«Фотаздымкі 1960-2010» / фотавыстава ў Вiльнюсе

«Фотаздымкі 1960-2010» / фотавыстава ў Вiльнюсе

Адкрыцце: 21 лiпеня 2010 года (галерэя Саюза фотамастакоў Лiтвы, Вiльнюс), 17.00

Прысвечана 50-гадовай творчай дзейнасці Народнага фотаклуба «Мінск».
Прапануем вашай увазе выставу – сціплае адлюстраванне 50-гадовай творчай дзейнасці найстарэйшага фатаграфічнага аб’яднання Беларусі – Народнага фотаклуба «Мінск».
У верасні 1960 года група энтузіястаў-фатографаў праз газету «Знамя юности» заклікала фотааматараў горада аб’яднацца ў творчы калектыў з мэтай развіцця і прапаганды мастацкай фатаграфіі. Неўзабаве на агульным сходзе фотааматараў быў створаны гарадскі фотаклуб, мастацкім кіраўніком якога стаў адзін з вядомых фотамайстроў  Ісаак Іосіфавіч Салавейчык, вядомы тым, што яшчэ ў 1927 годзе быў адным з заснавальнікаў «Мінскага таварыства фатографаў-аматараў».  Адначасова ганаровым старшынёй фотаклуба быў выбраны Васілій Феафілавіч Купрэвіч – акадэмік, прэзідэнт Акадэміі навук БССР, які з вялікай цікавасцю ставіўся да фатаграфіі і спрыяў стварэнню фотаклуба. Добразычлівасць да новага аб’яднання прадэманстраваў Мінскі абласны савет прафсаюзаў – выдзеліў памяшканне для працыклуба. З тых часоў і на сёння адрас: вуліца Казлова, 2 быў і застаецца прыцягальным для ўсіх, хто звязаў свой лёс з фатаграфіяй. Шасцідзясятыя гады ХХ стагоддзя для калектыву фотаклуба былі гадамі пошукаў метадаў працы, арганізацыі першых выстаў, пашырэння колькаснага складу клуба. За ўсім гэтым стаяла праца праўлення клуба, якое ў розныя часы ўзначальвалі Аляксандр Зайцаў, Васілій Брэдзіхін, Уладзімір Смірноў, Георгій Меншыкаў, а таксама штодзённая праца метадыста Валерыі Міхайлаўны Бархатавай. Фармальны спісачны склад клуба ў першай палове шасцідзясятых гадоў дасягаў трохсот чалавек. Але ж насамрэч рэальная колькасць дзейных членаў клуба была ў межах сарака (дарэчы, гэта лічба засталася  сапраўднай на працягу ўсёй гісторыі клуба). Найбольш актыўна і цікава ў той час працавалі  Генадзь Азаронак, Мікалай Байцоў, Вадзім Брэдзіхін, Аляксандр Глінскі, Уладзімір Грыбаў, Клара Кажарская, Фелікс Кучар, Георгій Меншыкаў, Уладзімір Няхайчык… Іх працы, розныя па тэматыцы, аб’ядноўвалі дабрата, шчырасць, высокая духоўнасць.
Мяркую, менавіта з таго часу і па сённяшні дзень гэтыя прынцыпы суправаджаюць творчасць фотаклуба.
Клуб быў школай практычнага вопыта для шэрагу навучэнцаў мінскага гарадскога прафесійна-тэхнічнага вучылішча №32, якое рыхтавала фатографаў. Сярод іх Міхаіл Батура, Віктар Ганчарэнка, Вольга Дзяржаўская, Ігар Кузьмінскі, Мікалай Макарэвіч, Міхаіл Шмарлінг…  Некаторыя з іх (В.Ганчарэнка, М.Шмарлінг) пакінулі прыкметны след у гісторыі творчай фатаграфіі Беларусі. Росту майстэрства членаў клуба спрыялі сустрэчы з вядомымі фатографамі Беларусі. Частымі гасцямі клуба былі Міхаіл Ананьін, Васіль Аркашоў, Уладзімір Дагаеў, Аляксандр Дзітлаў. Сваёй творчасцю дзяліліся фотакарэспандэнты вядучых выданняў краіны.
Канец 60-х – пачатак 70-х гадоў адзначаны першымі кантактамі з фотаклубамі СССР і заммежжа (Львоў, Ленінград, Севастопаль, Балгарыя, Чэхаславакія, ЗША, Канада).
У 1969 годзе фотаклуб займеў сваю эмблему (аўтар Георгій Меншыкаў) і назву «МІНСК».
Другая палова 60-х гадоў – час , калі ў клуб прыйшлі фотааматары са здаровай амбіцыяй і жаданнем - унесці навіну ў дзейнасць творчага аб'яднання. Перш наперш гэта Віктар Бутра, Аркадзій Бірылка, Юрый Васільеў, Віктар Ганчарэнка, Яўген Казюля, Валерый Лабко… Быў пакладзены пачатак арганізацыі персанальных і групавых выстаў. Першая з іх з удзелам Ю. Васільева, Я. Казюлі і Ф. Кучара адбылася ў 1968 годзе. З 1967 года фотаклуб у супрацоўніцтве з Таварыстам па культурных сувязях з замежнымі краінамі паказваў сваю творчасць на міжнародных выставах у Германіі, Польшчы, Румыніі…
Паступова выспявала думка, што для далейшага пашырэння творчых кантактаў клубу неабходны свой фатаграфічны праект, не падобны на іншыя выставы, фотасалоны. Ідэю падказала масавае захапленне фатографаў трансфармацыяй традыцыйнай паўтонавай фатаграфіі ў графічны твор праз ужыванне розных прыёмаў: ізагеліі, салярызацыі, поліхраміі і інш. Так нарадзіўся выставачны праект «Фатаграфіка-71», вынік якога быў ашаламляльным: 215 аўтараў  з 44 гарадоў Савецкага Саюза прыслалі каля 800 здымкаў. Гэта быў сапраўдны прарыў, які на многія гады замацаваў за Мінскам славу «фатаграфічнай Меккі».  Усталяваліся сувязі з клубамі  краіны, асабістыя кантакты з вядучымі фотамастакамі таго часу. Папулярнасць «Фатаграфікі-71» зрабіла выставу традыцыйнай. З вялікім поспехам прайшлі выставы ў 1973, 1975, 1978, 1981, 1989 гадах. Пашырэнне творчых сувязяў  дазволіла паказаць у Мінску выставы літоўскіх фатографаў Рамуальдаса Ракаўскаса і Аўдруса Завадскіса, творчай групы «Стадом» (Эстонія), аб'яднання мараканскіх фатографаў, фотамастака з Кірава-Чэпецка Аляксея Перавошчыкава, кіеўляніна Ігара Косціна, фінскага фатографа Антэра Такала. На выставе «Дзесяць фатографаў свету», арганізаванай фотаклубам у  сталічным Палацы мастацтва, мінчане пазнаёміліся з творчасцю такіх майстроў, як Леа Врана (Аўстрыя), Пэдра Луіс Раота (Аргенціна), Іштван Тот (Венгрыя), Фелікс Аліага (Іспанія), Рэнца Камбі (Італія)…
За актыўную працу па развіцці і папулярызацыі фатаграфічнага мастацтва фотаклуб у 1979 годзе атрымаў ганаровае званне «Народны».
Творчае выхаванне моладзі заўсёды было адным з галоўных напрамкаў дзейнасці клуба і ажыццяўлялася рознымі метадамі. З 1972 года і на працягу шэрагу гадоў член клуба Юрый Васільеў быў аўтарам і вядучым праграмы «Фотапанарама» Беларускага тэлебачання. А ў 1980-1990 гады ў клубе на грамадскіх пачатках працавалі  вучэбныя студыі пад кіраўніцтвам Віктара Жураўкова, Міхаіла Жылінскага, Валерыя Лабко, Альберта Цехановіча. Сярод выпускнікоў студый М. Гарус, С. Кажамякін, А. Калеснікаў, С. Качаргін, В. Латушкін, Г. Маскалёва, Ул. Паўлаў, Ул. Парфянок, Ул. Шахлевіч, Ю. Элізаровіч…  Гэтыя імены сёння на слыху ў фатаграфічным асяроддзі.
Дзейнасць клуба «МІНСК» у трэцім тысячагоддзі – працяг  папулярызацыі фатаграфіі праз паказ калектыўных і персанальных выстаў. Тут трэба прыгадаць фатаграфічны фестываль «Сутокі» (куратар А. Цехановіч), тэматычныя выставы па выніках фотапленэраў «Ад роднае зямлі, ад гоману бароў…» (прысвечана Я. Коласу), «Асветнік з Люцынкі» (па мясцінах жыцця В. Дуніна-Марцінкевіча), «Браслаўская восень», «Горад на Нямізе» і іншыя. Амаль усе члены клуба паказалі  свае персанальныя выставы. І не толькі ў Мінску. З творчасцю клуба знаёмы Навагрудак і Карэлічы, Стоўбцы і Узда, Браслаў і Вілейка, Смалявічы і Заслаўе, Лагойск і Глубокае…
Апошнія гады адзначаны прыходам у клуб новых творчых асоб. Сярод іх М. Бацюкова, А. Брагін, М. Вейзе, Н. Дзегцярова, В. Лойка, К. Мельнік, В. Раковіч, А. Шаліма, Ул. Шарнікаў – кожны  са сваёй індывідуальнасцю і творчай амбіцыяй. Менавіта гэта нараджае ўпэўненасць у новым творчым уздыме фотаклуба, вартым яго шматгадовай гісторыі.
Яўген Казюля
старшыня праўлення НФК «МІНСК»
абмеркаваць на форуме zнята