Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва 2019
У Беларусі дадзены старт рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва» у 2019 – 2020 гадах.
Конкурс праводзіцца ў мэтах адраджэння, развіцця, папулярызацыі і паказу лепшых традыцый і дасягненняў нацыянальнага выяўленчага мастацтва, прыцягнення да яго ўвагі шырокіх слаёў грамадства; павышэння прафесійнага майстэрства ўдзельнікаў конкурсу; выяўлення і падтрымкі таленавітай моладзі, развіцця творчых здольнасцей.
Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі і абласныя выканаўчыя камітэты, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ / «Культура»
Конкурс праводзіцца па намінацыях:
- «Жывапіс»
- «Графіка»
- «Скульптура»
- «Дызайн»
- «Актуальнае мастацтва» (арт-аб’ект, інсталяцыя)
- «Мастацкая фатаграфія»
- «Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва»
- «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва»
- «Мастацтвазнаўства і крытыка» «Творчы дэбют»
Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца аўтары твораў выяўленчага мастацтва ў любых відах, жанрах і мастацкіх тэхніках і аўтары твораў літаратуры аб выяўленчым мастацтве, створаных за тры гады, якія папярэднічаюць тэрміну завяршэння прыёму заявак, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, маюць (або атрымліваюць) прафесійную адукацыю ў галінах выяўленчага мастацтва, дызайну, мастацтвазнаўства або не маюць прафесійнай адукацыі ў галінах выяўленчага мастацтва, дызайну, мастацтвазнаўства, але з’яўляюцца членамі творчых саюзаў (далей – аўтары).
У перыяд з 15 студзеня па 15 лютага 2020 года адборачная камісія па выніках адкрытага прагляду заявак і матэрыялаў вылучае па 10 работ у кожнай намінацыі для ўдзелу ў Рэспубліканскай выставе «Трыенале сучаснага мастацтва» (далей – Рэспубліканская выстава). Па рашэнні адборачнай камісіі колькасць работ, адабраных для ўдзелу ў Рэспубліканскай выставе, можа быць павялічана або паменшана.
Асноўнымі крытэрыямі ацэнкі твораў мастацтва і літаратуры з’яўляюцца:
- наватарства;
- мастацкая каштоўнасць;
- індывідуальнасць;
- актуальнасць тэмы;
- развіццё мастацкіх традыцый.
У перыяд з 1 мая па 30 чэрвеня 2020 г. па выніках адкрытага прагляду і ацэнкі твораў мастацтва і літаратуры, экспануемых у рамках Рэспубліканскай выставы, журы конкурсу вызначае пераможцаў конкурсу.
Журы конкурсу вызначае па аднаму пераможцу конкурсу ў кожнай намінацыі. Журы конкурсу мае права не вызначаць пераможцаў у той ці іншай намінацыі.
Аўтарам (калектыву аўтараў), якія сталі пераможцамі конкурсу, устанаўліваецца грашовая прэмія ў памеры 100 базавых велічынь у кожнай намінацыі, а таксама ўручаецца дыплом лаўрэата і спецыяльны прыз.
Для ўдзелу ў конкурсе неабходна запоўнiць Заяўку.
Заяўкі на ўдзел у конкурсе дасылаюцца да 15 студзеня 2020 года у электроным i друкаваным выглядзе з паметкай «Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва» у адрас Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (вул. Карла Маркса, 12, тэл.: 226-09-22, 226-05-32, +375 29 159 78 21, эл.адрас: info@histmuseum.by).
Да заяўкі прыкладаюцца наступныя матэрыялы:
- фатаграфіі на папяровых і электронных (у фармаце JPEG, 300 dpi) носьбітах інфармацыі;
- фатаграфія аўтара (калектыву аўтараў) твора на папяровых і электронных (у фармаце JPEG, 300 dpi) носьбітах інфармацыі;
- зместавае і тэхнічнае апісанне твора мастацтва на папяровых і электронных носьбітах інфармацыі.
Фатограф павiнен з’яўляюцца аўтарам фатаграфiчнага матэрыялу, прадстаўленага ад яго/яе iмя на конкурс. У выпадку ўзнiкнення пытанняў арганiзатары конкурсу маюць права запытаць пацвярджэнне аўтарства дасланага матэрыялу.
Ад кожнага аўтара на конкурс могуць быць заяўлены:
- адзiночны здымак;
- серыя работ
Серыя павiнна змяшчаць не менш за 3 i не больш за 10 фатаграфiй.
Кожная фатаграфiя можа быць заяўлена толькi ў адну намiнацыю, альбо адзiночным здымкам, альбо серыяй. Дубляванне не дапускаецца.
На сайце Нацыянальнага гістарычнага музея можна азнаёміцца з ІНСТРУКЦЫЯЙ аб парадку арганізацыі і правядзення рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва» у 2019 – 2020 гадах і іншымі матэрыяламі.