«Месяц фатаграфіі ў Мінску»: мерапрыемствы

«Месяц фатаграфіі ў Мінску»: мерапрыемствы

«Месяц фатаграфіі ў Мінску» прадстаўляе шэраг культурных і адукацыйных мерапрыемстваў, скіраваных на ўмацаванне статусу беларускай фатаграфіі як віду мастацтва і яе інстытуцыяналізацыю ў нашай краіне. Арганізатары паказваюць, што культурнае асяроддзе Беларусі адкрытае для супрацоўніцтва з суседзямі, а таксама тое, што «нам цікавыя фатаграфічныя падзеі, якія адбываюцца ў рэгіёне, у тым ліку прысвечаныя нашай краіне». Адна з задачаў фестывалю — зрабіць іх больш даступнымі для беларускага гледача.

«Месяц фатаграфіі ў Мінску»: прэмiя
«Месяц фатаграфіі ў Мінску»: пра фестываль
«Месяц фатаграфіі ў Мінску»: выставы

«Як разумець сучасную фатаграфію.
Пытанне дакументальнасці»

Дата: 2 кастрычнiка, 19.00
Фармат
: лекцыя
Спікер: Надзя Шараметава, куратар, дырэктар фонду «ФотаДэпартамент», адна з выкладчыц адукацыйнай праграмы «ФотаДэпартамент.Інстытут».
Пляцоўка: прастора ЦЭХ (Мiнск, пр. Незалежнасці 58, к. 6,
праход праз вул. П.Броўкі, левы пад’езд, 2 паверх

Здаецца, фатографы цяпер у двух «лагерах», якія не перасякаюцца. Першы дакладна ведае метады і шляхі, якімі вырашаюцца тыя ці іншыя практычныя задачы — стварыць часопісную фотагісторыю, зрабіць кнігу пра месца, горад, супольнасць, вызначыць канцэптуальную лінію (чытай — шаблон, кампаноўку ці ключ, які візуальна аб’яднае ўсе будучыя фатаграфіі), затым можна толькі мяняць герояў, месцы, набор прадметаў, дэкарацыі. Усё проста. Шлях відавочны, бо так рабілі да цябе, так сфармаваўся часопісны «фармат» ці жанравы канон «сучаснай» журналістыкі, дакументальнай і арт-фатаграфіі.
Другая група фатографаў, якія часцей называюць сябе artist (мастак), ствараюць штосьці, што бальшыні здаецца незразумелым і мала падобным на фатаграфію — кадруюць, камбінуюць, дадаюць і дэфармуюць, канструююць з адбіткаў ці ў лічбавай прасторы новую выяву, прыўносяць у яе новыя эфекты, якія імітуюць digital-асяроддзе, не баяцца спрасціць карцінку ці зрабіць яе абстрактнай дзеля чысціні канцэпцыі, будуюць штосьці ў прасторы выстаў, не здымаюць самі, а выкарыстоўваюць чужыя, знойдзеныя, архіўныя фотаздымкі. Для іх прыярытэтны не столькі сам здымак, колькі дзеянне ці водгук гледача, што ён стварае.
Насамрэч абодва «лагеры», самі таго не ведаючы, сыходзяцца ў адным пункце — у пытанні, якое цікавіць усіх практыкаў і мастакоў: якім чынам нам адчуць і паказаць стан сённяшняга дня, сённяшняга грамадства, свету і сябе ў ім? Як нам паказаць рэальнасць? Неразуменне, магчыма, упіраецца ў слова «паказваць», якім фатографы абодвух лагераў аперуюць, але разумеюць пад ім трохі розныя рэчы. Для першых прамое, «аб’ектыўнае» адлюстраванне рэчаіснасці, дакументаванне яе ў чыстым выглядзе з’яўляецца завучаным і зразумелым метадам. Для іншай лініі развіцця сучаснай фатаграфіі «паказваць» азначае выводзіць гледача на мяжу, дзе выява прарывае сваю літаральнасць і пераносіць гледача ў прастору «нідзе», дзе і адбываецца яго персанальная, глядацкая адпрацоўка, дзе ён усё разумее.
Пытанне, што стаіць сёння перад фатаграфіяй увогуле: як яна можа перавызначыць сваю дакументальнасць? Для гэтага яна пачынае выкарыстоўваць інструменты артхаўзнага кіно, бярэ штосьці з крызісу фармату часопісных публікацый, звяртаецца да тэорыі фатаграфіі і візуальных даследаванняў, да філасофіі ды гуманітарных дысцыплін, якія таксама разважаюць над гэтым пытаннем, каб знайсці новы вектар працы са сваёй асноўнай уласцівасцю — дакументаваннем рэальнасці. Ці больш правільна будзе сказаць: як фатаграфіі трэба зноў і зноў сумнявацца ў сваіх традыцыйных магчымасцях, прарываць іх, прызнаючыся ў сваёй разгубленасці, каб зноў і зноў знаходзіць шлях дэманстраваць, візуальна адлюстроўваць свой час.

Эстэтычная мяжа ваеннай фатаграфіі

Дата: 5 кастрычнiка, 19.00
Фармат: лекцыя
Спікер: Юрый Козыраў
Пляцоўка: прастора ЦЭХ (Мiнск, пр. Незалежнасці 58, к. 6,
праход праз вул. П.Броўкі, левы пад’езд, 2 паверх


Фота: Антон Сурапин
Юрый Козыраў – адзін з самых вядомых у свеце ваенных фатографаў. Здымаў у Чачні, Аўганістане, Іраку, Лівіі, Егіпце і на шматлікіх іншых войнах свету. Адзін з сузаснавальнікаў агенцтва Noor. Уладальнік шасці прэмій World Press Photo, прэміі Overseas Press Club Oliver Rebbot, узнагароды ICP Infinity, прэміі Frontline Club, прэміі Visa d’or News. Тройчы быў у журы World Press Photo.

«Беларуская фатаграфiя 1960-1990-х гадоў»

Дата: 7 кастрычнiка, 17.00
Фармат
: лекцыя
Спікер: Юрый Васiльеў, знакаміты беларускi фатограф, даследчык гісторыі фатаграфіі, заслужаны дзеяч мастацтваў
Пляцоўка: галерэя «Акадэмiя» (Мiнск, вул. Сурганава, 14)


Фота: Сяргей Мiхаленка
Гэта рэдкая магчымасць даведацца пра тое, што адбывалася ў нашай фатаграфіі ад непасрэднага ўдзельніка падзей, іх сведкі і ініцыятара.

«Латышская сучасная фатаграфiя»

Дата: 7 кастрычнiка, 19.00
Фармат
: лекцыя
Спікер: Алніс Стакле
Пляцоўка: галерэя «Ў» (Мiнск, пр. Незалежнасці, 37а)

У рамках лекцыі будзе прадстаўлены агляд творчасці некаторых з найбольш важных сучасных латышскіх фатографаў, таксама падчас дадзенай лекцыі можна будзе пазнаёміцца ​​з працамi некалькіх латышскіх фатографаў з 1970-х і 1990-х гадоў i некаторымi іншымi фатаграфічнымi працамi, якія ствараюцца ў Латвіі сёння.

Кніга «Сігізмунд Юркоўскі - фатограф з Віцебска»

Дата: 8 кастрычнiка, 18.00
Фармат
: прэзентацыя
Аўтар: Людміла Хмяльніцкая
Пляцоўка: Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (Мiнск, пр. Незалежнасці, 47)

Імя жыхара Віцебска Сігізмунда Юркоўскага (1833—1901) увайшло ў гісторыю айчыннай і сусветнай фатаграфіі. Вынаходнік «імгненнага затвора», ён, тым не менш, застаўся па-за ўвагай даследчыкаў: факты яго біяграфіі малавядомыя, а творчасці прысвечана ўсяго некалькі адзінкавых газетных і часопісных публікацый. Да змешчанага ў кнізе біяграфічнага нарыса пра фотамайстра дададзены звесткі таго часу: артыкулы Сігізмунда Юркоўскага, надрукаваныя ў пецярбургскіх часопісах «Фотограф» і «Русский фотографический журнал», а таксама яго фотаздымкі (больш за 80), якія захоўваюцца цяпер у дзяржаўных і прыватных зборах Беларусі і Расіі.

Лекцыя Марціна Пара

Дата: 9 кастрычнiка, 17.00
Пляцоўка: Гёте Iнстытут у Мiнску (Мiнск, вул. Веры Харужай, 25/3)

Марцін Пар - знакаміты брытанскі фатограф-дакументаліст, куратар і калекцыянер фотакніг. З 1994 года Пар стаў членам фатаграфічнага агенцтва Magnum. Ён вядомы сваімі сатырычнымі і антрапалагічнымі праектамі, што дакументуюць багацце, раскошу і паўсядзённае жыццё Захаду. Марцін Пар выдаў больш за 40 аўтарскіх кніг. Найбольш вядомыя праекты ўключаюць такія серыі, як «Цана жыцця» (The Cost of Living), «Маленькі свет» (Small World), «Звыклы сэнс» (Common Sence). Таксама Пар знаны дзякуючы выданню трылогіі «Фотакніга: гісторыя» (The Photobook: A History), якая ўтрымлівае больш за 1000 прыкладаў розных фотакніг з XIX стагоддзя да сённяшняга дня. На лекцыі Марцін Пар раскажа пра трансфармацыю сваёй практыкі і ключавыя тэмы, з якімі ён працуе.

Фотапраект «Сонны лес»

Дата: 10 кастрычнiка, 18.00
Фармат
: прэзентацыя
Аўтары: Аляксей Шлык і Міхаіл Лешчанка
Пляцоўка: Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (Мiнск, пр. Незалежнасці, 47)

Раней лес быў сакральным месцам. Ад яго шмат у чым залежала жыццё паселішча, вялізныя лясы давалі харч і неабходную для будоўлі і ацяплення драўніну. Дрэвам пакланяліся і звязвалі з імі вераванні, традыцыі і абрады. Зараз людзі імкліва пакідаюць сельскую мясцовасць, каб жыць у гарадах. Разам з тым чалавек усё болей прызвычайваецца да «арганізаваных», свораных наноў ландшафтаў, аддаляючыся ад чараўніцтва дзікіх пейзажаў. Аўтары праекту “Сонны лес” робяць спробу наблізіць гледача да таямніц беларускіх запаведных лясоў, сярод якіх – старажытная і амаль не кранутая чалавекам Белавежская пушча – адзін з найстаражытнейшых і магутных лясоў-напамінаў Еўропы.
«Сонны лес» – гэта не механічная фіксацыя прыгажосці ландшафту. Дзякуючы даўняй тэхніцы мокрага калодыю, што выкарыстоўваецца падчас здымак, у працах губляецца адчуванне часу. Нечаканыя артэфакты і візуальныя эфекты, якія ўзнікаюць на здымках, дадаюць ім загадкавасці і магіі. Усе фотаздымкі ствараюцца на шкле. Шкло тут выступае і як вобраз далікатнасці, нетрываласці рэшты выспаў некранутай прыроды – самастойнай, але ў той жа час залежнай формы жыцця.

Фіналісты Grand Prix Lodz Fotofestiwal

Дата: 12 кастрычнiка, 17.00
Фармат: паказ слайд-шоў
Пляцоўка: прастора ЦЭХ (Мiнск, пр. Незалежнасці 58, к. 6,
праход праз вул. П.Броўкі, левы пад’езд, 2 паверх

Grand Prix Fotofestiwal (Лодзь, Польшча) — гэта штогадовы конкурс, на якім узнагароды атрымліваюць мастакі, якія выказваюць цэласныя ідэі і смелыя погляды, а таксама выдатна валодаюць тэхнікай фатаграфавання і свядома выкарыстоўваюць мову фатаграфіі. Фармат конкурсу адкрыты, у ім няма тэматычных, узроставых альбо геаграфічных абмежаванняў.  У гэтым годзе было абрана 10 фіналістаў:
Мішэль Ле Бэльом, The Blind Beast (Францыя)
Антуан Бру, Scrublands (Францыя)
Алена Чарнышова, Days of Night — Nights of Day (Расія/Францыя)
Дэвід Фаўрод, Gaijin (Японія/Швейцарыя)
Кірыл Галаўчэнка, Bitter Honeydew (Украіна/Германія)
Мары Юдэло, The Legacy (Францыя)
Адам Лях, Stigma (Польшча)
Агнешка Райс, No Man’s Land (Польшча)
Марлаус Ван дэр Слот, Le corps Vecu (Нідэрланды)
Жэньхуэй Чжао, A Guide to the Flora and Fauna of the World (Сінгапур)
Пераможца Grand Prix Fotofestiwal 2014 - Дэвід Фаўрод з праектам Gaijin.

«Comfort zone is a bad place to be in»

Дата: 18 кастрычнiка, 17.00
Фармат
: лекцыя
Спікер: Мацэк Набрдалик
Пляцоўка: прастора ЦЭХ (Мiнск, пр. Незалежнасці 58, к. 6,
праход праз вул. П.Броўкі, левы пад’езд, 2 паверх

«У гэтай лекцыі на падставе свайго ​​ўласнага досведу я буду аналізаваць працэс думкі фатографа, які не хоча патануць сярод мільёнаў выяў, што атачаюць нас кожны дзень. Акрамя таго, я паспрабую адказаць на пытанне пра тое, наколькі сёння важны асабісты стыль у фатаграфіі. Якая цяпер роля ў фатографаў? І як знайсці сябе ў свеце, які ўжо быў падрабязна апісаны ў фатаграфіях?».

«Незваротнае» / кнiга Мацэка Набрдаліка

Дата: 19 кастрычнiка, 15.00
Фармат
: прэзентацыя
Спікер: Мацэк Набрдалик
Пляцоўка: прастора ЦЭХ (Мiнск, пр. Незалежнасці 58, к. 6,
праход праз вул. П.Броўкі, левы пад’езд, 2 паверх

Кніга «Незваротнае» змяшчае партрэты тых, хто выжыў у нямецкіх нацысцкіх лагерах. Гэта занатоўванне сустрэч тварам да твару з досведам, думкамі і пачуццямі галоўных герояў кнігі.
Агнешка і Мацэк Набрдалік пачалі праект у 2009 годзе, пасля адной са сваіх паездак у музей Аўшвіц-Біркенаў. Каля брамы яны ўбачылі некралог, у якім было напісана пра смерць былога вязня. На наступны дзень там быў яшчэ адзін некралог. У гэты момант яны зразумелі, што з’яўляюцца апошнім пакаленнем, якое можа падысці да тых, хто перажыў усё гэта, пагутарыць з імі ды задаць пытанні. Так яны і зрабілі. Яны праехалі больш за 80 000 кіламетраў, каб сустрэцца з усімі сваімі суразмоўцамі, і запісалі больш за 100 гадзін матэрыялу. Аўтары сустрэліся з людзьмі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў — часта зусім не падобных адзін да аднаго.
Кніга «Незваротнае», у якой змешчаны сорак два партрэты і інтэрв’ю, была апублікаваная ў верасні 2013 года. Паказаныя ў серыі партрэтаў кнігі «Незваротнае» былыя зняволеныя не раз казалі, што ў лагеры можна было забыцца на сваё імя, але не на нумар, які быў новым нечалавечым метадам ідэнтыфікацыі, пазбаўленым усялякага духоўнага пачатку. Стыль гэтых партрэтаў адкідае безасабовы тон нацысцкай статыстыкі. Надзвычайная безыменнасць ахвяр, лічбы, якія паўтараюцца ў гістарычных справаздачах, а таксама працяглыя дэбаты пра тое, як шмат людзей на самой справе загінула, пазбаўляюць зняволеных усялякай індывідуальнасці. Мэтай гэтага праекта было вярнуць іх твары і паказаць маленькую частку таго, што яны здолелі выратаваць насуперак жорсткасці і прыніжэньню. Фотаздымкі былі зробленыя ў іх дамах, падчас шчырай гутаркі, калі ўспаміны пра перажытае выклікалі ў былых вязняў моцныя пачуцці.
Гледзячы на гэтыя фотаздымкі, можна адчуць, што суразмоўцы перанесліся ў тыя змрочныя месцы. Аповеды зняволеных служаць каментарамі да фатаграфій. Яны не падобныя да гістарычных справаздач з лагераў, але замест гэтага з’яўляюцца адлюстраваннем разважанняў цяперашняга часу. Праз столькі гадоў зняволеныя спрабуюць зразумець прычыны іх уласнага выжывання, але адказ на пытанне «Чаму я?» не заўсёды можна знайсці. Усе яны прыйшлі да адной высновы: тыя падзеі пакінулі ў іх душах глыбокі след, і кожны, хто выжыў, мусіць асабіста працаваць са сваёй траўмай.

Фіналісты XIX фестывалю Voiеs Off

Дата: 19 кастрычнiка, 17.00
Фармат
: паказ
Пляцоўка: прастора ЦЭХ (Мiнск, пр. Незалежнасці 58, к. 6,
праход праз вул. П.Броўкі, левы пад’езд, 2 паверх

Кожны год у Арлі праходзіць фатаграфічны фестываль Rencontres, які ператварае ўвесь горад у экспазіцыйную пляцоўку і прадстаўляе праекты знакамітых фатографаў. Voies Off прапануе альтэрнатыўную паралельную праграму фестывалю, даючы прастору маладым фатографам. Праграма Voies Off Festival складаецца з тыдня выстаў, сустрэч, партфоліа-рэв’ю ды іншых мерапрыемстваў, аднак самай значнай падзеяй з’яўляюцца начныя дэманстрацыі праектаў маладых фатографаў. З больш як тысячы дасланых заявак выбіраюцца ўсяго шэсцьдзесят. Журы Voies Off выбірае пераможцу фестывалю, праект якога разам з шасцю іншымі фіналістамі прадстаўляецца публіцы ў апошнюю ноч дэманстрацый. Такія арганізацыі, як The SAIF Discovery Award і Lacritique.org, таксама выбіраюць сваіх пераможцаў з ліку ўдзельнікаў. Voies Off прадстаўляе ў Мінску праекцыі шасці фіналістаў 2014 года і пераможцаў, якімі сталі Henk Wildschut з яго серыяй Food, Eugeni Gay Marin з серыяй From Quantum Island і Carlos Spottorno з серыяй The pigs.

Мультымедыйные працы агенства Panos Pictures

Дата: 22 кастрычнiка, 19.00
Фармат
: прэдпаказ
Пляцоўка: прастора ЦЭХ (Мiнск, пр. Незалежнасці 58, к. 6,
праход праз вул. П.Броўкі, левы пад’езд, 2 паверх

«Рулет» — гэта афлайн кірунак праекту Mediacrowd, які прадстаўляе шырокай аўдыторыі аўтараў, што працуюць з новымі формамі візуальнага апавядання. Мультымедыя – новы трэнд у працы дакументалістаў, від журналістыкі, у якой спалучаюцца фотаздымкі, відэа, гук, тэкст і іншыя медыя. У параўнанні з традыцыйнымі дакументальнымі формамі, мультымедыя дазваляе лепш раскрыць тэму і данесці яе да гледача.
Panos Pictures – фотаагенцтва, якое спецыялізуецца на асвятленні сацыяльных пытанняў сусветнай значнасці і робіць стаўку на творчае бачанне і самааддачу сваіх фатографаў і супрацоўнікаў. «Мы лічым, што фатаграфія – гэта нешта большае за выявы на старонцы, і таму ўдзельнічаем ва ўсіх відах візуальнай камунікацыі і праводзім выставы, ствараем мультымедыя і відэа, а таксама працуем над доўгатэрміновымі дакументальнымі праектамі. Нам мала быць проста сведкамі нейкіх падзей, таму фатографы Panos шукаюць гісторыі, якім можна даць інтэрпрэтацыю, а не проста запісаць іх. Мы не баімся заняць пазіцыю ў адносінах да бягучых падзеяў або сучасных праблем і прапануем такі пункт гледжання, якія кідае выклік агульнапрынятым меркаванням. Фатографы Panos дапамагаюць зразумець і ўсвядоміць далікатнасць і этычныя аспекты пытанняў і сфер, якія яны дакументуюць».

Фотапраект «Цюльпаны»

Дата: 23 кастрычнiка, 19.00
Фармат: прэзентацыя
Аўтар: Эндру Мікшыс
Пляцоўка: галерэя «Ў» (Мiнск, пр. Незалежнасці, 37а)

На працягу пяці гадоў Эндру Мікшыс ездзіў у Беларусь, каб фатаграфаваць нацыянальныя святы - ад Першамая і Дня Перамогі да Радаўніцы і Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. Яго кніга «Цюльпаны» выйдзе з друку ў выдавецтве ARÖK Books на пачатку 2015 года. Тэкст да кнігі падрыхтаваны гісторыкам Лайманасам Брыедзісам.
«Фатограф Эндру Мікшыс, дасведчаны падарожнік, адважваецца прыехаць у вясновую Беларусь і паглядзець на яе вачыма чараўніка. Ён добра ведае гэтую мясцовасць: далёкі афіцыёз і кола блізкіх людзей, публічнае і прыватнае, адкрытае і таемнае, цынічнае і добразычлівае, адзначанае і адрынутае, зіму і лета, рызыкоўную будучыню і недахоп надзеі. У пошуках нейкай прасторы паміж усім гэтым ён будуе свой маршрут як канцэптуальны трук, ідучы за ідэалагічнымі формуламі і спадзеючыся знайсці людскую карціну свету. Такім чынам, яго фатаграфіі — гэта не столькі занатаванне Беларусі ў квецені — архіў афіцыйнага святкавання, — але дыярама адзіноты ў гэтым святкаванні. Гэтае неверагоднае выкрыццё, пададзенае ў элегічных колерах, выяўляе Беларусь у яе раз’яднанасці. Аднак у сваіх фотаздымках нацыянальных святаў Мікшыс адкрывае не толькі раз’яднаную сутнасць Беларусі або яе, так бы мовіць, раздваенне асобы, але таксама паказвае дваістую рэчаіснасць краіны.
Сучасную Беларусь можна апісаць пры дапамозе аднаго слова: білакацыя. Гэта значыць, здольнасць з’яўляцца ў двух месцах адначасова. Білакацыя звычайна сустракаецца ў рэлігійным, асабліва хрысціянскім, містыцызме, дзе яна, як правіла, сведчыць пра дзеі праведнасці. Але гэта таксама маркер чорнай магіі: традыцыйна вядзьмарак вінавацілі ў тым, што іх бачылі ў двух месцах адначасова, што было доказам іх сатанінскай моцы. Сцісла, білакацыя — гэта надзвычайны стан, які заўсёды патрабуе пільнай праверкі прысутнасці. Ніводзін сведка не можа даць дакладнага сведчання ў выпадку білакацыі. Мікшыс, аднак, здолеў ухапіць дваістую рэчаіснасць Беларусі, проста сфакусаваўшыся на паўсядзённым у межах святочнага».
Эндру Мікшыс нарадзіўся ў 1969 годзе ў Сіэтле (ЗША). У цяперашні час ён жыве і працуе паміж Сіэтлам і Вільнюсам (Літва).

Iнтэрнэт-часопic IMBALANCE

Дата: 25 кастрычнiка, 19.00
Фармат: прэзентацыя
Пляцоўка: прастора ЦЭХ (Мiнск, пр. Незалежнасці 58, к. 6,
праход праз вул. П.Броўкі, левы пад’езд, 2 паверх

IMBALANCE – інтэрнэт-часопіс аб сучаснай белорусcкой арт і дакументальнай фатаграфіі, яго мэта - пошук і падтрымка маладых беларускіх аўтараў, наданне бачнасці іх праектам. Кожны выпуск аб’яднаны адной тэмай, у рамках якой праз фатаграфіі, эсэ і інтэрв’ю з аўтарамі мы даследуем мяжу дакументальнага і мастацкага, факта і выдумкі, магчымасці і абмежаванні фатаграфіі як сучаснага медыума. Часопіс выходзіць 4 разы ў год на рускай, беларускай і англійскай мовах. На прэзентацыі будзе прадстаўлены трэці выпуск, тэма якога «Правінцыя».

Пераможцы конкурсу World Press Photo Multimedia 2014

Дата: 26 кастрычнiка, 17.00
Фармат: паказ мультымедыа
Пляцоўка: прастора ЦЭХ (Мiнск, пр. Незалежнасці 58, к. 6,
праход праз вул. П.Броўкі, левы пад’езд, 2 паверх

Фонд World Press Photo праводзіць вядучы міжнародны конкурс у візуальнай журналістыцы. Ён ставіць перад сабой задачу падтрымліваць і прасоўваць высокія стандарты ў фотажурналістыцы і дакументальнай фатаграфіі ва ўсім свеце.
Першае месца. Short Feature
Staff Riding (Язда на падножцы)
Марка Казіна
«Язда на падножцы» — так на мясцовым слэнгу называюць «сёрфінг» на цягніках, гэтую шырока распаўсюджаную ў Паўднёвай Афрыцы з’яву. Пераважная большасць «сёрфераў» маладзейшая за 25 гадоў. Захапленне гэтае вельмі небяспечнае і часцяком прыводзіць да ампутацыі канечнасцяў і нават смерці. Ва ўмовах, калі пануюць гвалт, злоўжыванне алкаголем і наркотыкамі, страшная галеча і СНІД, «сёрфінг» на цягніках сімвалізуе імкненне да сацыяльнага вызвалення, якога героі гэтай гісторыі ніколі не змогуць дасягнуць.
Першае месца. Long Feature
Witnessing Gezi (Гезі сваімі вачыма)
Эмін Озмен
Фільм «Гезі сваімі вачыма» створаны па матэрыялах фотажурналіста Эміна Озмена, які быў сведкам пратэстаў супраць горадабудаўнічага плана для парка Таксім-Гезі ў Стамбуле. Наступныя пратэсты атрымалі падтрымку па ўсёй Турцыі і ператварыліся ў рух супраціву, які атрымаў вялікае значэнне для краіны. Фільм «Гезі сваімі вачыма» паказвае чалавечы аспект гэтага грамадзянскага супраціву, які стаў падзеяй выключнай важнасці ў Турцыі за апошнія 30 гадоў.
Першае месца. Interactive Documentary
A Short History of the Highrise
(Кароткая гісторыя шматпавярховіка)

Кацярына Чыжэк
«Кароткая гісторыя шматпавярховіка» — інтэрактыўны дакументальны матэрыял, які даследуе 2500-гадовую сусветную гісторыю жыцця жыцця ў шматкватэрных і вывучае пытанне сацыяльнай роўнасці ва ўмовах усё больш урбанізаванага свету. Цэнтральнае месца ў праекце займаюць чатыры кароткаметражныя фільмы. Інтэрактыўныя элементы аб’ядноўваюць гэтыя фільмы і, раскладаючыся, быццам візуальны гармонік, дазваляюць гледачам глыбей пагрузіцца ў тэмы праекта пры дапамозе дадатковых архіўных матэрыялаў, тэксту і мікрагульняў.

Праект «МЫ»

Даты: 28 кастрычніка - 4 лістапада
Месца: гарадскі трамвай №1, вагон № 118
Расклад руху гарадскога: 6.14-10.13 і 15.11-19.25

Праект «МЫ» — гэта аповед двух фатографаў, бацькі і сына, пра сваю краіну, якая зусім нядаўна атрымала незалежнасць. Гэта погляд двух розных пакаленняў адной сям’і на толькі што створаную дзяржаву. Мы — гэта множнасць, слова неперсаніфікаванае. Нельга сказаць «Я — народ», слушна казаць «Мы — народ», нельга сказаць «Я — сям’я», але можна сказаць «Мы — сям’я». У гэтым праекце існуе спроба паказаць, што, нягледзячы на розніцу поглядаў, статусаў, узростаў, мы — адзіны самабытны народ. Фатаграфіі стужкавай эпохі 80-90-х гадоў Сяргея Брушко размяшчаюцца разам з лічбавымі каляровымі фатаграфіямі Дзмітрыя Брушко, дэманструючы розніцу не толькі ў пакаленнях, але і ў тэхналогіях, і ў тэмпе жыцця. Часта для таго, каб убачыць розніцу паміж мінулым і цяперашнім, неабходна візуальна супаставіць дзве карцінкі: да і пасля. Праект «МЫ» — гэта супастаўленне поглядаў бацькі і сына. Два чалавекі з адной сям’і, якія вучыліся і выраслі ў розных эпохах і ў розных краінах, спрабуюць параўнаць свае погляды праз сістэмы сваіх каштоўнасцяў. Нягледзячы на тое, што абодва аўтары працавалі фотакарэспандэнтамі друкаваных выданняў, у праекце няма фатаграфій, якія мелі б дачыненне да навінавай журналістыкі. Час ліхіх 90-х у гістарычным плане можна параўнаць з першым эксперыментальным выездам новага трамвая з дэпо. Яшчэ ёсць шмат дробных недапрацовак, ён яшчэ не даведзены да ладу. Але трамвай ужо выехаў за браму і едзе па маршруце. Пазней трамвай будзе кожны дзень рабіць свой рэйс па горадзе і з кожным выездам пазбаўляцца буйных і дробных недапрацовак, мадэрнізавацца. Таксама, як і гэты трамвай, кожны дзень мы будзем прачынацца і мяняць цяперашняе і будучыню вакол нас. Часам прымаць правільныя рашэнні, а часам рабіць малыя і вялікія памылкі, якія самі ж і будзем выпраўляць, паступова будуючы сваю ўласную краіну.
Сяргей БРУШКО
Нарадзіўся ў 1958 годзе ў пасёлку Гарадзея Мінскай вобласці.
Памёр у 2000 годзе.
Дзмітрый БРУШКО
Нарадзіўся ў 1981 годзе ў Салігорску. Жыве і працуе ў Мінску.

«Даеш фатаграфію!».
З гісторыі фатаграфіі ў Беларусі

Дата: 29 кастрычнiка, 19.00
Фармат: лекцыя
Спікер: Надзея Саўчанка
Пляцоўка: прастора ЦЭХ (Мiнск, пр. Незалежнасці 58, к. 6,
праход праз вул. П.Броўкі, левы пад’езд, 2 паверх


Вокладка iлюстраванага часопiса «Чырвоная Беларусь», 1932 г.
З калекцыi Нацыянальнага гiстарычнага музея Рэспублiкi Беларусь
У лекцыі апавядаецца пра асноўныя напрамкі развіцця фатаграфіі ў Савецкай Беларусі ў міжваенны перыяд.
Асноўныя пытанні, якія будуць закрануты:
Перыядызацыя.
Фотамайстры і фотаатэлье.
Фатаграфічная адукацыя.
Фатаграфічныя часопісы і выставы.
Фотааматарскі рух.
Лекцыя суправаджаецца багатым ілюстрацыйным матэрыялам.

«Этыка і паэтыка імгенння (смерці)»

Дата: 30 кастрычнiка, 19.00
Фармат: лекцыя
Спікер: Альмiра Усманава
Пляцоўка: прастора ЦЭХ (Мiнск, пр. Незалежнасці 58, к. 6,
праход праз вул. П.Броўкі, левы пад’езд, 2 паверх


Фота: Аляксандр Васюковіч
Фатаграфія непарыўна звязаная з тэмай смерці: іх аб’ядноўвае прысуд імгення, незваротнасць адбытага і непазбежнае перажыванне страты. Архівы гісторыі захоўваюць мноства слядоў і сведчанняў гэтай пакутлівай блізкасці. Пры гэтым уласна ваенная фатаграфія — не адзіны жанр, які адлюстроўвае смерць і пратакалюе пакуты: прыцэльны позірк фатографа фіксуе не толькі ваенныя злачынствы, але таксама мноства штодзённых стратаў і часам «нагадвае» нам пра тое, што жыццё (пасля-) можа аказацца страшнейшым за смерць. І калі мы схільныя думаць, што трагедыя неўяўляльная, бязвобразная, то фатаграфія даказвае адваротнае, надаючы «форму» смерці і міжвольна яе паэтызуючы.
Фатограф, што здымае смерць, таксама асуджаны на пакуту, але пры гэтым ваенныя фатографы заўжды былі пад падазрэннем — ці то гераічныя рамантыкі, ці то ананімныя выканаўцы, што ўсяго толькі адпрацоўваюць руцінную замову рэпрэсіўных апаратаў улады. Аднак «благая слава» нярэдка налучае і даследчыкаў, якіх цікавіць праца медыюма: траўматычны рэферэнт злавеснай фатаграфіі накладае табу на пытанне пра Форму (калі мець на ўвазе, што фатаграфія — насуперак усяму — не толькі дакумент, але і эстэтычны феномен). Не менш праблематычнай у этычным сэнсе аказваецца і пазіцыя гледача: камера, што занатоўвае апошняе імгенне чыйгосці жыцця ці ператварае ўжо знерухомленае цела ў ганебны аб’ект для разглядання, з лёгкасцю «пазычае» забойчы погляд, робіць гледача не сведкам і не відавочцам, а саўдзельнікам, які мімаволі апынуўся на месцы злачынства або трагедыі.
Вяртаючыся да некаторых тэкстаў Вірджыніі Вульф, Сьюзан Зонтаг, Жоржа Дзідзі-Юбермана і Алена Флейшэра, у сваёй лекцыі я хацела б акрэсліць кола даследчыцкіх пытанняў, што тычацца этыкі і паэтыкі апошняга імгнення, фатаграфіі ды межаў рэпрэзентацыі, а таксама праблемы выкарыстання «архіваў смерці» ў гістарычным даследаванні.

Пасля лекцыі адбудзецца сустрэча з дзвума фотажурналiстамi, Аляксандрам Васюковічам і Васілём Фядосенка, якія прадставяць свае апошнія праекты, раскажуць аб працэсе іх стварэння і падзеляцца асаблівасцямі працы ў палявых умовах.

***
Сайт фестывалю
Інфармацыя будзе рэгулярна абнаўляцца і дапаўняцца.
абмеркаваць на форуме zнята