Высокія манументальныя збудаванні - заўсёды нешта большае, чым ўтылітарная пабудова. Яны ўвасабляюць даўняе імкненне чалавецтва наблізіцца да Неба, заявіць пра сябе, пазначыць сваё месца ў гэтым свеце. Дастаткова ўспомніць біблейскую гісторыю пра Вавілонскую вежу. І сёння гарыды запоўненыя гмахамі. З іх вокнаў глядзіш на птушак пагардліва, і, здаецца, працягні руку і датыкнешся да зоркі. Вось толькі сёння іх веліч абарочваецца «фэйкам». Гледзячы ноччу на мірыяды святлівых вокнаў, варта толькі на хвіліну задумацца пра колькасць чалавечых жыццяў, спрэсаваных ў гіганцкіх шматкватэрных дамах, як становіцца жудасна. Людзі ў іх абсалютна пазбаўленыя натуральнай жыццёвай прасторы. Яны абмежаваныя чатырма сценамі, прычым добраахвотна. Бо кватэра ў новым гмаху - мяжа мараў для многіх. Падобнае месца, дзе такая ж шчыльнасць чалавечых асоб на квадратны метр - гэта могілкі.


Аўтар праекта «Цішыня паверхаў» выразна перадае гэтую «падобнасць». Ён знайшоў просты і зразумелы сімвал, які злучае два гэтых сусветы - штучная кветка. Падсвядома адчуваючы увесь жах прасторы, у якім яны знаходзяцца, жыхары шматпавярховак спрабуюць хоць неяк гэтую прастору палепшыць, упрыгожыць, акультурыць. Але высвятляецца, што ўсё, на што яны здольныя - гэта бездапаможныя і недарэчныя штучныя кветкі. Такія самыя, якія яны нясуць на могілкі. І матывацыя, хутчэй за ўсё, тая ж: яны даўжэй прастаяць, за імі ня трэба даглядаць. Усе гэтыя ўпрыгожвальніцтва пад'ездаў (і, падобная сітуацыя, двароў) звычайна выклікаюць смех і здзекі. Інтэрнэт перапоўнены фатаграфіямі немудрагелістых спробаў уладкаваць прастору вакол сябе. Чалавек з мінімальным густам глядзіць на іх пагардліва. Але аўтар паказвае нам, што гэтыя кветкі ў пад'ездах, на самай справе, значна больш дарэчныя там, чым людзі. На адзіным фатаздымку чалавека ў пад'ездзе – чалавек выглядае лішнім, скаваным, напружаным і прыгнечаным.
Выстава працуе да 18 красавiка 2017 года
Дзе: арт-галерэя «Крыга» (Гродна, вул. Савецкая, 3)абмеркаваць на форуме zнята


