На прэзентацыі кнігі «Беларусы у фотаздымках Ісака Сербава 1911–1912 гадоў» Вольга Аляксандраўна Лабачэўская паведаміла шмат цікавых фактаў пра тагачасны метад здымкі. Напрыклад, Ісак Сербаў рабіў большую частку сваіх фатаграфій улетку, падчас канікул у школе (бо ён быў не толькі этнографам, але і настаўнікам). Спачатку Сербаў ездзіў на сваім ровары па ўездам Мінскай губерніі (якая на той час складалася амаль з усіх нашых сучасных абласцей), але мясцовыя недаверліва ставіліся да такога дзіўнага транспарта. Таму этнографу прыйшлося вандраваць традыцыйным спосабам, то бок, пешшу. А аднойчы Сербаву прыйшлося здаць на вакзале камеру і шкляныя негатывы, але пасля сваёй камеры не знайшоў, а негатывы былі раструшчаныя.



Між іншым, Ісак Сербаў здымаў і сваю сям'ю, у амаль тым жа стылі і ў падобных строях. Часам ён ужываў метад этнаграфічнай рэканструкцыі: прасіў сялян апрануць свае старыя строі, што ўжо не былі ў ужытку, хацеў захаваць тое, што сыходзіць, хаця б на фотаздымках.



Цікава, што і раней была спроба апублікаваць здымкі Сербава ў адным альбоме, але пачалася Першая сусветная вайна, і выданне пабачыла свет толькі праз стагоддзе. У кнізе можна знайсці не толькі фотаздымкі этнографа, але і яго нататкі, апублікаваныя і падрыхтаваныя для друку. «Калі чытаеш тэксты Сербава, разумееш, што нічога на Беларусі за сто год не змянілася: людзі так жа цяжка ідуць на кантакт і не хочуць фатаграфавацца, і царскі ўраднік можа забараніць здымаць на вуліцы» - заўважыла адна госця.
Але Ісак Сербаў не быў адзіным краязнаўчым фатографам. Пасля Вольга Лабачэўская паказала здымкі 1867 года, зробленыя Міхаілам Кусцінскім. З гэтых партрэтаў можна даведацца пра тагачаснае насельніцтва Віцебска - беларусаў, габрэяў, старавераў, латышоў, цыганаў. Зараз гэтыя 55 фотаздымкаў знаходзяцца ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі Віленскага універсітэта.Таксама прыемным сюрпрызам вечара стала выстава фатаграфій Ісака Сербава. Здымкі і у кнізе, і на выставе, пабольшаныя – у арыгінале яны значна меншыя, патлумачала Вольга Аляксандраўна. Зараз першакрыніца знаходзіцца ў Пецярбурзе (яшчэ даўно фатаграфіі былі падараваны Аляксандру II). На жаль, вярнуць на радзіму матэрыялы цяжка. А пакуль што узнаўляць гісторыю нам дапаможа кніга «Беларусы у фотаздымках Ісака Сербава 1911–1912 гадоў».


На фота: Юры Васільеў


Фота: Вольга Лабачэўская, Валеры Вядрэнка





Падрабязней пра працэс стварэння кнігі ў інтэрв'ю Вольгі Лабачэўскай для Zнята >>> Тэкст: Ганна РажанцоваФота: Арцём Атрашонак
Крыніца: znyata.com


