Ад аўтара: «Вобразы сучаснасці з затухаючымі адгалоскамі мінулага імгненна ўзнікаюць і паскорана адыходзяць у нябыт, вызваляючы месца новым вобразам у грамадска-культурнай прасторы. Што кажуць яны нам у штодзённасці нашага існавання? Які іх уплыў на наша светаўяўленне?
Янак Коўзель.
Нарадзіўся ў 1985 годзе ў Менску. У 2008 годзе скончыў біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, у 2014 - аспірантуру ўніверсітэта Мюнстэра (Нямеччына). Працуе навуковым супрацоўнікам у адным з навукова-даследчых інстытутаў. Фатограф-аматар, фатаграфіяй займаецца ў вольны ад працы час.
«Персанальная выстава «Дакрананне» - двайны дэбют. Для для мяне, як арганізатара фатаграфічнага адукацыйнага праекта і Янака Коўзеля, яго ўдзельніка. Мае ўзаемадзеянне з маладымі фатографамі ў сілу абставінаў было не «занадта цесным». Аднак гэта не перашкодзіла некаторым з іх назапасіць за гэты час цікавы творчы прадукт. Так як працаздольнасць і ўзровень майстэрства ўдзельнікаў занадта розны, я прыняла рашэнне не праводзіць калектыўную справаздачу. І ўсю сваю ўвагу сканцэнтравала на самых актыўных аўтарах. Выставачны праект «Дакрананне» - першая з серыі выстаў маіх выхаванцаў.
Японія… У прадстаўленні чалавека, выхаванага на заходняй культуры, Японія - суцэльная экзотыка. А як жа? Самураі, гейшы, сумаісты, святая Фудзісан, квітнеючая сакура і свята любавання першым снегам... Здаецца, што прырода наўмысна стварыла гэтыя выспы як нейкі маленькі свет, аддзелены і незалежны ад іншых, зрабіўшы іх цяжкадаступнымі і надзяліўшы ўсім тым, што неабходна для таго, каб жыццё іх насельнікаў было і цудоўным, і прыемным, а таксама дазваляла ім існаваць аўтаномна…
Для аматараў фатаграфіі Японія - вельмі фатаграфічная краіна. Бо самыя папулярныя брэнды Nikon і Cаnon былі створаны менавіта яе таленавітымі інжынерамі… Янак Коўзель не пайшоў простым шляхам, робячы travel-фатаграфію, як звычайны турыст, тым больш, што яму ўдалася там крыху пажыць. Ён iмкнуўся паказаць жыццё людзей у гарадскім асяроддзі, заўважаючы незвычайныя моманты і аб'екты. Гэта яшчэ не жанр, але і ўжо не проста дакументальная фіксацыя жыцця гараджан. Спадзяюся, што гэты праект стане адпраўной кропкай у творчай біяграфіі маладога фатографа. Пажадаем яму далейшых поспехаў і новых цікавых вандровак».Алена Шалiма, куратарАдкрыцце: 24 лютага, 18.00