Палітычны чыннік грае даволі значную ролю ў сучасным мастацтве Беларусі. Правы чалавека, законнасць і дэмакратыя – гэтыя каштоўнасці застаюцца праблемнымі, маюць неадназначны статус. Прафесійная пазіцыя, якую займае Сарычаў, ляжыць на мяжы крытычнага мастацтва і журналістыкі, што тлумачыць засяроджанасць аўтара на грамадска-палітычнай тэматыцы. Падавалася б, пратэставы дыскурс накладае пэўныя абмежаванні, аднак у сваім даследаванні тэмы Сарычаў выходзіць за межы выключна беларускай сітуацыі, ахоплівае шырэйшае поле, закранае ўзровень побытавай псіхалогіі.
«Сляпая зона» яднае фатаграфію, графіку, знойдзеныя аб’екты, гістарычны матэрыял. Выкарыстанне ў праекце дакументальнай фатаграфіі і архіву разам з пастановачнымі здымкамі дазваляе ўдасканаліць наратыў, у якім спалучаюцца прыватныя гісторыі і яскравыя спасылкі на мясцовы палітычны кантэкст. Разам з тым выказванне не зводзіцца да выключнай радыкальнай пазіцыі, аўтар хутчэй імкнецца аб’яднаць добра знаёмыя вобразы і падаць агульную карціну, паралельна рэфлексуючы над сваім стаўленнем да яе.