Уступ маладых людзей у шлюб – цудоўнае свята для ўсіх, напоўненае светлым радасным настроем, добрым гумарам, цёплымі эмоцыямі. Кожны жадае зрабіць гэты дзень незабываемым і чароўным. Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае апынуцца ў чароўнай атмасферы вяселля, узгадаць светлыя эмоцыі і падзяліцца цудоўнымі ўражаннямі.
Максім Багдановіч з`яўляецца адным з самых любімых беларускіх паэтаў. Родную мову яму давялося вывучаць па кнігах, газетах, па слоўніку беларускай мовы Івана Насовіча. Значны ўплыў на будучага паэта аказалі беларускія казкі і песні, якія ён чуў ад сваіх цётак у дзяцінстве. І потым, ужо будучы прызнаным беларускім пісьменнікам, Максім Багдановіч звярнуўся да напісання твораў у беларускім народным стылі. Адным з такіх твораў стала вершаваная казка «Мушка-зелянушка і камарык − насаты тварык», упершыню апублікаваная ў газеце «Наша Ніва» 7 мая 1915 года. Матыў казкі – няўдалая жаніцьба камара − пачэрпаны Багдановічам з народных песень.У падзагалоўку да паэмы «Мушка-зелянушка і камарык − насаты тварык» аўтар адзначаў: «Вельмі жаласная гісторыя, выкладзеная згодна з праўдай беларускім вершам». Сапраўды, паэма ўсімі сваімі ідэйна-эстэтычнымі вартасцямі арганічна звязана з народнымі творамі, але ў той жа час гэта зусім арыгінальны і самабытны мастацкі твор: ён носіць яскравы адбітак характэрных своеасаблівасцей творчай індывідуальнасці паэта.