Арганізатары фестывалю распачынаюць штогадовую серыю «Бібліятэка Месяца фатаграфіі ў Мінску». Задача выдання – пазнаёміць шырокую аўдыторыю з дзейнасцю і творчасцю беларускіх аўтараў, якія адыгралі важную ролю ва ўмацаванні статусу беларускай фатаграфіі як віду мастацтва ды яе інстытуалізацыі ў Беларусі. Таксама серыя пакліканая сфармаваць матэрыяльную базу: архіў дакументаў, фатаграфіяў і тэкстаў, што апісваюць розныя перыяды гісторыі беларускай фатаграфіі.
Сімвалічна, што першы альбом серыі прысвечаны дзейнасці ідэйнага натхняльніка Мінскай школы фатаграфіі – Валерыя Лабко. Як аўтар, у сваіх творчых перавагах ён заставаўся верны Фатаграфіі, якая здараецца ў момант асаблівага кантакту фатографа і асяроддзя: «Памятаеце, у дзённіках у Арбус: I don't press the shutter… The image does». Валерый стаў медыятарам між фотаклубным рухам аматарскай фатаграфіі ў Мінску і генерацыяй новай аўтарскай фатаграфіі Мінскай школы. Гэты якасны пераход ад выразных эстэтычных кадраў аматараў да «імкнення стварыць новую крытычную мову» (Х. Ээрыкяйнэн) быў ініцыяваны, у першую чаргу, самім Лабко.

Адначасова з перадачаю фотарамяства хвалявала яго і фармаванне творчага пажыўнага асяроддзя. У аўтабіяграфічным тэксце «Заўтрашняя фатаграфія», напісаным за год да смерці, Лабко разважае пра сваё месца ў працэсе нараджэння Аўтара заўтрашняй беларускай фатаграфіі.
Культурная прастора «ЦЭХ» (Мiнск, вул.Кастрычніцкая, 16)
Уваход вольныабмеркаваць на форуме zнята


