Да ўгодкаў паўстання 1863 года ў Вільні зладзілі фотавыставу партрэтаў паўстанцаў

Да ўгодкаў паўстання 1863 года ў Вільні зладзілі фотавыставу партрэтаў паўстанцаў

Партрэты паўстанцаў, зробленыя рукамі катаў - такую выставу да ўгодкаў паўстання 1863-га ў Нацыянальным музеі Літвы зладзіў Літоўскі гістарычны архіў. Царскія жандары лавілі ўдзельнікаў змагання, канфіскоўвалі іхныя здымкі ды гэткім чынам, самі таго не жадаючы, назбіралі для нашчадкаў цэлы фотаальбом.

На выставе паказаныя 380 партрэтаў. Апроч вядомых постацяў, тут шмат шараговых паўстанцаў, сялянаў, святароў і жанчын. Апошнія ў паўстанні ўдзелу не бралі, аднак дапамагалі паўстанцам. Усяго ў архівах каля 800 фотаздымкаў.
«Гэтыя альбомы занесеныя ў рэгістр UNESCO, гэта спадчына ўсёй нашай культуры. Выстава цікавая для фатографаў, бо гэта ж быў пачатак самой фатаграфіі», – кажа Нярынга Чэшкявічуце (Neringa Češkevičiutė), куратарка выставы і працаўніца гістарычнага архіву.
Убачыць на выставе можна і крымінальную справу Каліноўскага, паводле якой яго пакаралі смерцю, аднак шмат матэрыялаў у экспазіцыю папросту не трапіла. Запіс аб хросце Каліноўскага, расшыфраваная цыдулка пра месца сховішча кіраўніка паўстання. Для гісторыкаў-пачаткоўцаў у архіве нагадваюць.
«Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў – гэта галоўнае сховішча дакументаў пра паўстанне 1863 года не толькі з літоўскай тэрыторыі, але і з тэрыторыяў Беларусі, Польшчы, нават часткова Латвіі ды Украіны», – падкрэслівае Чэшкявічуце.
Захапляльная партрэтная выстава працуе да 24 лістапада. Адрас музея: Arsenalo gatvė, 1, Vilnius
Крынiца: belsat.eu