«Выпадкова з мэтай» / фотавыстава

«Выпадкова з мэтай» / фотавыстава

Даступна: да 14 лістапада
Месца: Гарадская мастацкая галерэя твораў Л. Шчамялёва (г. Мінск, пр. Ракасоўскага, д. 49)

Гарадская мастацкая галерэя  твораў  Л. Шчамялёва ў сваёй рубрыцы «СтАрт» прадстаўляе фотавыставу «Выпадкова з мэтай».
Рубрыка «СтАрт» традыцыйна адкрывае новыя імёны, дае магчымасць камусьці ўпершыню праявіцца ў галерэйнай прасторы ў той ці іншай якасці. Сённяшні праект – гэта старт у некалькіх сэнсах: першы самастойны куратарскі праект, першы  дызайнерскі  вопыт, першы паказ свету фотаздымкаў аўтара, а таксама і першая менеджэрская спроба. Свежы погляд маладой каманды на выставачную прастору, на экспазіцыю і напэўна ўвогуле на жыццё.
Выстава прадстаўляе серыю фотаздымкаў, зробленых чалавекам, які шмат гадоў жыве далёка ад сваёй Радзімы - Беларусі. Пасля працоўнага тыдню ён кожную нядзелю ўзыходзіць на вялікую гору ў нацыянальным парку Маўнт Д’ябла ў Каліфорніі і з вышыні глядзіць на фантастычныя пейзажы. Там, за  гарызонтам, ляжыць зусім іншая краіна –  і гэтае ўсведамленне робіць серыю здымкаў нечым большым, чым проста фотафіксацыяй нядзельнай вандроўкі турыста. Быццам бы выпадкова зробленыя, але ж з пэўнай мэтай. А ці не так яно ў нашым жыцці і адбываецца, што выпадковасці аказваюцца вехамі лёсу…
У сучасным палітызаваным свеце ўсё больш губляецца месца для ўзаемапаразумення, чалавечнасці, сяброўства. Забываецца, што ўсе і кожны - гэта маленькія часцінкі вялікага сусвету. Спакон вякоў менавіта мастацтва і прырода нагадвалі чалавеку пра гармонію, еднасць, адзінае паходжанне. Дзе б ні знайшоў наш аўтар для сябе тую сцежку, якою шпацыруе кожны тыдзень, адкрываючы для сябе ўсё новыя існасці жыцця ў сваім паляванні на імгненні, ён гатовы падзяліцца з намі сваімі трафеямі.
Фотавыстава «Выпадкова з мэтай» будзе адчынена для ўсіх жадаючых з 24 кастрычніка па 14 лістапада 2013, штодзенна з 11.00 да 19.00, акрамя нядзелі і панядзелка.
Куратар i аўтар праекту – Варвара Шчука, дызайнер – Яўген Мітрафанаў.
Даведкі па тэлефонах: + 375 29 779 76 84, + 375 17 291 16 76 або па электроннай пошце artproject@tprfct.net.
Абмеркаваць на форуме zнята