Дата: 7-24 жніўня2013 года
Адкрыцце: 7 жніўня, 17.00
Месца: Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (г. Мiнск, пр. Незалежнасцi, д. 37)
Хартмут Лангэ «Пазітыўны нігілізм»«Галоўным крытэрыем пры адборы здымкаў была адсутнасць людзей».
Вольга Савіч

Праект Вольгі Савіч пад назвай «Скарбонка часу» адрозніваецца ад большай часткі візуальнай інфармацыі, што сустракаецца нам у штодзённасці: ні гламурных колераў, ні банальна прыгожых вобразаў тут няма. На здымках – фрагменты архітэктуры Мінска, але пафасныя пабудовы «сталінскага ампіру» застаюцца па-за кадрам. Мастачка фіксуе тое, што звычайна ўхіляецца ад позірку: цені, расколіны, нечаканыя спалучэнні форм ды фактур. Ва ўзаемадзеянні з фатаграфічнай плёнкай яны пачынаюць жыць новым жыццём.Аб’ектыўнасць слядоў, якія час пакідае на камянях, спалучаецца з аб’ектыўнасцю фатаграфічнай плёнкі, і з гэтага паўстае аповед пра суб’ектыўнасць у чыстым выглядзе, пра ад-сутнасць людзей, пра іх сутнасць, якая палягае ў тым, што кожны непазбежна адыходзіць у нябыт. На гэтых здымках – канкрэтны горад, але няма прыкметаў канкрэтнага часу. Гэта могуць быць і 70-я, і 90-я гады, а можа, і 2040-я. Вольга Савіч паказвае ў сваім праекце пазачасавасць – тэрыторыю не толькі тых, хто адышоў, але і тых, хто адыдзе, – трывожную, няўлоўную прастору, што лучыць усіх нас. Праект патрабуе ад свайго гледача тонкасці ды мужнасці адначасова, даючы магчымасць дакрануцца да ўласнай хісткасці ды адчуць яе рафінаваную прыгажосць. Пранізлівае разуменне таго, што ўсё мінае, якое з'яўляецца ад гэтых здымкаў, дазваляе больш востра і выразна адчуць сваё ўласнае знаходжанне ў свеце – не менш крохкае і чароўнае, чым цені ды плямы на гэтых камянях.Крынiца: znyata.comабмеркаваць на форуме zнята

