Праграмма
Увага! Праграма можа змяняцца і дапаўняцца. Сачыце за абнаўленнямі на сайце фестывалю.
Выстава «Рэальны свет». Марцін Пар і Рымальдас Вікшрайціс
Дата: 24 верасня - 18 кастрычiка
Месца: галерэя «Ў» (Мiнск, пр. Незалежнасцi, 37а)
Упершыню шляхі гэтых двух фатографаў перасякліся ў 2009 годзе падчас еўрапейскага фестывалю фота Rencontres d’Arles. На гэтым фестывалі Вікшрайціс, намінаваны славутым брытанскім фатографам Марцінам Парам, атрымаў прэмію «Адкрыццё года». Марцін Пар распачаў міжнародную кар’еру фатографа з выставы ў Арлі ў 1986 годзе. Лучаць гэтых мастакоў і спецыфічныя рысы іх творчасці. Абодва аўтары адкрытыя свету вакол сябе і ахвотна паказваюць трагікамічныя бакі нашага жыцця. Толькі адзін знаходзіць іх у глабалізаваным свеце, а другі — у невялікім правінцыйным гарадку.І на фотаздымках Марціна Пара, і ў фотагісторыях Рымальдаса Вікшрайціса можна ўбачыць шакуючыя крайнасці гратэску, выяўленне дзіўных форм, якія яны абіраюць, сімвалы і незвычайныя перспектывы. Ва ўсіх гэтых элементах найвыразней праяўляецца талент мастакоў і іх закадзіраванае пасланне гледачам — адлюстраванне рэальнага жыцця.Выставы «Усё гэта мая віна» і «Каханне. Толькі ты і я»
Марына Дрожжа-СабоўскаДата: 29 верасня - 17 кастрычнiка
Месца: Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, малая зала (Мiнск, пр. Незалежнасцi, 47)
Куратарка — Таня КандраценкаВыкарыстоўваючы ўласныя фатаграфіі, відэацытаты і малюнкі, Дрожжа-Сабоўска апавядае інтымныя гісторыі адразу ў двух рэгістрах — рэальным і ўяўным. Яна накладае абедзве версіі адну на адну — і рэальнае з уяўным уступаюць у абмен. Тое, што атрымліваецца, у аднолькавай ступені можа быць расцэнена і як містыфікацыя, і як аскепкі псіхааналітычных пошукаў.У праектах як быццам сутыкаюцца лбамі пародыя і споведзь. Чаканні аматараў меладрамаў, так відавочна справакаваныя назвамі, аказваюцца апраўданымі, але фарс і іронія сплятаюцца з глыбокім экзістэнцыяльным і псіхааналітычным даследаваннем. Тэмы віны і кахання знаходзяцца тут у самым блізкім суседстве. Больш за тое, аўтар усталёўвае паміж гэтымі паняццямі зону неадрознага, як калі б яны дасягнулі кропкі, дзе пачынаецца абсалютнае сумежжа і перацяканне.Лекцыя-прэзентацыя Ан-Крысцiн Бертран
«С/O Berlin. Разнастайнасць і роўнасць — рух наперад»Дата: 30 верасня, 19.00-21.00
Месца: лекцыйная зала «ЦЭХа» (Мiнск, Кастрычнiцкая, 16)Лекцыя апавядае пра гісторыю існавання цэнтра і праграму C/O Berlin, а таксама дае ўяўленне пра тое, як прыватная ўстанова ператварылася ў некамерцыйны фонд і паспяхова фінансуе сябе, дзякуючы старанна спланаванай праграме правядзення выстаў і разнапланавай сістэме спансіравання і маркетынгу.Другая частка лекцыі будзе ў асноўным прысвечана прэзентацыі праграмы «Таленты C/O Berlin» — штогадоваму конкурсу маладых сучасных фатографаў і мастацтвазнаўцаў. Гэтая праграма C/O Berlin пачалася ў 2006 годзе і прысвечана падтрымцы фатографаў і мастацтвазнаўцаў, якія толькі атрымалі сваю адукацыю і стаяць на парозе прафесійнага жыцця.Выстава «Відзежы». Густава СагорскіДата: 1-17 кастрычнiка
Месца: Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, вялiкая зала (Мiнск, пр. Незалежнасцi, 47)Творчая сустрэча з Густава Сагорскі адбудзецца 2 кастрычнiка, пачатак - 17.00 (Музей сучаснага выяўленчага мастацтва)У сваёй серыі «Відзежы» Густава Сагорскі шукае духоўную сутнасць і сапраўды імкнецца спаймаць тое, што напаўняе яго свет радасцю. Гэтыя фотаздымкі стрыманыя і часам суровыя, але разам з тым яны ўвасабляюць захапленне аўтара пошукам інтуітыўных візуальных адкрыццяў, якія ўзбагачаюць наш паўсядзённы досвед. Абстрагаваныя ад свайго кантэксту, яны ператвараюцца ў разважанні пра ўзаемасувязь паміж фатаграфіяй і скульптурай, узаемнае ператварэнне выявы ў аб’ект і наадварот. Нават пакінутае і забракаванае робіцца помнікам чалавечай гісторыі, яе сумных альбо пацешных паваротаў, і ў вачах Сагорскі ператвараецца ў сімвал, які застаецца жыць. Трэска, пляма, шнар, разбітае шкло — фізічныя сляды дзейнічаюць як напаміны пра тое, што адбылося, альбо бачанні таго, што магло быць.У арыгінале праект мае назву Apparition, што можна перакласці і як «відзеж», і як «з’ява, і як «бачанне». Гэтае слова ў англійскай мове мае цікавую гісторыю. Першапачаткова яно выкарыстоўвалася ў адносінах да боскага адкрыцця, але неўзабаве атрымала больш зямныя значэнні, сканцэнтраваныя на здольнасці бачыць і працэсе бачання. З цягам часу слова стала асацыявацца і з чаканым з’яўленнем бачнага аб’екта, і з нечаканым прыходам прывіду або фантому. Такім чынам, гэтае слова перасякае сферы вядомага і невядомага, матэрыяльнага і нематэрыяльнага, і, можна сказаць, адносіцца ў цэлым да таго, чым нешта здаецца, а не ёсць на самой справе — ці, у вобразах Сагорскі, ва ўспрыманні ісціны за бачнай рэальнасцю.2 кастрычнiкаАфiцыйнае адкрыццё Месяца фатаграфii ў Мiнску - 2015
Ангар «ЦЭХа», 19.00 — 22.00Экскурсія куратаркі С/О Berlin Ан-Крысцін Бертран па экспазіцыі выставы
Даніэля Зайферта і Іветы Вайводэ «У калідорах памяці»
Ангар «ЦЭХа», 19:30Творчая сустрэча з Густавам Сагорскі
Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, 17:00Выстава «У калідорах памяці».
Даніэль Зайферт, Івета ВайводэДата: 2-31 кастрычнiка
Месца: ангар «ЦЭХа» (Мiнск, вул. Кастрычнiцкая, 16)
Куратарка Ан-Крысцін БертранЗнікаюць месцы і лады жыцця. Нішто не вечнае. Часта ў выніку палітычных і эканамічных узрушэнняў за вельмі кароткі прамежак часу паступова, але амаль няспынна занепадаюць цэлыя рэгіёны. Пасля краху камуністычнай ідэі напрыканцы ХХ стагоддзя ў Еўропе адбылася моцная рэструктурызацыя, у выніку якой некаторыя раёны зазналі бум, тады як іншыя засталіся ў забыцці. Як насельніцтва гэтых рэгіёнаў дае рады ў новай сітуацыі? Хто з’язджае, а хто застаецца? Што захоўваецца і зберагаецца? Якія ўспаміны ўсё яшчэ жывуць? З вышыні ўласнага досведу маладыя фатографы Івета Вайводэ і Даніэль Зайферт у сваіх фотасерыях адлюстроўваюць аддаленыя мясціны Еўропы — Пілцэнэ ў Латвіі і Любенаў ва Ўсходняй Германіі. Яны абое ідуць па слядах стану няўпэўненасці; вакууму бяздзейнасці і аддалення, які адмаўляе якую-кольвек веру ў прагрэс і разам з тым развівае сваю ўласную ўнікальную трываласць за кошт пэўнай непадуладнасці часу.Выстава «Людзі ў дзюнах». Андрэйс СтрокінсДата: 2-31 кастрычнiка
Месца: ангар «ЦЭХа» (Мiнск, Кастрычнiцкая, 16)«Пасля Другой сусветнай вайны рыбацкія вёскі ў дзюнах былі выціснутыя панэльнымі дамамі, а некаторыя часткі Даўгаўгрывы сталі закрытай ваеннай зонай. Таксама ў гэтай мясцовасці здабывалі пясок для вытворчасці сілікатнай цэглы. Не будзе вялікім перабольшаннем сказаць, што горад Рыга пабудаваны з гэтай цэглы. Пасля распаду СССР прайшло 24 гады, але пераважна рускамоўнае насельніцтва гэтых месцаў усё яшчэ даймаюць цені савецкага мінулага», — кажа аўтар.Выставу, якая складаецца з фатаграфій і інсталяцый, таксама можна разглядаць з мэтай вывучэння латвійскай ідэнтычнасці, якая выяўляе дыхатамію паміж нядаўнім мінулым і сучаснай ідэнтычнасцю, якая ўсё яшчэ змагаецца за сваё аднаўленне.Выстава «How I Die». Ганна ЛеванковаДата: 2-31 кастрычнiка
Месца: ангар «ЦЭХа» (Мiнск, Кастрычнiцкая, 16)
Ганна Леванкова: «Тэма смерці заўжды неадназначная. Хтось гаворыць пра яе ахвотна, іншыя лічаць яе занадта інтымнай і жахлівай. Страхаў, звязаных са смерцю, мноства — як, да прыкладу, страх стаць забытым і непатрэбным, страх перад болем ці невядомасцю. Але смерць, як і нараджэнне, — гэта тое, што абавязкова адбудзецца з кожным, незалежна ад памкненняў і асцярог.У праекце How I Die я прапанавала ўдзельнікам уявіць сітуацыю, у якой у іх ёсць выбар, дзе, калі і як сысці. У развагах пра свае апошнія хвіліны людзі звярталіся да самага важнага ў жыцці, агаляючы сапраўдныя каштоўнасці і жаданні».Выстава «Служыць фатаграфіі». Юрый Васільеў
Дата: 2-31 кастрычнiка
Месца: ангар «ЦЭХа» (Мiнск, Кастрычнiцкая, 16)
Юрый Васільеў: «Самае блізкае слова, што найбольш дакладна адлюстроўвае маё стаўленне да фатаграфіі, — гэта “служэнне”. Больш за ўсё мне хацелася ўкараніць культуру фатаграфіі ў жыццё сучаснага грамадства. Фотаздымцы можна прысвяціць жыццё, яна вялікая, як музыка, як паэзія, як тэатр. Фатаграфія — гэта не фотаапарат, не лінза і не стужка, не хуткія рукі і востры позірк. Хоць і гэта павінна быць. Як інструмент. Фатаграфія — гэта час, культура, эстэтыка, пачуцці і думкі мастака».
Выстава Юрыя Васільева ўпершыню прадставіць яго не толькі як фатографа, але і як чалавека, які ўдзельнічаў у стварэнні інстытуцый і ў фарміраванні асяроддзя аматарскай фатаграфіі ў Беларусі.Выстава «AGRO». Сяргей ЛескецьДата: 2-31 кастрычнiка
Месца: ангар «ЦЭХа» (Мiнск, Кастрычнiцкая, 16)Сяргей Лескець: «Я пачаў здымаць праект пра беларускія аграгарадкі, каб разабрацца ў сваім пакаленні і той моладзі, што засталася жыць у вёсках, у сваіх аднагодках, якія ўдзельнічаюць у дзяржпраграме «развіцця вёскі». Я хацеў пераасэнсаваць іхні і свой выбар. Я імкнуўся дакументаваць сваю эпоху, дзве пяцігодкі «вясковага рэнесансу» ‒ унікальны сацыяльны праект, характэрны для нашай краіны і для нашага часу, тыя трансфармацыі, якія праходзіць наша грамадства».Выстава «Азбука агульных слоў». Яна РаманаваДата: 2-31 кастрычнiка
Месца: ангар «ЦЭХа» (Мiнск, Кастрычнiцкая, 16)У сакавіку 2014 года ў выніку інфармацыйнай вайны вакол сітуацыі ў Крыме і ва Ўсходняй Украіне паміж Расіяй і Ўкраінай пачала расці напружанасць. І ў грамадзян абедзвюх краін стала знікаць жаданне разумець адзін аднаго. Яна Раманава прасіла розных людзей, якія прымалі ўдзел у рэвалюцыйных падзеях у Кіеве на плошчы Незалежнасці (майдан Незалежності), успомніць словы, якія цалкам супадаюць па-руску і па-ўкраінску, і праілюстраваць гэтыя словы на фотаздымках. У выніку атрымалася нешта накшталт азбукі, якая грунтуецца на ідэі, што разуменне пачынаецца з мовы, а мова — з алфавіта.Выстава «Чаканне». Яна РаманаваДата: 2-31 кастрычнiка
Месца: ангар «ЦЭХа» (Мiнск, Кастрычнiцкая, 16)Маладыя расійскія пары — жыхары Санкт-Пецярбурга і Масквы — спяць у сваіх пасцелях у той ранні час, калі людзі паводзяць сябе натуральна і не думаюць пра тое, як яны выглядаюць. Усе яны рыхтуюцца стаць бацькамі праз некалькі месяцаў, і праект прысвечаны не толькі іх адносінам адзін да аднаго ў час чакання дзіцяці, але таксама жыццю маладых сем’яў у вялікіх гарадах сучаснай Расіі праз 20 гадоў пасля развалу Савецкага Саюза — краіны, якую іх дзеці будуць ведаць толькі з кніжак па гісторыі. У праект уваходзяць 40 здымкаў — як 40 тыдняў цяжарнасці. Санкт-Пецярбург, Масква. 2009—2014Выстава «ДЗІКІЯ — жывёлы ў сучаснай фатаграфіі»Дата: 2-31 кастрычнiка
Месца: ангар «ЦЭХа» (Мiнск, Кастрычнiцкая, 16)Фотавыстава «Дзікія» выяўляе іранічны погляд на сённяшнюю апантанасць нашым найдаўнейшым кампаньёнам і ворагам. У займальнай сумесі страху і захаплення, сентыментальнасці і жаху яна напамінае нам, што ўсе мы — маленькія кавалачкі вялікай мазаікі прыроды, неад’емная частка бясконцага цыклу з’яўлення і разлажэння, дзе адзін есць, а іншы служыць ежай.Калектыўны паказ работ Надзінэ Бланке (Nadine Blanke), Торстэна Брынкмана (Thorsten Brinkmann), Франка Крыстэна (Franck Christen), Аміна Эль Дыба (Amin El Dib), Кая-Олафа Гесэ (Kai-Olaf Hesse), Марціна Клімаса (Martin Klimas), Сафіі Каукауліоці (Sofia Koukoulioti), Андрэя Лянкевіча, Карыны Лінге (Carina Linge), Веры Мерцэр (Vera Mercer), Марка Пешке (Marc Peschke), Раманы Прынот (Romana Prinoth), Аляксандры Фогт (Alexandra Vogt), Марка Волка (Marc Volk), Сашы Вайднера (Sascha Weidner). Куратары: Маціас Хардэр і Марэн ПольтэВыстава «Кожная трэцяя». Аляксандр ВасюковічДаты: 2-31 кастрычнiка
Месца: культурная прастора «ЦЭХ» (Мiнск, Кастрычнiцкая, 16)Кожная трэцяя беларуска падвяргалася фізічнаму гвалту ў сям’і. 77% суайчынніц перажывалі вопыт хатняга гвалту: псіхалагічны, сэксуальны, эканамічны і фізічны.Фатограф Аляксандр Васюковіч цягам амаль года даследаваў праблему хатняга гвалту ў Беларусі. Вынікамі працы, у тым ліку, сталі прадстаўленыя на выставе трынаццаць партрэтаў наведніц грамадскага аб’яднання «Радыслава» — арганізацыі, створанай дванаццаць гадоў таму жанчынамі, якія перажылі сістэматычныя акты гвалту, для дапамогі такім жа жанчынам. Гераіні серыі прайшлі праз усе стадыі хатняга гвалту. Яны сутыкнуліся з грамадскай стыгматызацыяй і недасканаласцю розных дзяржаўных механізмаў барацьбы з хатнім гвалтам. Гераіні серыі пачалі змаганне і выйшлі пераможцамі, поўнымі сіл раскрыць свае гісторыі і нават асобы, каб паслужыць прыкладам для кожнай беларускі, якая становіцца ахвярай гвалту ў сям’і. Працэс працы Аляксандр апісвае наступным чынам: «Задача была даволі незвычайнай: стварыць партрэты трэба было так, каб жанчын было цяжка пазнаць. Яшчэ адной умовай было, каб інтэр’еры прытулку, дзе жанчына можа схавацца ад агрэсара і атрымаць прафесійную дапамогу, таксама былі непазнавальныя. Усё ў мэтах бяспекі».Выстава «Канец лета». Павел Цішкоўcкі
Дата: 7 кастрычнiка - 7 лiстапада
Месца: галерэя «Кнiжная Шафа» (Мiнск, пр. Дзяржынскага, 9)Творчасць Паўла Цішкоўскага (1929-1989) — гэта камернасць самавыяўлення, даверны лірычны дыялог з прыродай сам-насам у пошуку таго «моманту ісціны», які вызначае мяжу паміж прыгажосцю і прыгожасцю, дазваляе пазнаць працы мастака па ўласцівым толькі яму почырку.Пра таінства, з якіх складаецца творчы почырк аўтара, Цішкоўскі казаў наступнае: «У выбары матываў для самавыяўлення імкнуся кіравацца двума правіламі. Першае: не што здымаць, а як здымаць, па аналогіі з тэатрам, дзе няма маленькіх роляў, а ёсць маленькія выканаўцы. Другое: не як рабіць, а што з гэтага атрымаецца.Не прэтэндую на арыгінальнасць, на адкрыццё, хоць і мару пра гэта, але раблю толькі тое, што мне падабаецца, што мне блізка: захады, выгіб ракі, абрыс дрэва, светлавыя эфекты і паветраная перспектыва. Хочацца паказаць адчуванне настальгіі па прыродзе, якая цяпер знішчаецца. Далёкі ад вострай барацьбы і канфрантацыі, больш імкнуся да таго, каб мае працы супакойвалі, а не ўзбуджалі. Ствараю свае творы паводле прынцыпу гуманнасці — нічога не падпарадкоўваць, не гвалціць, не ўзурпаваць — і таму ў апошні час маю вялікую цягу да так званай салоннай фатаграфіі. У творчых пошуках мяне прываблівае камернасць, інтымнасць, душэўны дыялог. Шукаю выйсце сваім ідэям у тэхнічных прыёмах, дакладнай кампазіцыі з мінімальнай колькасцю дэталяў, надаю вялікае значэнне форме, лічу, што форма нават без зместу — ужо многа, а зліццё формы і зместу — гэта і ёсць вяршыня мастацтва. Да зместу без формы стаўлюся з павагай».Выстава «Камуналка». Франсуаза Юг’еДата, Мiнск: 9-31 кастрычнiка
Дата i час экскурсii: 8 кастрычнiка, 14.00
Месца: галерэя «ЦЭХа» (Мiнск, Кастрычнiцкая, 16)Дата, Гродна: 3-30 лiстапада
Месца: Гродзенская выставачная залаФрансуаза Юг’е: «Гэты праект бярэ свой пачатак у 1991 годзе. У сувязі з сваёй працай у Сібіры я прыехала ў Санкт-Пецярбург, каб сустрэцца з этнолагамі. Я спынялася ў сваіх расійскіх сяброў, і некаторыя з іх жылі ў камунальных кватэрах. У 2001 годзе я захацела вярнуцца і распачаць гэты праект. Я вырашыла пажыць у адной з такіх кватэр, каб стаць бліжэй да яе насельнікаў, і зняла пакой. Аж да 2007 года кожныя два месяцы я вярталася ў камуналку.Першыя дні ў камунальных кватэрах Санкт-Пецярбурга цалкам мяне збянтэжылі, і я зразумела, што каб дабрацца да сутнасці гэтага дзіўнага, закрытага асяроддзя, стаць для яго сваёй, мне спатрэбіцца пабываць там некалькі разоў.На працягу некалькіх гадоў я фатаграфавала камунальную кватэру і паўсядзённае жыццё яе жыхароў — асабліва Наташы, дзякуючы якой вызначыўся рытм маіх наведванняў. Ускосна, і без майго ўсведамлення гэтага, яна стала галоўным звяном у маім апавяданні і ў маім жаданні быць і заставацца там. Яна ўяўляе сабой квінтэсенцыю гэтых камунальных светаў і магнетызму горада, якія непакоілі мяне столькі гадоў. Колькі разоў я была проста загіпнатызаваная гэтымі трывожнымі вобразамі святла і ценю? Хто размаўляў са мной пра прывіды? Хто казаў мне, што ноччу ў Санкт-Пецярбургу вы можаце бачыць нябачнае і марыць пра невымоўнае?»Выстава «У стадыі будаўніцтва». Мануэль Шродэр
Дата: 9-24 кастрычнiка
Месца: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (Мiнск, вул. Некрасава, 8)Еўропа паўстае як вялікі вобраз, які цяжка зразумець абстрактна або на нейкіх канкрэтных прыкладах. Месцы, якія калісьці былі сведкамі культурнага і эканамічнага росту ў Еўропе, паўстаюць сёння як безаблічныя аб’екты нудлівай «эстэтыкі бетону», якія характарызуюцца адсутнасцю культуры. Уяўныя ідэалы палітыкі, рэкламы і прапаганды страцілі сваю сутнасць.Мануэль Шродэр фатаграфуе такія месцы ва Ўсходняй Еўропе і Германіі. Таленавіта падкрэсліваючы дэталі, яго дэманстратыўна дакументальны стыль фіксуе сацыяльныя рэаліі ў апавядальнай, недагматычнай, сістэматычнай манеры. На фотаздымках суадносяцца паралельныя светы постсацыялістычных мікрараёнаў Латвіі і праекты жыллёвага будаўніцтва ў гарадах Германіі. На фоне такой маштабнай архітэктуры чалавек можа адчуваць сябе нязначным і разгубленым. Але наша базавая патрэба ў культуры аказваецца эфектыўным сродкам для ажыццяўлення зменаў: людскія адносіны і імправізаваная творчасць прарываюцца праз нуду вызначанага парадку.Выстава «У апошні момант». Мануэль ШродэрДата: 9-24 кастрычнiка
Месца: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (Мiнск, вул. Некрасава, 8)Доктар Ангела Вільмс-Адрыян (мастацтвазнаўца, Германія): «Работы Мануэля Шродэра нясуць адбітак яго асаблівай чуллівасці да ўсёй разнастайнасці гарадскога жыцця. Як фатограф ён шукае шляхі да галоўнага, засяроджваючыся на паўсядзённым і някідкім. Ён адкрывае нам супярэчнасці. Як мастак, пісьменнік і выкладчык сацыяльнай фатаграфіі ён звяртае нашу ўвагу на супярэчнасці паміж гарадской архітэктурай і будаўнікамі. Ён паказвае, як бяздушна ў гарадах прынеслі ў ахвяру цеплыню, чалавечыя стасункі і бяспеку. Мы бачым не яго карціны, а вынік інтуітыўнага падыходу і выбару асаблівага моманту ў складанай, на першы погляд, інцэніроўцы.У сваіх работах Мануэль Шродэр выбірае нязвыклы пункт гледжання, і непрыкметныя выявы робяцца выразнымі. Ён дае нам зразумець тое, пра што яны сігналізуюць — адзіноту ў гарадскім натоўпе. Ён любіць працаваць з неадназначым зместам, які выклікае ланцужок асацыяцый і паддае сумненню звыклыя паняцці. Шродэр высмейвае нязвыклыя чаканні ўзнагароджання і прыняцце жаданага за сапраўднае, узамен ён прапануе нечаканае. Пры дапамозе фатаграфіі, відэа, інсталяцыі і перформансу ён хоча дабіцца новага ўспрыняцця ўсяго звыклага. Ён дае зразумець, як пранікненне ў свядомае і несвядомае ўспрыняцце фарміруе нашы паводзіны і памяць».Выстава «Свет вакол нас»Дата: 12 кастрычнiка (17.30) - 10 лiстапада
Месца: галерэя «Дома Кіно» (Мiнск, вул. Талбухiна, 18)«Свет вакол нас» — першы ў краіне фотаконкурс для дзяцей і падлеткаў, які праводзіцца пастаўскім фотаклубам «Святласіла» з 2013 года. Кожны наступны конкурс прыцягвае сталых і новых удзельнікаў. Сёлета ён адбыўся ў трэці раз.З 170 маладых фатографаў 15 занялі прызавыя месцы ў намінацыях «Прыгажосць роднай зямлі», «Асобы навокал», «Мой горад (вёска)», «Glamour life», «Крэатыў» і «Школьнае жыццё».Арганізатары імкнуцца даць юнакам і дзяўчатам стымул дзяліцца сваімі перажываннямі ды інтарэсамі праз фотаздымак, і тым самым вы́клікаць у іх цікавасць да фатаграфіі як сродку выразнасці, да рэгулярнай творчай працы, паспрыяць стварэнню маладой фотасупольнасці. Важна, што конкурс збірае ўдзельнікаў з усёй Беларусі, — як са сталіцы, так і з іншых гарадоў і вёсак.Майстар-клас «Парадак як сацыяльная форма».
Мануэль ШродэрДата: 12-14 кастрычнiка
Месца: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (Мiнск, вул. Некрасава, 8)Мануэль Шродэр: «Тэма розных праяў паўсядзённага жыцця на гэтай лекцыі-семінары будзе разгледжана ў ракурсе візуальных даследаванняў «арыенціраў», зробленых жыхарамі горада на іх тонкіх і відавочных гранях.
(Пера)ўладкаванне, стварэнне і складанне з асобных частак гарадской прасторы грунтуецца на індывідуальных і грамадскіх звычках, кіраваных у асноўным асабістымі патрэбамі і памкненнямі. У выніку адбываюцца на першы погляд непрыкметныя, але ўстойлівыя змены гарадской архітэктуры і грамадскіх прастор».«Парадак як сацыяльная форма» ўваходзіць у цыкл лекцый Мануэля Шродэра па тэме «Сацыяльная фатаграфія», якую ён даследуе з 2006 года сумесна з універсітэтамі, школамі, мастацкімі таварыствамі і музеямі.Выстава «Пачатак і канец эпохі».
Юзаф Салавейчык і Баляслаў АўгусцісДата: 14 кастрычнiка - 1 лiстапада
Месца: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь (Мiнск, вул. К.Маркса, 12)
Куратары выставы: фатограф і журналіст Гжэгаж Дамброўскі, гісторык і музеязнаўца Анджэй ЛяхоўскіУ 2004 годзе два хлопцы выпадкова знайшлі ў адным беластоцкім доме скрутак старых негатываў. Як высветлілася, аўтар здымкаў — Баляслаў Аўгусціс, які ў 30-х гадах мінулага стагодзьдзя валодаў фотамайстэрняй. Знойдзены матэрыял аказаўся настолькі цікавым, што быў уключаны ў экспазіцыі галерэі «Арсенал» у Беластоку, «Археалогіі фатаграфіі» ў Варшаве, Месяца фатаграфіі ў Берліне і фотафестывалю ў Лодзі. Гэты збор адметны не толькі гістарычнай і сацыялагічнай вартасцю. Праз сваю фатаграфічную ўражлівасць і праніклівае назіранне за людзьмі Аўгусціс выходзіць за межы майстэрскай правільнасці, уласцівай большасці ўладальнікаў фотамайстэрняў. Незвычайнасць і сучаснасць у спосабе кадравання, уменне злавіць рух і паказаць кантэкст зрабілі так, што фотаздымкі не састарэлі і засталіся надзвычай цікавымі для сучаснага гледача.Калекцыя Баляслава Аўгусціса настолькі ўнікальная, што змяніла ўспрыманне польскай міжваеннай фатаграфіі. Гэтыя некалькі тысяч кадраў беластоцкага фатографа з’яўляюцца адным з першых — і пры гэтым настолькі вялікім і паслядоўным — прыкладам вулічнай фатаграфіі ў рэгіёне.Прэзентацыя фотапраекта «Пераможцы». Рафал МілахДата: 14 кастрычнiка
Месца: лекцыйная зала «ЦЭХа» (Мiнск, вул. Кастрычнiцкая, 16)Праект прысвечаны пераможцам розных дзяржаўных і мясцовых конкурсаў, якія праводзіліся ў 2010—2013 гадах пры падтрымцы беларускіх уладаў. Спіс пераможцаў ўключае ў сябе як найлепшых у конкурсах прыгажосці, так і ў конкурсах па доглядзе грамадскіх месцаў. Пераможцаў можна знайсці ў калгасах, школах, грамадскіх установах, начных клубах, на сельскіх дыскатэках і на дошках гонару амаль у кожным беларускім горадзе.Фотапраект «Дотык»Дата: 15-29 кастрычнiка
Месца: лофт «SPACE» (Мiнск, вул. Кастрычніцкая, 16А)
панядзелак – пятнiца: 9:00 – 21:00
субота i нядзеля – тэлефанаваць адміністратару (+375 29 127 00 11)
Уваход вольныВыпускныя работы маладых фатографаў з розных рэгіёнаў Беларусі, створаныя ў межах курсу «Лаві момант!».Павітацца за руку з сябрам ці паправіць прычоску. Завесці аўтамабіль ці закалыхаць немаўля… Варта ўсяго на хвіліну спыніцца, каб зразумець, што за звычайным дотыкам хаваюцца сапраўдная прыгода і жывая гісторыя. Яны могуць як жахнуць сваёй жорсткасцю, так і натхніць непадкупнай шчырасцю. Але каб адчуць болей, трэба падысці бліжэй.Фотапраект «Дотык» — гэта выпускныя работы маладых фатографаў з розных рэгіёнаў Беларусі, створаныя ў межах курсу «Лаві момант!» (Беларуская асацыяцыя журналістаў). У супрацоўніцтве з куратарамі праекта журналістамі Сяргеем Балаем і Марынай Загорскай (Беларусь), а таксама фатографам Рамульдасам Вайткусам (Літва) атрымалася 14 гісторый пра каханне і веру, ахвярнасць і сілу волі, няспынны рух і адзіноту, нескаронасць і дасканаласць.Выстава «Подпісы вайны». Артур БондарДата: 16-31 кастрычнiка
Дата экскурсii з аўтарам: 17 кастрычнiка, 16.00
Месца: Літаратурны музей Петруся Броўкі (Мiнск, вул. К. Маркса, 30)
Артур Бондар: «Подпісы вайны» — гэта праект пра людзей і іх лёсы. Пра лёсы, якія назаўсёды змяніла Другая сусветная вайна. Гэтыя людзі аддалі свае найлепшыя гады гэтай вайне. Яны прайшлі праз яе, страцілі сяброў, сваякоў і вярнуліся назад жывымі, у свае пустыя дамы, каб пачаць жыццё наноў. Яны заслугоўваюць, каб пра іх памяталі, памяталі як пра герояў.
Гэтыя людзі таксама часовыя, як і палароідныя фатаграфіі. Мы нават не паспяваем заўважаць, як з кожным годам іх становіцца ўсё менш і менш. Я атрымліваў вялізнае задавальненне, калі бачыў бліскучыя вочы, што разглядаюць здымак з непрытоенай, дзіцячай цікавасцю. І калі яны падпісвалі іх, то пакідалі свой адбітак не толькі на фатаграфіі, але і ў маёй памяці і сэрцы. Гледзячы на іх, я бачыў усё тых жа маладых, поўных энергіі хлопцаў і дзяўчат, якія толькі пачынаюць жыць. Бо ў душы няма ўзросту…Лекцыя-прэзентацыя Яны РаманавайДата: 17 кастрычнiка, 17.00
Месца: лекцыйная зала «ЦЭХа» (Мiнск, вул. Кастрычнiцкая, 16)Выстава «Фатаграфіі Станіслава Ігнацыя Віткевіча «Віткацы»,
(1885–1939)»Дата: 20 кастрычнiка - 7 лiстапада
Месца: Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, малая зала (Мiнск, пр. Незалежнасцi, 47)Фатаграфіі Станіслава Ігнацыя Віткевіча, аднаго з самых важных польскіх мастакоў і пісьменнікаў XX стагоддзя, выклікаюць натуральную цікавасць. Дзіўна, што гэтыя творы мастацтва былі створаны каля падножжа Татраў у невялікай гуральскай вёсачцы, якой на мяжы XIX і XX стагоддзяў было Закапанэ. Даследчыкі творчасці Станіслава Ігнацыя Віткевіча адзначаюць не толькі прыроджаныя здольнасці мастака, але і ролю яго бацькі Станіслава Віткевіча, жывапісца і крытыка, у стварэнні адпаведных умоў, у якіх выявіліся таленты і сфармавалася асоба будучага Віткацы.Фатаграфіі самі па сабе з’яўляюцца ўражлівым і спецыфічным «тэкстам», які нясе шмат інфармацыі. Выстава прадстаўляе самыя лепшыя з захаваных фотаздымкаў Віткацыя, створаныя ім у першыя 30 гадоў жыцця, да смерці бацькі, а таксама фатаграфіі перыяду міжваеннага дваццацігоддзя, калі Віткевіч ствараў свае асноўныя літаратурныя, драматургічныя, філасофскія і жывапісныя творы. З пункту гледжання фармальных рашэнняў яны наватарскія, яны апярэджваюць час, у які былі створаны, ды і проста прывабныя для гледача на фоне «моды на фатаграфіі».Выстава «Беларускі клімат — 2015»Дата: 20 кастрычнiка - 29 лiстапада
Месца: галерэя сучаснага мастацтва «Ў», кавярня «Зерне»Куратар: Вольга Рыбчынская. Удзельнікі групы заяўляюць пра сваё расчараванне ў сучасным мастацтве, якое дэманструе «адточанасць мовы і поўную адсутнасць змястоўнасці». Найлепшыя выставачныя залы свету, музеі і галерэі прасоўваюць такое мастацтва, павышаючы яго статус і рэйтынгі. Так ці інакш, на думку мастакоў, яму месца на сметніку або ў прыбіральні.Наступны свой праект група рэалізуе ў туалетах. У дадзеным выпадку хуліганскія выхадкі, уласцівыя «Беларускаму клімату», ператвараюцца ў мастацкі акт. Злучаючы PR-стратэгіі і артыстычныя тактыкі, «Беларускі клімат» заяўляе: не месца вызначае статус аб’екта як твора мастацтва, але сам аб’ект — яго «творчая патэнцыяльнасць». Гэтай акцыяй мастакі групы праяўляюць дэвальвацыю самой магчымасці рабіць мастацтва па-іншаму, адкрытую Дзюшанам і яго паслядоўнікамі-неададаістамі. Сёння сусветны арт-рынак практычна цалкам экспрапрыяваў гэтую альтэрнатыву: штамп і цытаванне цытавання ператварыліся ў неад’емны і запатрабаваны фармальны прыём мастака. Так, дэкларацыі і маніфесты, заклікі і заявы ператвараюцца ў рэкламныя слоганы, пасрэдныя артэфакты — у фетышы. Зноў актуалізуецца пытанне інтэрпрэтацыі паняцця «твора мастацтва». Сёння твор — гэта прадукт паспяховай маркетынгавай палітыкі, сакралізаванага імя альбо «канцэнтрацыя псіхічнай энергіі», дзе абалонка, прадметная сутнасць не першарадная. Аднак усё ж што ператварае прадмет штодзённасці ў прадмет мастацтва?«FASHION IS MY PASSION!
Модная індустрыя 70-х — 90-х гадоў: беларускі фармат»
Дата: 21 кастрычнiка - 7 лicтапада
Месца: Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, вялiкая зала (Мiнск, пр. Незалежнасцi, 47)Праект рэалізаваны пры падтрымцы Тамары Ганчаровай, Юрыя Ката і Андрэя Шчукіна.
Куратары: Вольга Рыбчынская, Ганна СамарскаяІдэя стварыць выставу пра модную індустрыю БССР і першых гадоў незалежнай Рэспублікі Беларусь нарадзілася пасля нашага асабістага знаёмства з Тамарай Ганчаровай і Юрыем Катом. Пра цудоўную Тамару, адну з першых беларускіх мадэляў, мы, вядома ж, чулі і да нашай сустрэчы. Рэдкія візіты Юрыя ў музей на кубак гарбаты і апавяданні пра яго творчы шлях з краіны саветаў да імяннога брэнда адзення ў Францыі, а таксама гісторыі пра праблемы ў «схаванай» індустрыі сучаснай беларускай моды сталі стартам нашай працы над праектам. Аказваецца, аж да сённяшняга моманту ў Беларусі, не афішуючы, шыюць свае калекцыі вядучыя сусветныя брэнды, напрыклад, Sonia Rykiel. Ці варта згадваць, што і паважаная ў 90-я гады крама «Бэргхаўз» — гэта таксама рэчы, пашытыя на фабрыцы «Элема» пад брэндам крамы.FASHION IS MY PASSION — гэта першая спроба паглядзець на індустрыю беларускай моды праз прызму асабістых гісторый і ўспамінаў актыўных удзельнікаў тых падзей. Як функцыянавала беларуская модная індустрыя з 70-х да 90-х гадоў, і хто стаяў каля яе вытокаў? Відавочна, што ў познесавецкі перыяд мода ўсё яшчэ з’яўлялася «парадным партрэтам» савецкай дзяржавы, часткай ідэалагічнай канцэпцыі ўтапічнага праекта «светлай будучыні», які, нягледзячы на шматгадовае і татальнае панаванне, у гэты перыяд ужо знаходзіўся ў крызісе. Якім чынам змянялася мода ў БССР? Ці стала незалежнасць 90-х каталізатарам радыкальных зменаў?Паказ мультымедыя
Вiцебск: 23 кастрычнiка, 18.00
Арт-прастора «Талстога, 7», зала «Свежая Рыба», вул. Талстога, 7
Уваход: добраахвотнае ахвяраванне
Мiнск: 24 кастрычнiка, 15.00
Лекцыйная зала ЦЭХа, вул. Кастрычнiцкая, 16
Гродна: 25 кастрычнiка, 17.00
Студыя «Цяпло», Врублеўскага, 3, офіс 213
Уваход вольны, неабходны папярэдні запіс
Паказ рэкамендаваны для гледачоў 18+.Жанр мультымедыя, які з’явіўся ў зазоры паміж відэа і фатаграфіяй, па-ранейшаму застаецца, у першую чаргу, формай для эксперыменту і пошуку новых спосабаў перадаць адчуванні, распавесці гісторыю.Медыярынак постсавецкай прасторы сёння не гатовы трансфармавацца і прыняць праекты, якія не адносяцца да звыклых катэгорый фатаграфіі або дакументальнага кіно. Прадстаўленыя работы — персанальныя эксперыменты фатографаў, якія сваімі сіламі і сродкамі выкарыстоўваюць новыя медыя ў пошуках сваёй аўдыторыі і новага гучання праектаў.Удзельнікі:
Аляксандр Чарнаўскі
Артур Бондар
Анастасія Тэйлар-Лінд
Анастасія Храловіч
Вольга Інгуразава
Каця Рэпіна
Магда Ракіта
Максім Дандзюк
Максім Сарычаў
Марыя Капаева
«Курыруючы фатаграфічны архіў:
мінскія школы фатаграфіі 80-90 гг.»
Дата: 26 кастрычнiка - 26 лiстапада
Месца: Літаратурны музей Максiма Багдановiча (Мiнск, вул. Максiма Багдановiча, 7а)Куратары Ганна Самарская, Анастасія Ранько. Гэта выстава з’яўляецца часткай куратарскага даследавання, што выбудоўвае наратыў вакол мінскіх фатаграфічных практык 80-90 гг. Увага куратараў факусуецца на цэлай серыі розных фатаграфічных аб’яднанняў, якія існавалі ў Мінску ў дадзены перыяд і асэнсоўваюцца зараз праз канцэпцыю «творчай фатаграфіі» («Спектр», «Сузор’е», «Правінцыя», МЕТА, «Панарама», «Беларускі клімат» і інш.).Створаны ў межах выставы архіў як адмысловая форма мастацкага выказвання і вынік аналізу тут інтэрпрэтуецца не праз ідэю мінулага і класічную кансервацыю пэўнага нацыянальнага канону культуры, але праз магчымасць сучаснага і актыўную, перфарматыўную мадэль. Таму адной з мэтаў дадзенага даследавання з’яўляецца трансфармацыя міфаў, што існуюць у полі фотамастацтва, у актуальную гісторыю, якая дапаможа крытычна асэнсаваць сучаснасць.Экспазіцыя прадстаўлена праз гісторыю ўжо прайшоўшых выставаў з іх мастацка-гістарычнай значнасцю, а таксама праз персаналіі, якія стваралі кантэкст і выбудавалі падзеі фатаграфічнага жыцця. Кагнітыўная карта як частка экспазіцыі прадставіць беларускіх фатографаў, якія працавалі ў 1980 – 90х гг. у Мінску, а таксама прафесійныя адносіны, якія будаваліся з іх калегамі з Даніі, Швецыі, Польшчы, Германіі, Расіі.***Увага! У праграме магчымы змены і дапаўненні. Сачыце за навінамі на афіцыйным сайце фестывалю.
Таксама на сайце вы знойдзеце поўныя апісання ўсіх выстаў і мерапрыемстваў вы знойдзеце на сайце фестывалю.Пры падтрымцы: Інстытута Гётэ ў Мінску, Польскага інстытута, Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь, Пасольства дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь, Месяца Фатаграфіі ў Рызе. Тэхнічная падтрымка: Прадстаўніцтва Samsung у Рэспубліцы Беларусь.абмеркаваць на форуме zнята