«АльбоМы» / фотавыстава Аляксандры Бернштэйн

«АльбоМы» / фотавыстава Аляксандры Бернштэйн

19 лютага 2015 года а 17-ай гадзіне ў малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва адбудзецца адкрыццё персанальнай выстаўкі Аляксандры Бернштэйн «АльбоМы».

Фатаграфічны праект «АльбоМы» Аляксандры Бернштэйн уяўляе сабою погляд маладога сучаснага чалавека на рэчаіснасць, якая яго абкружае. Фрагментарныя і штодзённыя замалёўкі з паўсядзённага жыцця, выкананыя ў так званай аматарскай манеры (snapshot aesthetics), набываюць эстэтычную каштоўнасць праз погляд фатографа. Пазней прадстаўленыя ў выставачнай прасторы фотаздымкі групіруюцца ў асобныя тэматычныя фотаальбомы і фарміруюць, тым самым, прасторавую інсталяцыю. У экспазіцыю ўвайдуць больш за 150 фатаграфій, знятых на стужку.

Падыход Аляксандры ў рабоце з фатаграфічным матэрыялам адрозніваецца ад прынятых сучасных тэндэнцый, калі завершаны фатаграфічны праект выбудоўваецца вакол адной аўтарскай (канцэптуальнай) ідэі ці аўтарскага выказвання. Наадварот, метад Бернштэйн – гэта «серфінг» па візуальнай паверхні штодзённасці, калі фатаграфічны кадр складаецца з банальных аб'ектаў і звыклых мізансцэн жыцця, якія прывабліваюць увагу аўтара (вось дворнік падмятае вуліцу, жанчына есць фастфуд і г.д.). «Фатограф – гэта пасрэднік, праз якога існуючае ў рэальнасці ператвараецца ў твор», – гаворыць Аляксандра ў сваім уступным тэксце да выстаўкі. Тым самым, па-просту паказвае на пераемнасць творчага падыходу ад яе бацькі, вядомага мастака «новай хвалі» Ігара Корзуна (Міцёк з арт-групы «Беларускі Клімат»).

Аляксандра таксама займаецца жывапісам, керамікай – у 2013 годзе выстаўляла свае жывапісныя работы ў бары «Лондан», удзельнічала ў выстаўцы «Мутуалiстычныя стасункi» у 2014-м (галерэя сучаснага мастацтва «Ў», Мінск). Фатаграфічны праект Аляксандры пра Мінск быў апублікаваны на старонках папулярнага інтэрнэт-партала Сitydog.by.
Аляксандра Бернштэйн нарадзілася ў 1992 годзе ў Мінску, вышэйшую адукацыю атрымлівала ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а таксама ў Літве (аддзяленне дызайну і візуальнай культуры).
Адкрыцце: 19 лютага, 17.00
Працягнецца: да 7 сакавiка 2015 года
Месца: Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (Мiнск, пр. Незалежнасці, 47)
Працуе: штодзенна, 11.00-19.00
акрамя нядзелi i панядзелка
абмеркаваць на форуме zнята