«Месяц фатаграфіі ў Мінску» адбудзецца на васьмі пляцоўках

«Месяц фатаграфіі ў Мінску» адбудзецца на васьмі пляцоўках

«Месяц фатаграфіі ў Мінску» прадстаўляе шэраг культурных і адукацыйных мерапрыемстваў, скіраваных на ўмацаванне статусу беларускай фатаграфіі як віду мастацтва і яе інстытуцыяналізацыю ў нашай краіне. Арганізатары паказваюць, што культурнае асяроддзе Беларусі адкрытае для супрацоўніцтва з суседзямі, а таксама тое, што «нам цікавыя фатаграфічныя падзеі, якія адбываюцца ў рэгіёне, у тым ліку прысвечаныя нашай краіне». Адна з задачаў фестывалю — зрабіць іх больш даступнымі для беларускага гледача.

Даты: 28 верасня - 31 кастрычнiка
Сайт фестывалю
«Месяц фатаграфіі ў Мінску»: прэмiя
«Месяц фатаграфіі ў Мінску»: выставы
«Месяц фатаграфіі ў Мінску»: мерапрыемствы
Расійская фатаграфія будзе прадстаўлена выставай «Ня[свое]часовае» фонда «ФотаДэпартамент». У супрацы з інстытутам IFA Інстытут Гётэ ў Мінску арганізуе выставу класіка нямецкай фатаграфіі Арна Фішэра. Латышская фатаграфія будзе паказаная на выставе Sense of Place. Latvian Contemporary Photography, таксама ў фармаце асобнай экспазіцыі будуць прадстаўлены працы выпускнікоў Майстэрні фатаграфічнага апавядання Акадэміі мастацтваў Варшавы. Пройдзе выстава пераможцаў міжнароднага конкурсу FotoEvidence 2013. Фотапраект Tulips, зняты ў Беларусі й прысвечаны яе афіцыйным святам, прэзентуе знаны літоўска-амерыканскі фатограф Эндру Мікшыс.
У рамках фестывалю таксама адбудуцца паказы слайд-шоў фіналістаў і пераможцаў трох міжнародных конкурсаў: Grand Prix 2014 фотафестывалю ў Лодзі (Польшча), Prix Voies Off 2014 фотафестывалю Voies Off у А́рлі (Францыя) і World Press Photo Multimedia 2014. Таксама арганізуецца паказ мультымедыя-прац «Рулет».
«Месяц фатаграфіі ў Мінску» імкнецца зрабіць заўважнай творчасць беларускіх аўтараў праз знаёмства шырокай публікі як з працамі тых, каго сёння называюць класікамі беларускай фатаграфіі, так і з праектамі, выкананымі маладымі аўтарамі.
Падчас правядзення фестывалю па Мінску будзе курсіраваць трамвай з выставай фатаграфій Дзмітрыя і Сяргея Брушко як рэканструкцыя выставы Сяргея Брушко 1987 года. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў творчы саюз «Фотамастацтва» правядзе выставу прац удзельнікаў згуртавання.
Беларуская фатаграфія таксама будзе прадстаўлена творчасцю легендарнай арт-групы «Беларускі клімат» - «унікальнай сінтэтычнай з’явай у культуры горада», пік актыўнасці якой прыпадае на канец 1980-х — пачатак 1990-х. У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва пройдуць персанальныя выставы маладых беларускіх фатографаў: Аляксандра Веледзімовіча, Віктара Гіліцкага і Аляксея Шлыка. Тэма Белавежскай пушчы будзе па-новаму паказана ў візуальным даследаванні тандэма Аляксея Шлыка і Міхаіла Лешчанкі - фотапраекце «Сонны лес».
Місія «Месяца фатаграфіі ў Мінску» таксама ўлучае ў сябе адукацыйны аспект. На платформе разнастайных інстытуцый пройдуць лекцыі польскага фатографа, пераможцы WPPh Мацэка Набрдаліка, нямецкага куратара Матыяса Флюге, Надзеі Шараметавай з фонда «ФотаДэпартамент» і беларускай даследчыцы Надзеі Саўчанка. Доўгачаканай падзеяй стане лекцыя славутага англійскага фатографа і фотажурналіста Марціна Пара.
Практычным вынікам «Месяца фатаграфіі ў Мінску» стане друкаваны каталог з апісаннямі праведзеных мерапрыемстваў і фатаграфій, прадстаўленых на выставах, а таксама ўручэнне прэміі найлепшаму дакументальнаму і мастацкаму фотапраекту. Каталог дасць даследчыкам мажлівасць акумуляваць падзеі фестывалю, гаварыць пра тое, чым яны ёсць не толькі з пазіцыі сённяшняга дня, але і з прыцэлам на будучыню, уздымаць пытанні, абмяркоўваць і дакументаваць, сістэматызаваць і рабіць Беларусь больш праяўленай для нас саміх і відочнай для іншых.
Адна з асаблівасцяў «Месяца фатаграфіі ў Мінску» - тое, што ў ім бярэ ўдзел вялікая колькасць інстытуцый: выставы праходзяць як у дзяржаўных галерэях, так і ў прыватных арт-прасторах, а таксама на базе еўрапейскіх інстытутаў, якія маюць свае прадстаўніцтвы ў Мінску. Тым самым мы не толькі дэманструем вострую неабходнасць у наяўнасці ў горадзе афіцыйнай пляцоўкі, якая была б наўпрост прысвечана фатаграфіі, але і спрабуем згуртаваць звычайна раз’яднанае беларускае творчае фотаасяроддзе. Мы дэманструем беларускім гледачам і замежным гасцям, што фатаграфія як сродак творчага дыялогу з навакольным светам можа быць самай рознай, на гэтым полі могуць нароўні дзейнічаць гульцы самаго рознага ўзроўню з самымі рознымі задачамі ды мэтамі.
Тэкст: Вольга Бубіч
Інфармацыя будзе рэгулярна абнаўляцца і дапаўняцца.
абмеркаваць на форуме zнята