«Месяц фатаграфіі ў Мінску»: выставы

«Месяц фатаграфіі ў Мінску»: выставы

«Месяц фатаграфіі ў Мінску» прадстаўляе шэраг культурных і адукацыйных мерапрыемстваў, скіраваных на ўмацаванне статусу беларускай фатаграфіі як віду мастацтва і яе інстытуцыяналізацыю ў нашай краіне. Арганізатары паказваюць, што культурнае асяроддзе Беларусі адкрытае для супрацоўніцтва з суседзямі, а таксама тое, што «нам цікавыя фатаграфічныя падзеі, якія адбываюцца ў рэгіёне, у тым ліку прысвечаныя нашай краіне». Адна з задачаў фестывалю — зрабіць іх больш даступнымі для беларускага гледача.

«Месяц фатаграфіі ў Мінску»: прэмiя
«Месяц фатаграфіі ў Мінску»: пра фестываль
«Месяц фатаграфіі ў Мінску»: мерапрыемствы

Выстава пераможцаў конкурсу FotoEvidence 2013

Даты: 23 верасня - 1 кастрычнiка
Адкрыцце: 23 верасня, 19.00
Пляцоўка: прастора ЦЭХ (Мiнск, пр. Незалежнасці 58, к. 6,
праход праз вул. П.Броўкі, левы пад’езд, 2 паверх
Штодня ад 10.00 да 22.00


Фота: Massimo Berruti
Задача конкурсу і прэміі FotoEvidence, што праводзіцца з 2011 года, у тым, каб на мове фатаграфіі расказаць пра парушэнні правоў чалавека і прыніжэнне чалавечай годнасці. Прэміяй узнагароджваюцца аўтары за самаадданасць і смеласць у асвятленні і данясенні да шырокай грамадскасці складаных сацыяльных тэм і за прыцягненне ўвагі да сацыяльнай несправядлівасці ў сучасным свеце. FotoEvidence - гэта СМІ без цэнзуры і месца, дзе экспануюцца дакументальныя праекты, якія не маюць шанцаў быць надрукаванымі ў СМІ, што патрабуюць толькі гарачых навін. Пераможца FotoEvidence-2013 - Robin Hammond Condemned (New Zeeland). Фіналісты конкурсу: Andrea Reese Urban Cave (USA), Fabio Bucciarelli Battle to Death (Italy), Jon Lowenstein Shadow Lives USA (USA), Massimo Berruti The Dusty Path (Italy).

«Сем»

Аўтары: Марына Бацюкова, Сяргей Ждановіч, Вадзім Качан, Элан Лыскоў,
Сяргей Міхаленка, Ігар Саўчанка, Андрэй Шчукін
Адкрыцце: 29 верасня, 18.00
Працуе: да 10 кастрычнiка
Пляцоўка: галерэя «Акадэмiя» (Мiнск, вул. Сурганава, 14)
9.00-17.45, выходныя: субота, нядзеля

Тэма ліку сем можа падацца бадай намінальнай у вызначэнні зместу праекту. Атрымаўшы поўную свабоду ў выбары прац для ўдзелу ў праекце, аўтары па-рознаму карыстаюцца ёю: канцавы варыянт экспазіцыі, такім чынам, - гэта выказванне-эксперымент з адкрытым фіналам — самадастатковы маналог або запрашэнне да дыялогу. Больш пра выставу

«Апошні візіт»

Аўтар: Віктар Гіліцкі
Даты: 30 верасня - 11 кастрычніка
Пляцоўка: Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (Мiнск, пр. Незалежнасці, 47)
Штодзенна ад 11.00 да 19.00, акрамя нядзелi i панядзелка

Куратар праекта: Вольга Рыбчынская
Вельмі прыгожая сентыментальная гісторыя, быццам расказаная ад першай асобы, дзе галоўны герой, чалавек у мудрым веку, пускае нябачнага гледача ў сваё жыццё, выбудоўваючы адкрыта і шчыра сваю штодзённую рэальнасць як рытуал: прыгатаванне ежы, паленне лазні, апрацоўка зямлі, чытанне газет і слуханне радыё. Фатограф выбраў тут тактыку неўмяшання, за рэдкім выключэннем, старонняга назіральніка.
У выніку атрымаўся наратыў, невялікі аповед, які змясціў у сябе ўсю драматургію жыцця 84-гадовага чалавека. Для сям’і — гэта частка сямейнага архіву, дакументальнае пацверджанне факту быцця з яго непаўторнымі прыкметамі-знакамі, што не дазваляюць растаць і знікнуць твару чалавека, які ўжо сышоў. Гэты «дакумент з прыватнага архіву», што зафіксаваў вобраз блізкага чалавека на памяць, перастае быць толькі прыватным, ён робіцца «сілкаваннем і для нашых пачуццяў» (Сьюзан Зонтаг). Мы бачым у гэтым візуальным шэрагу водгукі-прыкметы нашых сямейных архіваў-гісторый. Для нас актуалізуецца і пераасэнсоўваецца значэнне нічым не прыкметных будняў, сумеснай з кімсьці паўсядзённасці. Апрача таго, рысы гэтай самай паўсядзённасці тут набываюць іншы характар, у дадзеным выпадку спрацоўвае здольнасць фатаграфіі мець «пэўную сюрэалістычную адчувальнасць, што вельмі важна: гэта значыць, звычайныя, абыдзённыя рэчы могуць выяўляць свае прыгожыя рысы, калі іх фатаграфуюць» (Сьюзан Зонтаг).
У гэтым дакладна пабудаваным выказванні, драматургічна спраўджаным відэашэрагу фатаграфія робіцца выяўленчай мовай, гаворачым медыя, дзякуючы якому мы не толькі здольны бачыць і счытваць прапанаваны наратыў, але таксама адчуваць магію моманту, шчырасць і сапраўднасць гісторыі; фатаграфія робіцца «эманацыяй, выпраменьваннем мінулай рэальнасці» (Ралан Барт «Camera lucida»).

«Арно Фішэр. Фатаграфія»

Даты: 1-19 кастрычнiка
Пляцоўка: Цэнтр сучасных мастацтваў  (Мiнск, вул. Некрасава, 3)


Фота: Арно Фішэр
Амаль 140 фатаграфій запрашаюць наведвальнікаў да знаёмства з творчасцю выбітнага нямецкага фатографа і выкладчыка фатаграфіі Арно Фішэра, які нарадзіўся ў 1927 годзе ў Берліне. Чорна-белыя здымкі па сённяшні дзень аказваюць уплыў на стыль цэлых пакаленняў фатографаў, і не толькі ў Германіі.
Выстава дае магчыамсць пазнаёміцца з рознымі перыядамі творчасці Арно Фішэра. Кропкай адліку з’яўляецца яго ранняя серыя фатаграфій «Сітуацыя Берлін», у якой ён акцэнтуе ўвагу на падзеленым на чатыры сектары пасляваенным Берліне. Запланаваная публікацыя гэтай серыі  была забаронена, на што паўплывала ў тым ліку будаўніцтва Берлінскай сцяны ў 1961 годзе.
На выставе прадстаўлены і працы фатографа, выкананыя Арно Фішэрам для ўсходне-нямецкага часопіса мод «Sibylle», а таксама захапляльныя партрэты вядомыха собаў, напрыклад, Марлен Дытрых і Маі Плісецкай. Шматлікія фатаграфіі, якія былі зроблены падчас падарожжаў па ўсёй Германіі і за мяжой – у Індыі, Афрыцы і Нью-Йорку, таксама напэўна зацікавяць гледачоў. Апошняя частка экспазіцыі – серыя палароідныхз дымкаў сада АрноФішэра. Створаныя фотамастаком нацюрморты і фатаграфіі, на якіхвялікую ролю адыгрываюць дэталі, з’яўляюцца квінтэсенцыяй творчасці Арно Фішэра.
Мінск - гэта чацвёрты прыпынак вандроўнай выставы, канцэпцыя якой належыць Інстытуту міжнародных сувязей (ifa, Германія).

«Не[свое]часоваe»

Даты: 3-15 кастрычнiка
Адкрыцце: 3 кастрычнiка, 19.00
Пляцоўка: прастора ЦЭХ (Мiнск, пр. Незалежнасці 58, к. 6,
праход праз вул. П.Броўкі, левы пад’езд, 2 паверх
Штодня ад 10.00 да 22.00


Фота: Анастасiя Багамолова
Куратар: Надзя Шараметава / «ФотаДэпартамент»
Праект фонду «ФотаДэпартамент»
У рускай мове ёсць даўняя граматычная дылема, якую меркавалася вырашыць, зрабіўшы выбар на карысць аднаго ці іншага значэння шляхам падстаноўкі адной коскі, — фраза «Казнить нельзя помиловать» цалкам мяняе свой сэнс у залежнасці ад выбранага знака прыпынку і дае волю дзеянню, што вырашае чыйсьці лёс. Не так вытанчана, але, спадзяёмся, насычана і шматслойна мы паспрабавалі зашыфраваць у назве выставы вектар роздуму пра час, у якім сябе знаходзім сёння, які яшчэ помнім, а таксама тыя калектыўныя месцы памяці, праз якія атрымліваецца хоць трошкі зразумець сапраўднае «тут і цяпер». Мастак заўсёды адчувальны да часу, у якім жыве, і ягоная здольнасць выбраць патрэбны акцэнт можа вызначыць агульную адчувальнасць і вектар разумення таго ці іншага перыяду гісторыі.
Разважаючы над тым, што для Расіі ёсць карэнным, спрадвечным і сталым, мы, група фатографаў з розных гарадоў, ініцыявалі гэты праект і пачалі даследаваць пытанне з розных бакоў. Мы звярнуліся да гісторыі, і выявілася, што ў Расіі немагчыма вызначыць адну вялікую ідэю, таму што кожны эвалюцыйны зрух суправаджаўся прыўнясеннем чагосьці звонку, што мацнела і развівалася на мясцовай глебе, ярка ўспыхваючы — так, як авангард у мастацтве пачатку ХХ стагоддзя ці «традыцыйная» руская матрошка. Адкрытасць культуры навонкі, як ні дзіўна, ва ўсе перыяды гісторыі садзейнічала яе ўзбагачэнню і самабытнасці.
Мы вывучалі сацыялагічныя даследаванні, якія ахопліваюць апошнія 100 гадоў гісторыі краіны, тры гістарычныя і ідэалагічныя рэжымы, дзве рэвалюцыі, розныя тыпы прыкмет часу і рысы рускага характару, якія фарміраваліся на гэтых этапах. Мы ішлі размаўляць з незнаёмымі і рабілі свае ўласныя назіранні, у якіх фатаграфія выявілася больш здольнай, чым няўзброены погляд ці мова, паказаць супярэчнасці і адзінства сучаснага грамадства, якія складана прыняць і сфармуляваць словамі.
Тое, што можна назваць відавочна аб’яднальным для ўсіх нас — гэта тэрыторыя, якую геапалітычна называюць Расіяй. Яе мы ведаем з мапы, што вісела калісьці на сцяне ў бацькоў і перайшла да нас у спадчыну. Мы, хутчэй за ўсё, не будзем ведаць па імені свайго суседа па лесвічнай пляцоўцы, але будзем праз супярэчнасці адчуваць адзінства з турыстам, які крычыць на Палацавай плошчы «Тагі-і-іл». Таму што, нарадзіўшыся ў гэтых культурных, моўных, геаграфічных і, нарэшце, маральных межах, неяк аўтаматычна ўсведамляем сябе часткай агромністай прасторы, дзе Далёкі Ўсход на супрацьлеглым яе баку як ніколі блізкі ў сваёй з намі адначасовасці. У бясконца раз’ядноўваючай нас, жыхароў адной краіны, далечы памкненняў, паўсядзённых дзеянняў, узаемаадносінаў, гарызонту ва ўсіх яго значэннях, з’яўляецца агульная тэрыторыя, дзе супярэчнасці свой-чужы, далёка-блізка, цуды-дзеянні, дурань-герой даўно сфарміравалі рускага чалавека, выявіўшы адну з важных, заўважаных даследчыкамі якасць — дуалізм рускай душы.
Мы спрабуем натрапіць на агульную прастору досведу. Выстава — гэта спроба вызначыць агульнае поле, большае за прапанаваную кожнаму пакаленню ідэалогію; вызначыць мару пра краіну, якую кожны носіць у сабе. Гэтае бязгучнае разуменне ў большай ступені будзе звязана з разуменнем дому, з успамінамі пра дзіцячую пляцоўку на двары; з багатай культурай, якую памятаем па тэкстах падручнікаў, малюнках з альбомаў, якія захоўваліся дома, ці паходах у музеі; з пахамі з кухні і напоўненымі жаданнем жыць святамі, што збіралі за адным сталом розныя пакаленні сям’і і сяброў. Мы даследуем ідэалагічную, гістарычную і асабістую прасторы, выяўляючы тое, што фарміруе гісторыю праз забыванне — магчыма важныя рытуалы і пункты, на якіх грамадства, што часам забывае, у чым яго адзінства, сябе пазнае. Штосьці з гэтага нам хочацца зразумець, штосьці — захаваць і перанесці ў сваю частку часу, зрабіць своечасовым — сваім у дадзеным нам часе.

«Sense of Place. Сучасная латвійская фатаграфія»

Даты: 6-15 кастрычнiка
Адкрыцце: 6 кастрычнiка, 19.00
Пляцоўка: галерэя «Ў» (Мiнск, пр. Незалежнасці, 37а)

Тры сучасныя латвійскія фатографы - Арніс Балкус, Рэйніс Хофманіс і Алніс Стакле - шукаюць знакі у латвійскім пейзажы, што характарызуюць іх родны кут. Пейзаж складаецца з прыродных і культурных элементаў ды іх узаемадзеяння. Узаемадзеянне з гэтымі элементамі можа выклікаць асаблівае адчуванне месца, якое фатографы спрабавалі выявіць у сваіх работах.
Алніс Стакле ў серыі Not Even Something фатаграфуе ўначы не пазначаныя на карце сцежкі і дарогі ў Даўгаўпілсе, другім па велічыні горадзе Латвіі; АрнісБалкус у «Латвійскіх нататках» разглядае калектыўныя рытуалы і паўсядзённыя рэчы ў правінцыйных гарадах і прыгарадах; Рэйніс Хофманіс у серыях Sale і Private цікавіцца сістэмай знакаў у пейзажы. Адначасова фатографы адлюстроўваюць складаную палітычную і эканамічную сітуацыю ў сённяшняй Латвіі. Некалькі гадоў таму Латвія пацярпела ад глыбокага фінансавага крызісу, але цяпер зноў лічыцца краінай з самым хуткім эканамічным ростам у ЕС. Пейзаж — гэта мова, якая існуе ў няспынным канфлікце паміж афіцыйнай карцінай для турыстаў і фактычнай паўсядзённай рэальнасцю, часта не закранутай глабалізацыяй. Праз элементы пейзажу фатографы паказваюць нам прастору, дзе існуюць яны самі і грамадства, гісторыю гэтай прасторы, а таксама тое, як латышы успрымаюць сябе ў сусветным кантэксце.

«Рэканструкцыя №1»

Аўтар: Аляксей Шлык
Даты: 14-25 кастрычнiка
Адкрыцце: 14 кастрычнiка, 18.00
Пляцоўка: Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (Мiнск, пр. Незалежнасці, 47)
Штодзенна ад 11.00 да 19.00, акрамя нядзелi i панядзелка



Аляксей Шлык - адзiн з яркiх прадстаўнiкоў маладой беларускай фатаграфii. У 2007 годзе Аляксей стажыраваўся ў фотастудыi Paul Howell Photography ltd., перадавой кампаніі лічбавых фотапаслуг на амерыканскім фотарынку, адкуль прывёз багаж ведаў і запал да стварэння фатаграфічных выяў традыцыйнымi спосабамi вытворчасцi, якiя значна больш працаёмкія ў параўнанні з сучаснымi лiчбавымi тэхналогiямi.

З 2009 года з’яўляецца ўдзельнікам аб’яднання Concept / Art / Confession Group, куды ўваходзяць мастакі, скульптары, куратары. Персанальныя выставы ўдзельнiкаў СAС Group адбываліся ў Пецярбургу, Маскве і Шанхаі.
Архетып - панятак, якi icнуе ў мастацтве i псiхалогii. Гэта першасная выява, арыгiнал; агульначалавечыя знакi, якія пакладзены ў грунт мiфаў, фальклору i культуры ў цэлым i пераходзяць з пакалення ў пакаленне.
Праект «Рэканструкцыя № 1» узнаўляе два архітэпічныя макракосмасы: мужчынскага і жаночага, якiя сёння часта праблематызуюцца шматпалярнасцю сучаснай культуры. Працы праекта разлічаны на  ўдумлiвага гледача, узнагародай якому стане багаты свет фактурных выяў, створаных аўтарам.
Кожная выява «Рэканструкцыi № 1» аднаўляе скончаны наратыў, якi адсылае нас да бiблейскай мiфалогii ды бiблейскiх выяў, само ж выкананне прац — срэбна-жэлацiнавы адбiтак на дубовых i кедравых дошках — указвае на iканапicную традыцыю прэзентавання дадзеных выяў, а драўняная структура робіць аб’екты на здымках фактычна адчувальнымі.

«Кунсткамера»

Аўтар: Аляксандр Веледзімовіч
Даты: 14-25 кастрычнiка
Адкрыцце: 14 кастрычнiка, 17.00
Пляцоўка: Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (Мiнск, пр. Незалежнасці, 47)
Штодзенна ад 11.00 да 19.00, акрамя нядзелi i панядзелка

Паверхня выявы — пастка для гледача. Заблукаць сярод сухіх букетаў разам з Супермэнам, Гадзілай, чырвоным канём і татам аўтара — лёгка. Дайсці да нябачнай плоскасці выявы — больш складана. У праекце «Кунсткамера» аўтар гуляе з гледачом у загадкі і шукае межы сучаснага разумення «фатаграфіі». Калі жывапіс больш рэалістычны за фатаграфію? Ці заўсёды фатаграфія кажа пра мінулае? Як сфатаграфаваць нерухомы рух? Наколькі выпадковы любы фотаздымак? Як свядомасць інтэрпрэтуе і звязвае выявы? Знаходзячы адказы на пытанні, аўтар страчвае сябе і ператвараецца ў аднаго з гледачоў кунсткамеры. Аўтар блукае сярод ідалаў, з якімі неабходна змагацца.
*Кунсткамера (ням. Kunstkammer — кабінет рарытэтаў, музей) — раней назва розных гістарычных, мастацкіх, прыродазнаўчых і іншых калекцый рарытэтаў і месца іх захавання.

Выстава дзіцячай фатаграфіі

Адкрыцце: 16 кастрычнiка, 18.30
Пляцоўка: галерэя НФК «Мінск», (г. Мінск, вул. Казлова, 2, уваход са двара)

Выстава дзіцячай фатаграфіі (фіналісты і пераможцы конкурсу фатаграфіі, арганізаванага для дзяцей сябрамі фотаклуба «Святласіла» з горада Паставы).
Фотаклуб «Святласіла» з Паставаў другі год запар праводзіць фотаконкурс для школьнікаў Пастаўскага раёна, які называецца «Свет вакол нас». Мэта конкурсу — папулярызаваць фатаграфію сярод школьнікаў. Фіналісты адзначаюцца дыпломамі і прызамі, з імі таксама праводзяцца майстар-класы па фотасправе. У гэтым годзе тэма конкурсу была больш складанай і глыбокай, чым звычайна. Арганізатары назвалі яе «Пераходны ўзрост». Гэта той самы ўзрост, калі падлетак пачынае змагацца за сваю незалежнасць, заваёўваць аўтарытэт у коле аднагодкаў. Гэта досыць імклівы пераход з дзяцінства ў дарослае жыццё. Дзяцінства заўсёды сыходзіць — за ім прыходзіць адказнасць! Менавіта гэты перыяд вельмі зацікавіў арганізатараў: каштоўнасці і прыярытэты цяперашняга пакалення, іх мары і мэты. Удзельнікам было прапанавана паказаць з дапамогай фатаграфіі, як яны бачаць навакольны свет, як яго ўспрымаюць і ў ім жывуць. Той свет, які ўжо даўно закрыты для нас, дарослых. Фінальная выстава адбылася. Ёсць цікавыя і самабытныя працы. Колькасць удзельнікаў працягвае расці. У наступным годзе збіраемся працягваць у тым жа кірунку.

Выстава фатаграфічна археалагічнай экспедыцыi
на польска-беларускае памежжа «Albom.pl»

Даты: 17-29 кастрычнiка
Адкрыцце: 17 кастрычнiка, 19.00
Пляцоўка: прастора ЦЭХ (Мiнск, пр. Незалежнасці 58, к. 6,
праход праз вул. П.Броўкі, левы пад’езд, 2 паверх
Штодня ад 10.00 да 22.00

«Гэта была археалагічная экспедыцыя, таму мы «капалі». Спачатку ў архівах і інтэрнэце, каб паглядзець, якія фатаграфічныя матэрыялы, што датычаць сямі населеных пунктаў, уключаных у праект, ужо былі сабраны да нас. Потым мы сустракаліся з жыхарамі гэтых мясцовасцей. У людзей, каторыя мелі жаданне падзяліцца з намі гісторыяй сваёй сям’і, мы капаліся ў шуфлядах, у старых скрынях з паперамі, праглядалі альбомы, якія амаль развальваліся ў руках (некаторыя з іх захаваліся падчас розных акупацый толькі дзякуючы таму, што былі закапаныя ў агародзе). Як правіла было так, што нават калі спачатку нехта не меў асаблівага жадання з намі размаўляць, то потым не мог перастаць распавядаць і не хаваў эмоцый, калі пачынаў гаварыць пра важныя, пераломныя моманты ў сваім жыцці. Найбольш глыбока мы капалі, хіба, у чалавечай памяці. Пажоўклы партрэт раптам запускаў лавіну ўспамінаў. Альбо нейкая папера з прыклееным фотаздымкам. Чыйсці ліст? Хвіліна задумы і гісторыя: «Ліст даслалі пасля смерці брата мамы, у 1950 годзе. Ён павінен быў ужо выйсці з войска,
акурат скончыў службу ў сакрэтнай базе ў Чалябінску і адбыўся няшчасны выпадак. Так напісалі нам і прыслалі яшчэ дзве пары ботаў, брытву, кальсоны – ўсё, што ад яго засталося. Бабуля ўсё жыццё спрабавала даведацца, што там адбылося, але да гэтай пары не можа знайсці ніякай інфармацыі. Відавочна, была там атамная база, праводзілі эксперыменты са зброяй – распавядае Ніна Стасюк з Камянца-Літоўскага.
Мы «рылі» таксама фізічна, на старым даху ў Кляшчэлях, дзе некалі жыў Ежы Костка, фатограф. У пілавінні мы знайшлі найвялікшае акдрыццё нашай экспедыцыі – старыя негатывы. Самыя старыя фотаздымкі, якія нам пашчасціла знайсці, паходзяць з 80-х гадоў 19 ст., а сама гісторыя фатаграфіі пачынаецца ў 1839 годзе». У экспедыцыі прымаў удзел міжнародны экіпаж: Гражына Шалкевіч, Эдвард Дмухоўскі, Рафал Сідэрскі, Гжэгаж Дамброўскі, Анджэй Пачобут, Юрка Асеннік, Магдалена Гадлеўская-Сіверская.

«Беларускі Клімат. 1996–2000»

Даты: 16-26 кастрычнiка
Адкрыцце: 20 кастрычнiка, 19.00
Пляцоўка: лофт «Балкі» (Мiнск, вул. Чапаева, 3, блок 202)

З 16 кастрычнiка - анцiкафэ «Дом Фішэра» (Мiнск, пр-т Незалежнасцi, 84A)
Мастакі прадстаўляюць своеасаблівую гульню на ўзаемадзеянне: спосаб – татальная інсталяцыя, кантэкст – замкнёная прастора без вокнаў, змест – вядомыя працы пачатку 2000- х гг. У дадзеным выпадку, стратэгія групы 1990-х гг. на выбудоўванне складаных прасторавых мультымедыйных аб’ектаў сустракаецца з досведам, магчымасцямі ўспрымання, эмацыйным станам і г.д. гледача. Дзе глядач становіцца не толькі асноўным «кампанентам» інсталяцыі, але правадыром/«спускавым механізмам» да разумення «твора». «Асноўнае, вырашальнае значэнне пры гэтым мае яе [інсталяцыі] атмасфера, аўра…» (паводле І. Кабакова). Куратар — Вольга Рыбчынская.

«Беларускi Клiмат»

Даты: 28 кастрычнiка - 8 лiстапада
Прэсс-адкрыццё: 29 кастрычнiка, 17.00
Пляцоўка: Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (Мiнск, пр. Незалежнасці, 47)
Штодзенна ад 11.00 да 19.00, акрамя нядзелi i панядзелка

Арт-група Беларускі клімат была створана 28 лістапада 1987 года ў момант першай праявы лібералізму і спроб адчуць межы сапраўднай свабоды. Доўгі час удзельнікі групы сцвярджалі фармуліроўку «фота-рок асацыяцыя», робячы акцэнт на паняцці асацыяцыя: як на калектыве аднадумцаў і на паняцця з псіхалогіі. Група займалася «хаатычнай творчасцю»: рэалізоўвала праекты ў розных кірунках візуальных і прасторавых мастацтваў – фатаграфія, жывапіс, графіка, інсталяцыя, «вуснае кіно» (вынаходніцтва групы), тэатр, хэпенінг, перформанс, канцэптуальнае мастацтва, музыка і паблік арт. Беларускі клімат – гэта ідэя сумясціць/зрушыць атракцыённасць і інтэрактыўнасць падачы са зместам.
Беларускі клімат у гэты раз рэпрадуцыруе ў прасторы галерэі зрэзы/пласты горада праз вылучэнне сярод гамагеннай паверхні мегаполіса наратывы чалавечых лёсаў, дэкарацыі і тэатральныя мізансцэны штодзённасці.
Тут выява выступае сімулякрам, знакам інфармацыйных, рытуальных, культавых, сацыяльных і культурных падзей, і ўспрымаецца ў кантэксце экспазіцыйнага шэрага і артыкуляваных каментараў аўтараў, якія прагаворваюць гісторыі, ствараючы міфы/інварыянты штодзённасці тут і цяпер, не выходзячы за межы медыярэальнасці. Такім чынам, зафіксаваныя аб’екты, людзі і падзеі ў прасторы горада ператвараюцца ў медыя паведамленні, робяцца цытатай/гіперспасылкай на рэальныя візуальна-прасторавыя выявы. Выявы, сфарміраваныя актам прысваення і інтэрпрэтацыі.
Тут у фатаграфіі няма мінулага і будучага, гэта медыя адлюстроўвае цяперашні момант, квазірэальнасць. Гарадскі трафік, твары ў метро, траўмаваныя, знявечаныя двайнікі-манекены, рытмы і штрыхкоды падземкі – выявы, што накладаюцца адзін на адно ў выніку чаго ствараюць мізансцэну для дзейства. З простага працэсу фатаграфавання, прысваення мастакі вырабляюць варыянт/інтэрпрэтацыю сучаснасці, адэкватную часу і месцу. Фатаграфія робіцца інструментам засваення штодзённасці праз фіксацыю горада, яго рытмаў, вытворчасць наратываў і персаналізацыяй – адлюстраваннем зрэзу нашай агульнай рэальнасці.

«AKOMODACJA»

Даты: 28 кастрычнiка - 8 лiстапада
Адкрыцце: 28 кастрычнiка, 17.00
Пляцоўка: Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (Мiнск, пр. Незалежнасці, 47)
Штодзенна ад 11.00 да 19.00, акрамя нядзелi i панядзелка

У экспазіцыі - фотатворы, якія зроблены педагогамі і студэнтамі Майстэрні фатаграфічнага апавядання Акадэміі мастацтваў у Варшаве: Aнтанiнай Kанапельскай, Ганнай Слівінскай, Iзай Maцюсовіч, Maгдаленай Лазарчык, Maрцінам Mаравіцкім, Maртай Meлкaрэк і Tымонам Нагальскім, лічбавы друк Прота Ярнушкевіча і Юліі Kрывіч, каляровы друк на шкле Вікторыі Вайцэхоўскай.
«Пражыванне– гэта назва выставы прац творцаў, звязаных з Майстэрняй фатаграфічнага апавядання, якой я кірую, на факультэце Мастацтва медыя Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Варшаве. Гэтая майстэрня з’яўляецца месцам дыскусій пра фатаграфію як медыўм мастацкай экспрэсіі. У рамках дзейнасці майстэрні няма месца на дыдактыку як навучанне фатаграфічным тэхнікам.
Яна [майстэрня] хутчэй з’яўляецца прасторай для развіцця мыслення, дзе дамінуе перакананне, што быць фатографам у цяперашні час – гэта не толькі тэхнічныя ўменні, але перш за ўсё спосаб аказання ўражлівай рэфлексіі, якая з’яўляецца вынікам успрымання рэчаіснасці і эмоцый, што суправаджаюць гэтае ўспрыманне…
Пад пражываннем у фатаграфіі я разумею мастацкі вынік рэакцыі творцы на знаходжанне ў новай прасторы. Незалежна ад таго, ці гэты факт узнікае ў выніку адкрыцця новых месцаў, ці спробы апісання наноў ужо вядомых сітуацый, дзе новымі з’яўляюцца толькі формы экспрэсіі, звязанай з успрыманнем аўтара. Істотнай становіцца спроба апісання, указання эмоцыі, якая ў спалучэнні з рэфлексіяй і ўважлівым назіраннем, робіць магчымым уваход творцы ў адносіны з абранай тэмай…».
Куратар выстаўкі: доктар Прот Ярнушкевіч, прафесар Акадэміі выяўленчага мастацтва
Інфармацыя будзе рэгулярна абнаўляцца і дапаўняцца.

абмеркаваць на форуме zнята