ДАХ-КРАХ-ХХ / Міжнародны фестываль

ДАХ-КРАХ-ХХ / Міжнародны фестываль

Адкрыццё: 23 красавіка 2013 года, 17.00
Закрыццё:
15 мая 2013 года, 17.00
Месца: Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (г. Мінск, пр.Незалежнасці, 47)
Куратары: Зміцер Юркевіч і Алесь Родзін

У кантэксце альтэрнатыўнай беларускай культуры сённяшняга дня фестываль ДАХ з`яўляецца буйной з’явай. ДАХ-ІХ і ДАХ-ХІ два гады запар у Палацы мастацтва збіралі сотні мастакоў, музыкантаў, перформераў, літаратараў, фатографаў і тысячы гледачоў і каля месяца трымалі ў напрузе творчае жыццё беларускай сталіцы. Тое самае можна сказаць і пра шматлікія ДАХі ў Берліне, сталіцы Федэратыўнай Рэспублікі Германія.
ДАХ нарадзіўся ў берлінскай арт-сядзібе «Тахелес» у 2001 годзе, дзе ўпершыню прайшоў як, магчыма, адна з самых буйных выставак беларускага мастацтва па-за межамі краіны. З той пары ДАХ стаў сваесаблівым культурным мастом паміж дзвюмя краінамі, які аб’яднаў мастакоў не толькі беларускіх і нямецкіх, але і з ўсяго свету.
Фестываль ДАХ - гэта часовае адлюстраванне, праменчык «Тахелеса», які ўвабраў у сябе самае найлепшае ад першаўзора. Ён буйны і ў той жа час рухомы, цікавы і ў той жа час незразумелы, напоўнены аж да краю творамі выяўленчага мастацтва, музыкай, тэатральнымі і перформанс- выступленнямі, паэзіей. І ўсё гэта -- розныя стылі і жанры, якія могуць спалучыцца толькі пад час ДАХу.
Як і «Тахелес», які, нарадзіўшыся 13 лютага 1990 года, зазнаў перыяды росквіту - 2000-2011 гады і заняпаду ў 2012 годзе, так і ДАХ прайшоў усе гэтыя стадыі на працягу дзесяці апошніх гадоў разам з яго нязменнымі куратарамі – Зміцерам Юркевічам і Алесям Родзіным.
Дарэчы, апошні перыяд жыцця «Тахелеса» нагадваў трылер, дэтэктыў, дзе былі захопы выставак, майстэрань, руйнаванне мастацкіх здабыткаў, судовыя бойкі і караткачасовыя перамогі мастакоў… Сёлетні ДАХ прысвечаны і тым падзеям.
Як заўсёды, у выстаўках і мерапрыемствах фестывалю прымаюць удзел як прафесіяналы, гэтак і аматары, мастакі і музыканты, перформеры і літаратары. У тым ліку і госці з замежжа - каля дзесяці мастакоў з «Тахелесу», які працягвае існаванне як вандруючая арт-сядзіба, музыкі з Украіны, ЗША, Літвы, Расіі.
Некаторыя ДАХі прысвячаліся нейкім выключна цікавым для нас асобам, такім, як Язэп Драздовіч, Чэслаў Неман… На гэты раз галоўнай постаццю ДАХа стаў яшчэ адзін беларус – Тадэвуш Рэйтан, чый прыклад безагляднай любові да Бацькаўшчыны мае аналогіі толькі ў старажытных часах, часах антычных герояў.
У розныя гады да арганізацыі ДАХа далучаліся Ігар Ярмакоў, Алесь Тарановіч, Яўген Шунейка, Марцін Райтэр, Уладзіслаў Бубен, Ілля Сін, Таццяна Федарэнка, Ларыса Фінкельштэйн, Алена Карпілава і іншыя.
Праграма фестывалю 2013 года >>>
Крыніца: ygallery.by
абмеркаваць на форуме zнята