Выстава праекта Сяргея Лескеця «Нябачная маці»

З 24 студзеня па 9 лютага ў Галерэі Прасторы КХ пройдзе выстава фатаграфій з архіва Сяргея Лескеця, пад назвай «Нябачная маці».

Фатаграфіі, якія можна будзе пабачыць на выставе, зроблены на тэрыторыі Беларусі, рознымі людзьмі, у розныя часы. Сёння яны з'яўляюцца часткай вялікага фотаархіва (каля 10 000 адзінак), сабранага вядомым беларускім фатографам, гісторыкам, этнографам і калекцыянерам Сяргеем Лескецям.

Выстава праекта Сяргея Лескеця «Нябачная маці»



Што іх аб'ядноўвае? Відавочна, усе яны - партрэтныя выявы маленькіх дзетак - студыйныя ці аматарскія, але цалкам утылітарныя, а не мастацкія па сваёй першаснай задуме фатаграфіі.

У чым тады мастацкая вартасць гэтага праекта? Не відавочна. Але, калі вы ўважліва прыглядзіцеся да гэтых выяваў, то спачатку адчуеце нешта дзіўнае, нібыта чыюсьці нябачную прысутнасць, а потым - не з першага, а можа нават і не з другога погляду - прыкмеціце нібыта адмыслова прыхаваныя ці выпадкова патрапіўшыя ў кадр постаці, рукі, твары... Гэтыя прывідныя здані і ёсць «нябачныя маці» (альбо - «hidden mothers» - тэрмін ужо прыняты ў англамоўнай літаратуры). Усе гэтыя фота стваралісь такім чынам, каб мы не заўважылі іх, і нават, калі жаночая постаць ці яе фрагмент, ўсё ж такі траплялі на негатыў, то потым, на здымке, іх замалёўвалі ці прыхоўвалі пад папяровымі накладкамі.

У гэтым праекце мы намагаемся ізноў зрабіць іх бачнымі, прапануем перанесьці ўвагу з дзіцяці на маці і паразважаць над тым, чаму гэтыя жанчыны вырашылі схаваць сябе. А таксама над тым, як ўздзейнічаюць на нас сёння гэтыя фотаздымкі - з сентыментальнай і крытычнай пазіцыі, нагадваючы нам пра бясконцую і нябачную матчыну падтрымку гэтаксама, як і пра бясконцую і нябачную матчыну працу. 

Куратарка выставы: Лізавета Міхальчук

Сяргей Лескець – фатограф, гісторык, этнограф. Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Турэц-Баяры на Маладзечаншчыне. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэт імя Максіма Танка і аддзяленне найноўшай гісторыі Беларускага калегіума. У творчасці аддае перавагу тэмам традыцыйнай культуры, сямейных каштоўнасцяў, паўсядзённага жыцця. Збірае архіў беларускай фатаграфіі.

***

УВАГА! Кожны жадаючы можа прыняць ўдзел у выставе: калі ў вашых сямейных фотаахівах ёсць здымкі, на якіх тым ці іншым чынам «прысутнічаюць» «нябачныя маці» (магчыма, таксама таты, бабулі ці іншыя прывіды), вы можаце прынесці іх у КХ, і яны будуць далучаныя да экспазіцыі. Пасля заканчэння выставы, фатаграфіі павернуцца ўладальнікам. З вашай згоды, фатаграфіі будуць адсканаваны і далучаны да архіва «нябачных маці» Беларусі Сяргея Лескеця. Арганізатары будуць удзячныя, калі вы зможаце падпісаць фатаграфіі (імя/прозвішча тых, хто на фота; год (можна прыблізна), імя аўтара/уладальніка фота)


Арганiзатары чакаюць вашыя фота ў будзь-які іншы дзень, да 9 лютага.
Таксама можна дасласць фатраграфію ці скан фатаграфіі на пошту Галерэі КХ prastorakx@gmail.com.

Выстава працуе ў Прасторы КХ да 9 лютага (Брэст, вул.Халтурына 2/1)