Джон Кунстадтэр: «Няма чалавека акрамя простага чалавека»

Джон Кунстадтэр фатаграфуе з 1968 года і за гэты час здымаў у больш за пяцідзесяці краінах на чатырох кантынентах. Пачаў фатаграфаваць у Беларусі ў 2000 годзе, а з 2006 года прысвячае фатаграфаванню ў нашай краіне да дзевяноста дзён кожны год. Вынікі гэтый працы можна пабачыць на персанальным сайце фатографа.

Джон Кунстадтэр: «Няма чалавека, акрамя простага чалавека»
На фота: Джон Кустандтэр з Алесем Камоцкім і Рыгорам Барадуліным
, 2009 год

- Як сталася, што Вы пачалі займацца фатаграфіяй у Беларусі?

- Беларусь была часткай майго жыцця да таго, як я даведаўся пра яе існаванне. Бо калі б не Касцюшка з Мерачоўшчыны (цяпер Косава Івацэвіцкага раёна), можа і амерыканцаў ніякіх не было б. Я вырас на Чыкагшчыне. Можам лічыць Чыкага горадам Вялікага княства, бо здаўна там жывуць шматлікія палякі, літоўцы, украінцы, беларусы – усе са сваімі касцёламі, цэрквамі, традыцыямі. Пасля 1871 года, калі ў пажары згарэла большая частка горада, яны адбудоўвалі Чыкага. Колькі сябе памятаю, мяне вабіць дух, спадчына і лёс тых маіх землякоў.

- Што Вас асабліва натхняе ў нашай краіне?

- Гучанне мовы і водар глебы. Ці не першым вершам, што я пачуў па-беларуску, быў «Магутны Божа»: «Над Беларусяй ціхай і ветлай рассып праменьні сваёй хвалы». Верш ціхі, разважлівы, як сама мова. У ім глыбінны зварот да Бога. І ў ім свет – марфалагічная аснова мовы фатографа. Відаць, сэнс і гучанне гэтай страфы наканавалі мне фатаграфаваць Беларусь. Наканаванне ёсць наканаванне.

Джон Кунстадтэр: «Джон Кунстадтэр: «Няма чалавека, акрамя простага чалавека»чалавека акрамя простага чалавека»
Фота: На збор мёду, Аздамічы 2006 год

А калі я не пачуў бы «Магутны Божа», я пачуў бы «Летапісца» Багдановіча: «Так рупная пчала ўмее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак». Я прачытаў бы «Дрэва вечнасці» Караткевіча, «Неруш» Барадуліна ці «Ля дзікага поля» Арлова. Я пачуў бы Алеся Камоцкага, Віктара Шалкевіча, Лявона Вольскага, Таццяну Беланогую. Ці сустрэў бы якога з беларускіх краязнаўцаў, бо немагчыма вандраваць па Беларусі і не пазнаёміцца, скажам, з культуролагам Антонам Астаповічам. Цікава, што многія краязнаўцы - зацятыя і выдатныя фатографы, так што не заўсёды і разбярэш, якое з іх захапленняў першаснае. У Паставах я меў гонар пазнаёміцца з групай краязнаўцаў-фатографаў на чале з Андрэем Мацурам. З радасцю абменьваюся ацэнкамі і фатаграфіямі з ваўкавыскім краязнаўцам-фатографам Уладзіславам Мігдалёнкам.

- Што Вы імкнецеся адлюстраваць у Вашых фатаграфіях?

- Кола года і твары – а разам гэта кола жыцця, ці не так? Нідзе на свеце няма чалавека, акрамя простага чалавека. Касцёльныя і царкоўныя святы, сямейныя і каляндарныя традыцыі і абрады, сувязь пакаленняў, справы чалавека і чалавек справы з яго мудрай верай у тое, што яго дабрабыт залежаць таксама і ад волі Божай.

Джон Кунстадтэр: «Няма чалавека, акрамя простага чалавека»
Фота: Падрыхтоўка да Вялікадня, Аздамічы 2009 год

Джон Кунстадтэр: «Няма чалавека, акрамя простага чалавека»
Фота: Рубель, 2009 год

Маё фатаграфічнае шчасце ў тым, каб заўважыць і «занатаваць» за беларусам традыцыю – такую драбнютную, незаўважную, што ён і не ўсвядоміць, што гэта традыцыя, пакуль не пабачыць яе на фота – задакументаваную «элементарную часціцу» культуры. Па-гаспадарску акуратны двор і цікава, весела змайстраваны плот, праводзіны сонца на лаўцы пад домам разам з суседзямі (лаўка – гэта ж агора) і гульні гарадскіх дзяцей на вакацыях у бабулінай вёсцы. Рукі - працавітыя, але абавязкова зграбныя, дбайныя нават у спакоі, і, як заўсёды, складзеныя належным чынам. На мой погляд, рукі найбольш красамоўна сведчаць пра адметныя беларускія традыцыі, адметны беларускі код росту і пачуццё месца. На такой нібыта драбязе тысячагадовая цывілізацыя трымаецца.

Джон Кунстадтэр: «Няма чалавека, акрамя простага чалавека»
Фота: Цераблічы, 2010 год

Мне радасна быць летапісцам тых сем’яў, прыходаў, парафій, вёсак, дзе я бываю. У беларускіх вёсках я атрымаў і свае найвышэйшыя фатаграфічныя ўзнагароды – час ад часу старыя просяць мяне зрабіць ім партрэт на помнік.

- А чаму аддаеце перавагу чорна-белай фатаграфіі?

- У мяне такое ўражанне, што колер нібыта затрымлівае гледача на паверхні, на відавочным, перашкаджае глыбей успрымаць час і прастору. Мне здаецца чамусьці, што чорна-белая фатаграфія мае трываласць, гонар, «заўсёднасць» гравюры.

- Вы шмат здымаеце рэлігійныя абрады…

- Я іду ў касцёл, у царкву на імшу, на літургію. Фатаграфаванне адыходзіць на другі план. Мой вялікі клопат падчас набажэнстваў - ні ў чым не перашкодзіць, не быць заўважаным. Камера Leica дапамагае, бо працуе бясшумна. Я шукаю такія пазачасовыя моманты, пазачасовае асвятленне. Час, у якім мы ўсе жывем, - гэта chronos, храналагічны час. А існуе яшчэ kairos – час Бога. Яго я і мару сфатаграфаваць.

Джон Кунстадтэр: «Няма чалавека, акрамя простага чалавека»
Фота: Усьпеньне, Рубель 2012 год

- А як у вёсцы рэагуюць на Вас, замежнага чалавека, які размаўляе па-беларуску?

- Як, напрыклад, жыхары французскай вёскі на чалавека, які прыязджае і звяртаецца да іх па-французску.

- Якіх фатографаў, беларускіх і небеларускіх, Вы для сябе выдзяляеце сярод іншых?

У Беларусі я перш за ўсё я пазнаёміўся з Дзянісам Раманюком. Мне пашанцавала два разы паехаць з ім у фотаэкспедыцыю і паспець сфатаграфаваць абрады, сведкам якіх цяпер, праз дванаццаць гадоў, наўрад ці магчыма стаць. З нашых размоў я пачаў разумець, што значыць быць беларусам. Я захапляюся яго фатаграфічнай тэхнікай, яго энцыклапедычнымі ведамі і апантанасцю беларускай этнаграфіяй і традыцыямі.  «Беларускія народныя крыжы», альбом-прысвячэнне Дзяніса працы свайго бацькі, – гэта для мяне надзвычайна важная кропка адліку.

Я таксама з вялікай цікавасцю сачу за творчасцю Сяргея Плыткевіча і Алены Шаліма. Калі гаварыць не пра сучаснікаў, а пра фатографаў ранейшых пакаленняў, то я ўзгадаю Яна Булгака, які для мяне ёсць невычэрпнай крыніцай натхнення. Так сталася, што толькі ў 2011 годзе я пазнаёміўся з творчасцю Зоф’і Хамянтоўскай. Для мяне яе фатаграфіі заходняга Палесся – дадатковы стымул працягваць тую працу на Століншчыне і Піншчыне, якую я раблю на працягу апошніх шасці гадоў.

Мяне натхняе творчасць ангельскага фатографа Джэймса Равіліаса (James Ravilious - рэд.). Сярод маіх ўлюбёных партрэтыстаў - Пол Стрэнд (Paul Strand - рэд.), Юджын Сміт (W. Eugene Smith - рэд.), Аўгуст Сандэр (August Sander - рэд.), а таксама Брус Дэвідсан (Bruce Davidson - рэд.) з яго альбомам «East 100th Street».

Джон Кунстадтэр: «Няма чалавека, акрамя простага чалавека»
Фота: Вадохрышча, Давыд-Гарадок 2013 год

- Ці ладзілі Вы ўжо персанальную выставу пра Беларусь у Злучаных Штатах?

- Так, дзве. Першую ў 2008 годзе ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку з дапамогай беларускага прадстаўніцтва ў ААН. Другая адбылася летась у чэрвені ў маім універсітэце на саракавыя угодкі нашага выпуску. І наведвальнікі ў Нью-Ёрку, і мае аднакурснікі былі глыбока ўзрушаныя і напісалі ў гасцявой кнізе, што людзі на фатаграфіях для іх – свае.

- Здолееце сфармуляваць Вашае фота-крэда літаральна адным сказам?

- Няважна, каго глядач бачыць на фатаграфіі. Важна, каго бачыць чалавек, які глядзіць з фатаграфіі.

Дзякуй, спадар Джон, за пазнавальную размову!

Тэкст: Ганна Ражанцова
Фота: Джон Кунстадтэр, radzimaphoto.com


Крыніца: znyata.com

Абмеркаваць на форуме zнята