«Мінск. Нонканфармізм 1980-х» / выставачны праект-дакумент

«Мінск. Нонканфармізм 1980-х» / выставачны праект-дакумент

Апошнім часам у беларускім (не)афіцыйным культурным дыскурсе ўсё часцей закранаецца феномен «беларускага авангарду». Неаднаразова праводзіліся калектыўныя і персанальныя выставы мастакоў таго часу (Адама Глобуса, Аляксея Жданава, Валера Песіна, Людмілы Русавай, Віталя Чарнабрысава, Генадзя Хацкевіча ды інш.), а некалькі гадоў таму ў «Калекцыі пАРТызана» выйшаў альбом «Беларускі авангард 1980-х», што застаецца фактычна адзіным дакументам, у якім зробленая спроба задакументаваць гэтую з’яву.

Што гэта быў за час? Кім былі яго ключавыя фігуры, і як гэтыя мастакі выжывалі і працавалі насуперак абставінам? На каго яны абапіраліся і каму адрасавалі свае маніфесты? Як разумелася мастацтва, і чаму менавіта яно зрабілася прастораю для жэсту свабоднага чалавека? Нарэшце, чаму авангард і чаму (дагэтуль) у андэграўндзе? Паўнавартасна на гэтыя ды іншыя пытанні яшчэ трэба будзе адказаць: гэты ўнікальны для беларускай культуры перыяд не апісаны і не вывучаны, а яго архіў па-ранейшаму існуе ў выглядзе разрозненых артэфактаў, якія захоўваюцца ў кватэрах мастакоў.

Выстава-дакумент «Мінск. Нонканфармізм 1980-х» — гэта яшчэ адзін зварот да гэтай з’явы і прэзентацыя яе не праз працы мастакоў, а праз артэфакты, дакументы і гісторыі, якія могуць перадаць і апісаць атмасферу тых часоў. Але «Мінск. Нонканфармізм 1980-х» — гэта і не выстава-ўспамін або настальгія. У першую чаргу мы звяртаемся да маладой генерацыі, якая не ведае або фрагментарна ўяўляе сабе тую эпоху. Падзеі, што адбываліся тады, наўпрост ці ўскосна звязаныя не толькі з сучаснымі мастацкімі працэсамі ў Беларусі. У тым часе, шмат у чым рэвалюцыйным і вызначальным, можна і трэба шукаць адказы на многія пытанні, якія хвалююць тых, хто спрабуе сёння зразумець прастору, у якой жыве, і сваё месца ў ёй.
«Чыталі мы ў кніжках пра свабоду, а жылі паводле ранжыру. І было нам сумна, што нават на натуральнае чалавечае права быць самім сабой у нас няма права. Як казаў А. Платонаў, народ можа жыць, але яму нельга. Мы гадамі тужылі і чакалі, марылі, песцілі і любілі свабоду, і за ўсё гэта нас відавочна не любілі тыя, каму без свабоды жыць прывольней. Здавалася, так жыццё і пройдзе ў марах і жалі, у працах нікім не прызнаных, акрамя нешматлікіх сяброў. І вось нарэшце зрабілася і нам хоць трохі жыць можна... На афіцыйных выставах дзень учарашні, на такіх — сённяшні, і заўтрашні, і паслязаўтрашні. Як жа ёй не радавацца! Вядома, радасна і за мастакоў, што вось далі ім нарэшце шанец, і за сябе радасна: можа, сапраўды меншасці будзе дазволена дыхаць паўнапраўна, а не так, нібыта яна штосьці адбірае ў большасці і нечым вельмі ёй перашкаджае. Вітаю выставу і яе аўтараў, дзякую за радасць і надзею. Л. Чарнышова».
З кнігі водгукаў да выставы «На Калектарнай», верасень 1987 года
Выстава «Мінск. Нонканфармізм 1980-х» будзе своеасаблівым адказам на выставу «Геніяльныя дзілетанты», прысвечаную авангардным субкультурам 1980-х гадоў у Германіі, што будзе дэманстравацца з 23 красавіка ў Цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску.
Прэзентацыі і кінапаказы
Пачатак усіх мерапрыемстваў - 19.00
28 красавіка (аўторак) – прэзентацыя каталога Ігара Саўчанкі з «Калекцыі пАРТызана».
Паказ фільма і размова з Ігарам Саўчанкам.
29 красавіка (серада) – выступ Дзмітрыя Плакса (Беларусь/Швецыя) і Філіпа Чмыра.
Размова пра «Беларускі клімат». Супольна з Саюзам беларускіх пісьменнікаў.
2 траўня (субота) – сімпозіум «Мадэль для зборкі: канструюючы нацыянальную гісторыю мастацтва»*.
Куратар – Аляксей Барысёнак.

5 траўня
(аўторак) – прэзентацыя каталога Аляксея Жданава з «Калекцыі пАРТызана».
Чытанне вершаў і ўспамінаў Наталлі Татур, паказ архіўнага фільма пра А. Жданава. Вядоўца – Дзмітры Строцаў.
6 траўня (серада) – вечар «Беларускага клімату» з удзелам Дзмітрыя Строцава і прадстаўнікоў арт-групы «Беларускі клімат».
Чытанне вершаў, жывы акампанемент, паказ фільма пра канцэрт «Беларускага клімату" з першым бодзі-артам на сцэне.
7 траўня (чацверг) – прэзентацыя каталога Людмілы Русавай з «Калекцыі пАРТызана». Паказ унікальных хронік.
Выступ Ірыны Ануфрыевай (Беларусь/Швецыя) разам з музыкамі Улляй Нарэліюс і Сёрэнам Рунальфам (Швецыя) –
перформанс-прысвячэнне Людміле Русавай.
* Каб даведацца пра час правядзення сімпозіуму і ўмовы ўдзелу, сачыце за навінамі на partisanmag.by і kalektar.org.
***
Куратар: Артур Клінаў
Сакуратары: Таня Арцімовіч, Аляксей Барысёнак
З архіваў: Вольгі Архіпавай, Адама Глобуса, Гузэль Заляевай, Артура Клінава, Юрыя Ігрушы, Сяргея Кірушчанкі,
Ігара Корзуна, Уладзіміра Парфянка, Андрэя Плясанава, сям'і Сурскіх, Дзмітрыя Строцава,
Аляксандра Угляніцы, Віталя Чарнабрысава

Адкрыццё: 22 красавіка, 19:00
Выстава працуе: да 10 траўня 2015 года
Месца: галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (Мiнск, пр-т Незалежнасцi, 37а)

абмеркаваць на форуме zнята