Фота: Вераніка Вельб Адразу пасля прагляду экспазіцыі ўзнікла пытанне: нам прадстаўлена выстава ці ўсё ж такі справаздача, нягледзячы на заяўленую назву мерапрыемства? Дысананс узнік менавіта таму, што ў здымках прысутнічалі не толькі журналісцкія рысы, але і мастацкія. Яны былі бачны ва многіх праектах, дзе свет на фатаграфіях стаў больш прыглушаным і глыбокім, а на іншых здымках – наадварот даволі яркім і рассеяным, што наўрад ці можна ўбачыць у рэпартажных здымках; асноўныя героі перасталі быць на першых месцах, а схаваліся ў патаемныя вобразы, як напрыклад танцоўшчык Зміцер Дар’і Бурякінай, ці людзі з амерыканскай серыі Зміцера Брушко. У Вадзіма Заміроўскага наогул героі сталі асноўнай кропкай прыцягнення, праз дзеянні якіх фатограф перадаў атмасферу надыходзячых пераменаў, што лунае ў многіх сем'ях першакурснікаў. Нават гэтая нейкая правінцыйная кранальнасць бацькоў будучага студэнта стала паказчыкам вельмі моцнага вобраза простай беларускай сям’і. Таксама больш архітэктурныя праекты Зміцера Брушко і Вольгі Шукайла – гэта ўвогуле адыход ад усіх жанраў журналістыкі і хутчэй назіранне нейкіх з’яў, якія фатографы адлюстравалі вельмі творча ў сваіх здымках.
Фота: Дар’я Бурякіна
Фота: Зміцер Брушко
Фота: Вадзім Заміроўскі
Фота: Зміцер Брушко
Фота: Вольга ШукайлаЯ звярнулася да эксперта па творчай фатаграфіі Марыны Бацюковай, каб дазнацца, да якога ж фармату бліжэй мерапрыемства. «Для мяне ўвогуле частка па перыметры галерэі больш мастацкая, – гаворыць Марына, – Гэта істотна і сведчыць аб тым, што нашыя майстры ўмеюць вельмі добра працаваць. Такая дынаміка мяне, як чалавека неабыякавага да сучаснай фатаграфіі і мастацтва, радуе». Новы фотарэдактар TUT.by Юлія Ваўчок адзначыла, што з кропкі гледжання арганізацыі прасторы лічыць мерапрыемства ў «Галерэі» больш справаздачай, паколькі здымкі на сценах з’яўляюцца хутчэй дапаўненнем да офіса. «Аднак калі ўлічваць асноўныя мэты фатографаў – выставіць свае лепшыя працы, – то ў дадзеным выпадку ўсё становіцца больш падобным на фармат сапраўднай выставы», – дадала Юлія.Фатограф Вольга Шукайла аднеслася да такога пытання досыць проста: «Хочацца верыць, што гэта наш аповед пра тое, як мы правялі гэтыя два гады. Аднак вельмі прыемна, што людзі зараз могуць не проста пралістаць здымак у стужцы навін, а прыйсці сюды і некалькі хвілін пастаяць і падумаць».Такі сінтэз двух фарматаў, адыход ад строгага ярлыка «press», не можа не радаваць, бо гэта толькі паказвае ўзровень прафесіяналізму нашых фатографаў. Варта адзначыць яшчэ адну вельмі важную рэч – свабода ва ўласным выбары і самастойнасць, якую набылі фотажурналісты. Гэта тычыцца тых жа серыйных праектаў як «Асмолаўка» Вольгі Шукайла, «Вялікае падарожжа TUT.BY» Зміцера Брушко, праект пра першакурсніка з глыбінкі Вадзіма Заміроўскага, пра танцоўшчыка стрыптызу Дар’і Бурякінай і інш. Таму невыпадкова фотарэдактар беларускага партала лічыць праекты самымі моцнымі працамі фатографаў. «У далейшым мы плануем ладзіць больш такіх мерапрыемстваў, каб яны змаглі праявіць сябе поўнасцю», – гаворыць Юлія Ваўчок.Што тычыцца адзіночных здымкаў, то яшчэ на пачатку выставы ва ўрачыстай частцы галоўны рэдактар парталу Марына Золатава адзначыла здымак Івана Ярывановіча, які стаў своеасаблівым сімвалам 2017 года і падзей, якія ў ім адбываліся. На фотаздымку жанчына з Рагачова плача, паколькі павінна заплаціць налог на дармаедства – ёй не хапіла некалькіх дзён да таго, каб атрымаць «гадавы стаж». «Я не чакаў, што фотаздымак так разыйдзецца, так узбудзіць людзей, якія пасля будуць яго глядзець і неяк адзначаць у інтэрнэце каментарамі, рэпостамі і ўзносіць яго да фота года. Для мяне гэта было адкрыццём», – прызнаўся Іван.
Фота: Іван ЯрывановічУся падборка – гэта лепшыя працы фатографаў за пэўны перыяд. Вольга Шукайла, напрыклад, для сябе выдзеліла дзве свае працы: чырвоны дыван і дзяўчынку з Belarus Fashion Week: «Мне падабаецца кадр з дыванам – ён атрымаўся вельмі дынамічным. Калі б не кантэкст гэтага фота – па ім павінен прайсці прэзідэнт – яно бы зусім па-іншаму ўспрымалася, – распавядае Вольга, – а на здымку бэкстейджа тыдня моды я люблю пачуццё, калі разумееш, што гэта твой апошні кадр і ты скончыў працу на сёння! Такое ў мяне пакуль рэдка адбываецца, таму гэты здымак для мяне вельмі каштоўны».
Фота: Вольга Шукайла
Фота: Вольга ШукайлаУ рэшце рэшт, усе змаглі выдзеліць для сябе штосьці адзінае, самае блізкае. Вадзім Заміроўскі напрыканцы зрабіў агульны вынік, сказаўшы, што ў цяжкай справе фотакарэспандэнта важна ўмець абстрагавацца: «Для фатографа заўсёды будзе праблемай эмоцыя, якую ён адчувае, гледзячы на здымак. Вельмі цяжка размежаваць свае пачуцці і прагматычны падыход. Мне дапамагае ў гэтым выпадку тое, што я гляджу на мір у асноўным праз відашукальнік. Аднак самы ўразлівы момант для фатографа – момант адбору фотаздымкаў, паколькі менавіта тады цябе ніхто і нішто не абараняе». Журналістыка – прафесія, якая заўсёды гуляе з агнём, а фатаграфія ў ёй – тый сродак, праз які агонь перадаецца не літаральна. Не было бы патрэбы ў фатографаў, калі бы здымкі былі досыць простымі і мелі, як кажуць, «ілюстрацыйны характар». У журналістыцы тэкст – гэта гісторыя, роўна як і ў фатаграфіі здымак – таксама гісторыя, толькі ад чалавека з фотаапаратам. Адсюль просіцца наступная выснова: праекты, што прадстаўлены на выставе, – не толькі гісторыі людзей, з якімі працавалі фатографы, але і гісторыі саміх фатографаў. Мастацкія рысы ў серыях фотажурналістаў – вольнае паветра ў іх складанай працы, якое яны шануюць і змагаюцца зберагчы.***Выставу «Справаздача'17: лепшыя здымкі фотаслужбы TUT.BY» можна будзе наведаць да 18 студзеня 2018 года з 9:00 да 18:00 у Галерэі TUT.BY (Мiнск, пр. Дзяржынскага, 57).Тэкст: Ганна Шаркоабмеркаваць на форуме zнята