы з вёскі Рудня Бабруйскага павета, крыніца: gidas.wordpress.com

Пошукі і рэалізацыя ідэі

Паміж ідэяй і яе рэалізацыяй было шмат пошукаў. У выніку я звярнулася да выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», у якога ўжо быў досвед супрацоўніцтва з літоўскім фондам: у серыі рарытэтаў ужо быў надрукаваны альбом малюнкаў Дзмітрыя Струкава.Трэба даць належнасць дырэктару выдавецтва Таццяне Бяловай, якая праніклася ідэяй. Напрыканцы мы вырашылі апублікаваць усю калекцыю з 442 фотаздымкаў, з усімі варыянтамі кадраў.

Кніга была надрукаваная даволі хутка, да канца 2012 года, а само выданне стала іміджавым для «Беларускай Энцыклапедыі». Альбом выдадзены на дзвюх мовах - беларускай і ангельскай, таксама мы зрабілі ўступ на літоўскай мове. За дапамогу з перакладам Бібліятэка Віленскага ўніверсітэта атрымала частку выданняў. А ў Беларусі альбом быў нядаўна прэзентаваны на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе. Дарэчы, ён выйграў конкурс «Мастацтва кнігі-2013» і быў адзначаны гран-пры «За уклад у захаванне духоўнай спадчыны».


Фота: вёска Дражын Бабруйскага павета.Жанчыны з дзецьмі (Германчукі), крыніца: gidas.wordpress.com

Сувязь мінулага і сучаснага

З публікацыяй альбома шмат новага, невядомага матэрыялу ўвайшло ў навуковы ўжытак. Таксама важна, што Ісаку Сербаву вярнулася яго аўтарства. Але выданне зацікавіць не толькі навукоўцаў: сучасныя геаграфічныя прывязкі дазваляюць людзям шукаць свае карані, узнаўляць свае родавыя сувязі. І прыклады ўжо ёсць: пасол Беларусі ў Літве знайшоў сваіх продкаў з вёскі Дражын з дапамогай гэтых матэрыялаў.


Фота: Мястэчка Петрыкаў. Кірмаш. Цыгане, крыніца: gidas.wordpress.com

Тое, што выданне двухмоўнае, дапаможа лепш прадставіць Беларусь за мяжой. Ды і мы самі лепш зразумеем сябе, калі паглядзім, як жылі нашыя продкі 100 год таму. Са здымкаў Сербава мы можам даведацца, што беларусы не былі беднымі ці занядбанымі. У іх прыгожыя твары, постаць, адзенне, яны паважаюць сябе - і гэта заўважна.


Фота: Мястэчка Тураў Мазырскага павета. Месца старажытнага манастыра, крыніца: gidas.wordpress.com


Фота: Дзяўчынкі Таццяна і Алена з вёскі Васілевічы Рэчыцкага павета, крыніца: gidas.wordpress.com

Прэзентацыя кнігі «Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава 1911-1912 гадоў» адбудзецца 22 лютага ў 14.30 у Бібліятэцы Віленскага універсітэта.

Па матэрыялах: znyata.com, gidas.wordpress.com

абмеркаваць на форуме zнята