«Віленскі фестываль аналагавай фатаграфіі і кіно» у Мінску

 

 

23 лістапада ў 17:00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, потым у 19:00 у Галерэі-кафе «Артэль» адкрыецца выстава «Віленскі фестываль аналагавай фатаграфіі і кіно».


«Віленскі фестываль аналагавай фатаграфіі і кіно» у Мінску

 

Фестываль з'явіўся з жадання куратараў вярнуць фатаграфіі належныя ёй прасторы і межы. Сёння ў масавай культуры яна трактуецца выключна як плоская 2d-выява, асноўная задача якой – прыправіць манатоннае гартанне стужкі Фэйсбуку. Хоць сацыяльныя сеткі даюць творцам вельмі хуткую рэакцыю з боку публікі, аднак гэтую сувязь аўтар-глядач цяжка назваць якаснай і глыбокай. Яна зусім не прыдатная для фатографаў і гледачоў, якія хочуць непасрэднага кантакту.

 

У Мінску гледачам будзе прадстаўлены вялікі спектр жанраў і тэхнік фатаграфіі – ад скульптуры і аб’ектаў да папулярных у 1970-80-х гадах эксперыментаў з фатаграфікай; ад рэпартажа да found-photography і фатаграм.

 

На думку куратара, традыцыйныя фатаграфічныя тэхналогіі, якія часта цягнуць да бясконцасці шлях паміж зафіксаваным імгненнем і канчатковым вынікам (звычайна гэта адбітак), даюць фатографу магчымасць дыхаць і ствараць у сваім тэмпе без штучных абмежаванняў. Адна з мэтаў фестывалю -- паказаць, што менавіта традыцыйныя фатаграфічныя тэхналогіі з'яўляюцца адным з тых варыянтаў, які дапаможа аўтару вызваліцца ад дыктату і самастойна абраць тэмп друкавання, актуальныя і адпаведныя яго тэмпераменту або мастацкай стратэгіі тэмы.

 

Часта, калі гавораць пра вяртанне аналагавай і крафт-фатаграфіі ў мэйнстрым, спрабуюць гэтую з'яву інтэрпрэтаваць як рамантычны зварот да мінуўшчыны, але ў дачыненні да ўдзельнікаў выставы, гэта малаверагодна. Яны самі тлумачаць свой выбар як рух наперад і ігнараванне штучных абмежаванняў. Большасць з удзельнікаў мае даволі прыблізнае ўяўленне пра прафесійныя стандарты, якія панавалі ў мінулым, калі лабараторныя работы былі абавязковымі для кожнага фатографа. А тыя, хто ведае пра іх, прытрымліваюцца толькі тых, якія лічаць адэкватнымі сваім мэтам.

 

Упершыню выстава будзе праходзіць адначасова на двух пляцоўках: у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў і Галерэі-кафэ «Артэль». У рамках мерапрыемства запланаваныя майстар-класы па працы з аналагавымі матэрыяламі як для прафесійных фатографаў, так і для аматараў.

Куратар — Андрэй Антонаў (Літва)
Арганізатар у Беларусі — Віктар Сянькоў

 

Выстава даступная з 23 лістапада па 8 снежня 2018 года

Месца правядзення:
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, вул. Някрасава, 3
Галерэя Кафе «Артэль», пр-т Незалежнасцi, 58/1-6

Час працы:
НЦСМ: аўторак, чацвер, пятніца, субота – з 11:00 да 19:00, серада – з 13:00 да 21:00
Галерэя Кафе «Артэль»: з 10:00 да 19:00 штодзённа

 

Месца правядзенне майстар-класаў – пляцоўка Галерэі-кафе «Артэль».

 

 

 

 

 

 

 

Генеральныя партнёры:

 

Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь

 

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь

 

Галерэя Кафе "Артэль"

 

Беларускае Грамадскае Аб’яднанне Фатографаў