Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Iмя Анатоля Клешчука добра вядома ўсім прыхільнікам лірычнага беларускага краявіду. Але фатограф у сваей творчасці шмат увагі надае і вобразу звычайнага чалавека, нашага сучасніка, якога не абмінулі хібы гісторыі нашай краіны. Спадзяёмся, што мы адчынім невядомую старонку творчасці выдатнага майстра для ўсіх аматараў беларускай фатаграфіі.


Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

- Па традыцыі - крыху пра сябе... З кім маем справу?

- Ёсць на Случчыне вёска Вынiсцы,
зараз яе перайначылi ў Вынiшчы.
Там я нарадзiўся, а жылі на ўскраіне Слуцка.
Але менавіта вёска была маей стыхіяй. Усё жыццё вёска вабіць.
Потым - Слуцкая школа нумар 9.
Пасля армiі паехаў у Мiнск. Першае месца працы – 407-мы авiярэмонтны завод.
Хацеў паступаць у “палiцех”. Хадзiў на падрыхтоўчыя курсы,
але хутка зразумеў, што грамадзянскай будоўляй займацца не буду.
Сам не ведаў, чаго хацеў. На той момант ужо бегаў, нешта здымаў
бацькіным фотаапаратам «Масква-5».
У дзяцінстве здымаў адну-дзве стужкi ў год.
Стужку трэба было праявiць. Нам з братам было цiкава, як гэта робiцца,
але бацька казаў: «Не перашкаджайце!». Чым больш ён гэтак казаў,
тым больш нам было цікава! Забараняў нам браць фатаапарат.
А я быў такi, што калi што браў ў рукi - яно чамусьці псавалася.
У школе пайшоў у фотагурток, ва ўсіх былi «Смены-8»,
а кіраўнік мне даў «ФЭД-2».
I нешта адразу зламалася.

- А бацька ўмеў фатаграфаваць?

Да нас прыходзiў сябра бацькi, Вячаслаў Дубiнка, што летась памёр.
Працаваў у раённых газетах, у «Звяздзе».
Ён i нас, дзяцей, здымаў. Ён мяне i заразiў фатаграфiяй.
Першы iмпульс пасля бацькі быў менавіта ад гэтага чалавека.
А фатаграфiя была проста ягоным жыццём.
Калi я да яго ў Мiнску прыяджаў, бачыў гармонiю ва ўсiм, нават у тым,
як ён картачку ў кювеце варочаў.
Вось гэты чалавек на мяне вельмi паўздзейнiчаў.
Бацька быў простым будаўніком-электрыкам.
Але ганарыўся, што ў яго ёсць фотоаппарат i гэткi сябра.
Бацька неяк умудрыўся дзвух ласёў засняць. Здымак надрукавалi ў Слуцкай раёнай газеце.
Яшчэ памятаю, як хадзiлi з класам у паход.
У аднаго хлопца была «Чайка» на 72 кадры. Ён нiчога не здымаў.
I, калi сябры недзе гулялi, я змалацiў усю стужку, а яму нiчога не сказаў.
Пазней было здзiўленне: адкуль усё гэта ўзялося?
Калi ў Мiнск прыехаў i працаваў на заводзе -
гэта быў прыкладна 79-80 год, быў дэфiцыт усяго.
I ў ГУМе 30 альбо 31 снежня, каб выканаць план, “выкiдывалi” ў продаж фотааппараты.
«Зенiт» па 100 рублеў.
А яшчэ тады пайшла мода на джынсы.
I ўсе ў фарцоўшчыкаў куплялі па 120-160 рублеў.
А ў мяне зарплата была 120… Але я ўсё ж купiў сабе «Зенiт».
I гэты выбар таксама паўздзейнiчаў… На Карла Маркса была камiсiёнка.
Там набываў оптыку. Стаў хадзiць на выставы, даведаўся пра фотаклуб.

- Што запомніў з выставаў?

- Самая першая, якая ўразiла - Ракаўскас з Літвы прывёз у Мiнск «Квецень».
Разы тры хадзiў. Я тады думаў, чаму я не бачу тое, што бачыць ён?
Тады вырашыў схадзiць у фотаклуб.
Прыйшоў. Падвал, цiшыня. Пагрукаў. Цiшыня.
Стаю, думаю, што рабiць?
Чую крокi, дзверы адчыніліся, гэта быў Аркадзь Бiрылка.
Я нешта спытаў, ён адказаў, калi прыходзiць. Так i пайшло.
Патрапіў у кампанiю гэткiх жа абалдуеў, якiя не ведалi, чаго хацелi.
Аркадзь нешта нам распавядаў… Шмат чаго незразумелага...
Але зарадка ад яго была вельмi моцная.
Аркадзь нам усялiў мару!
Васiльеў, Казюля, Лабко - яны былi для нас Богi, сапраўдныя мэтры!
Яны жылi нібы паралельна. Там былi словы - FIAP, фатаграфiка…
Я не разумеў, пра што размова!

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

- Калі ты зразумеў, что фатаграфія - твая стыхія?

- Я думаю, што адчуў гэта, калi працаваў яшчэ на заводзе.
Газета і фатаграфія былі адзiнымі сродкамі выявіць сябе.
Там ужо патрэбны быў узровень, арыгiнальнасць.
I ўсе фатографы жадалі друкавацца ў газетах.
Я сваю першую картачку надрукаваў у «Вячорцы».
Нешта зняў на Мiнскiм моры i прывалок Юрыю Захараву.
Яшчэ не было метро. Я дабiраўся з работы на аўтобусе ў стары Дом друку,
здаваў картачкi i бег назад, каб нiхто не ведаў. Мне хапала перапынку на абед!
І гэтая «патаемнасць» мяне вельмі заводзіла!
У 81-м я пакiнуў завод i ўладкаваўся ў фоталабараторыю БДУ.
Мне хацелася быць нарэшце ў гэтай стыхii.

- А што скончыў?

- Журфак.
А я ўжо друкаваўся ў «Мiнскай праўдзе», супрацоўнічаў з «Чырвонай зменай».
Фатаграфii сам вучыўся.
Яшчэ не скончыў журфак, а мяне ўжо ўзялi ў «Сельскую газету».
Гэта быў рай! Прыяджаеш у сяло - цябе сустракае, самае меньшае,
трэцi сакратар райкама партыі з машынай. Мне тады было 28 гадоў.
Вазiлi, паказвалi самае лепшае, потым - за стол... Якое тут мастацтва?
Я для сябе зрабiў раздзяленне:
альбо я працую сумленна, альбо жыву па iхніх правiлах.
Я патрапiў у час перамен, перабудовы.
Тады стваралiся «Общества трезвости».
Значкi павесiлi… Цiкава!
Рэдактару з ЦК перыядычна «раілі», як трэба «жызнь» паказваць.
Памятаю, быў у Ашмянскiм районе. Мяне зноў вазiлi, паказвалi.
Спыніліся каля рэшткаў царквы.
Тут бабка нейкая выскоквае з фатакарткай.
I расказвае, што тут была царква, вельмi добрая.
А потым паказвае на адну хату i гаворыць, што яе з той царквы і пабудавалi.
Я паздымаў гэтую бабку, тую хату, гiсторыю запiсаў, Потым у тэксце словы Луначарскага i Ленiна прыплёў для важнасці ўзнятай праблемы.
Рэдактар збіраўся ставiць востры рэпартаж у нумар, але з ЦК зноў пазванілі і «параілі» не спяшацца друкаваць. Вось такая была перабудова!
Мой плюс яшчэ i ў тым, што я пiсаць магу.
Мне заўсёды было цiкава гэта рабiць.

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

- А ці былі нейкія станоўчыя вынікі пасля тваiх артыкулаў?

- Можна па-рознаму глядзець.
Многiя журналiсты кажуць, што вынiк нашай працы амаль нулявы.
Мала што мяняецца. Але людзi па-ранейшаму пiшуць лісты ў газеты,
спадзяюцца на журналістаў, калі iншых магчымасцяў дамагчыся справядлівасці і дапамогi ў iх няма.
Я памятаю час, калi была рубрыка, пад якой паказвалi хiбы жыцця.
Потым і гэта скончылася…

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

- Ці доўга працаваў у «Сельскай газеце»?


- З 85 года па 91-шы. Перацягнулi мяне ў новае выданне -- «Рэспублiку».
Я тады ўжо адчуў смак іншай фатаграфii.
У «Сельскай газеце» паказваць мiтынгi было нельга. Беларуская мова не ўспрымалася.
А для «Рэспублiкi» я здымаў слуцкую лiцейку, рабочых, чорных ды мурзатых.
У мяне ў часопiсе «Беларусь» была нават персанальная рубрыка «Землякi».
Я шукаў незвычайных людзей, здымаў, пiсаў пра iх.
Там я быў да 93-га. Потым - у «Звязду», дзе зараз i працую.
Я яшчэ кiраваў фотагуртком у Доме культуры чыгуначнiкаў, калі вучыўся ў БДУ.
Мне там падабалася, але зразумеў, што быць настаўнiкам, вучыць – не маё прызванне.
А вось газета – сапраўды мая стыхiя, мой шанец.
У свой першы адпачынак у «Сельскай газеце» я працаваў цэлы месяц памочнiкам камбайнера. Спасцігаў жыццё хлебаробаў. А яшчэ бадзяўся па верхнедзвінскіх хутарах, здымаў касцёлы, краявіды і людзей.

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

- А чым прывабіла «Звязда»?

- У газеце заўсёды працавала шмат цікавых людзей, размаўлялi па-беларуску. Там былі і ёсць свае традыцыі.
Заўсёды туды цягнула. Але я думаў, што гэта нешта вышэйшае,
што патрапiць туды я магу толькі «калiсьцi».
Там працавалi фатакорамі Мікалай Амельчанка i Яўген Пясецкi.
У iх былi выключныя кампазiцыi. Яны друкавалiся ў «Правде», «Известиях».
Я не любiў, калi мне казалі: здымi вось гэта, альбо вось гэта.
Вядома, выконваў загады рэдакцыі, здымаў па заданні...
Але тое, што прывозiў з глыбiнкi, было куды цікавейшым і сабе, і іншым. Здымаць вольна ў глыбінцы было бальзамам для душы.
I, дзякуй Богу, што і гэта было запатрабавана.
Пачаўся перыяд, калi мне ў «Рэспублiцы» перастала падабацца.
Журналiст - гэта эмоцыі. Павінна быць работа, а не штурм кабінетаў.
Калi прыйшоў у «Звязду» - быў 93-94 год. Першыя выбары прэзідэнта! Лукашэнка, Шушкевiч, Пазняк, як кандыдаты, прыходзілі на наш пяты паверх. Жыцце кiпела. Гэта было цiкава!

- А як ты пракаментуеш вось такое меркаванне на форуме ZНЯТА: «Вот, например, Анатолий Клещук - известный пресс-фотограф... Не знаю, чем он занимается для души, но мне он известен как фотограф, который каждый день обновляет главную страницу газеты «Звязда» снимком в стиле классического соцреализма. Доярки, счастливые дети, покупатели на фоне полок, забитых товарами и рабочие-передовики. И лишь когда он обращается к природе, я вздыхаю с облегчением и сохраняю фото в папку с избранным».

- Справа ў тым, што ў мяне ёсць свой унутраны закон:
кожны чалавек мае адно жыцце і яно, вядома, самае прыгожае.
I кожны чалавек лiчыць, што ён самы лепшы.
Калi я бачу чалавека, я імкнуся ўбачыць у ім толькi лепшыя рысы.
Калi я зраблю дрэнны, альбо нецікавы здымак, я быццам яго крытыкую ці зневажаю.
Хачу ў чалавеку бачыць толькi чалавека.
У мяне за апошнія гады не было асаблівых замоў і заданняў у газеце. Але ўласныя праекты і рубрыкі ёсць. Езджу і здымаю тое, што лічу важным, што мне самому падабаецца, тое, дзе ёсць эстэтыка. І гэта супадае з поглядамі маіх калег-звяздоўцаў.
Чалавека здымаць не так і проста, як некаму падаецца на першы погляд. Бо не заўсёды ўдаецца адчуць і перадаць ягоны стан душы.
Ён альбо есць, альбо яго няма.
І па заказу здымаць немагчыма. Дзякуй Богу, мне ўжо даўно не кажуць, як трэба здымаць. І каго. Я сам ведаю, бо я - чалавек свайго часу.

- Ты не лічыш свае здымкі на першай паласе «Звязды» кампрамісам?

- Ні ў якім разе.

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

- А як пачалася гісторыя з Чарнобылем?


- Яна цягнецца i зараз.
Я сам у той момант быў у Гомельскай вобласцi ў Веткаўскiм раёне.
Дырэктар славутага Веткаўскага музея Фёдар Шкляраў казаў, што плануе ехаць у вёску,
запiсваць абрад «Каб сена ўрадзiла».
Я таксама планаваў паехаць. А тут - Чарнобыль.
Гэта быў такi мрак!
Катастрофа здарылася, а ўлада нічога не казала да 4 мая...
Я паздымаў той абрад. Цiкавы, паганскi…Адтуль я пераехаў у Чэчэрск.
Там было ўжо шмат аўтобусаў -- дзяцей вывозiлi з зоны.
Як я сам даехаў да Гомеля, а потым да Мiнска - зараз памятаю смутна.
Было ўражанне, што iдзе вайна.
Потым я паехаў у зону ў канцы лiпеня. Хойнiкi, Брагiн…
Потым - па месцах, дзе будавалі дамы для перасяленцаў.
Ішло жніво, каб паказаць, што жыццё працягваецца.
Туды, дзе ішла эвакуацыя, я не трапіў. Ды i страху было шмат.
Толькі пазней стаў перыядычна ездзiць.

- Чарнобыльскія альбомы ... Як ты да іх ставішся?


- Чарнобыль - гэта тэма, якая будзе доўга жыць.
Тыя, што засталiся ў зоне - гэта iхняе жаданне!
Яны проста засталiся там жыць. I рабiць з iх нейкiх вязняў - гэта не маё.
А вось тое, што адбывалася ў шпіталях - пра гэта гаварылi мала.
Прыйсцi ў шпіталь i здымаць было вельмi няпроста.
Я вырашыў, што буду ездзiць у зону, глядзець, што там адбываецца.
Асаблiва цiкава на Радаўнiцу…
Матэрыялу там ажно зашмат! Але галоўная праблема Чарнобыля – у бальніцах.
Я люблю, каб у журналiсцкай фатаграфii сацыяльнасць выходзiла на першы план.
Адчуваў, што трэба здымаць тых людзей, якiя сапраўды пацярпелi ад катастрофы.
Якiя захварэлi. Дзяцей, якiх вельмi доўга не прызнавалi ахвярамi Чарнобыля.
Толькі на 15-годдзе прызналi.
Так вось і пачаў гэта здымаць.
Напэўна гадоў сем я хадзіў па шпіталях.
Адчуў, што нешта атрымлiваецца.
Чарнобыль з разбiтымi шыбамі i разбуранымі хатамі - гэта ўчарашнi Чарнобыль.
Гэта ўжо не праблема. Праблема - як жыць далей. Як выжыць?

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

- Праз альбомы была непасрэдная дапамога?


- Гэта было нават самае першае жаданне. Дапамагаць!
Але людзi не хацелi бачыць слезы i кроў на фотаздымках.
Я iмкнуўся пазбягаць вiдавочных пакут на дзіцячых тварах.
Мае працы, тым не менш, былi запатрабаваныя.
Здавалася, калi людзi ўбачаць гэтыя фотаздымкі, адгукнуцца душою, што
фотаздымкі ў каталогах паспрыяюць збіраць дапамогу, падтрымліваць хворых. Я адчуваў важнасць сваёй справы i гэта натхняла…
Нямецкі фонд “Дзецям Чарнобыля”, які паспрыяў выпусціць у свет фотаальбом “Чарнобыль 1986-2006. Жыць з трагедыяй” з маімі здымкамі дапамагае Беларусi каласальна! Абсталяваннем, лекамi…
Альбом усiм раздаюць бясплатна.
А сабраць грошы на кнiгу нават у Германii цяжка.
А ў нас гэткую фатаграфiю доўга не пускалi ў музеi.
Толькі ў 2006 на 20-годдзе Чарнобыльскай катастрофы атрымалася правесці персанальную выстаўку ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

- Чарнобылю селета - 25 гадоў. Працяг будзе?


- Здымаць працяг дзіцячых пакут без асэнсавання - не магу.
Буду ездзiць у зону, назiраць. Але што паказваць?
Спачатку ў мяне быў пратэст, крык. Я хацеў, каб людзi ведалi, бачылi.
Каб людзi думалi пра здароўе, пра будучыя пакаленнi.
Я адчуваў, што гэта мая стыхiя. І гэта быў не пафас.
Мне былі цікавыя чарнобыльскія лёсы.
Людзі ведалі, што я здымаю не толькі для газеты.
Зараз iсцi тымi ж калідорамі… Не ведаю.
Цiкава знайсцi тых, хто застаўся жывы, каго фатаграфаваў 10, 15 і 20 гадоў таму.
Магчыма ўсё ж буду працягваць тэму. Буду здымаць тых, каго некалі здымаў яшчэ маленькiм.
Але трэба шукаць форму, каб было цікава і востра.
Гэта нельга здымаць проста так.
Проста так нельга здымаць iнвалiдаў, бамжоў, iншыя сацыяльныя тэмы.
Трэба нешта гаварыць, даносіць, адкрываць. А каб пачулi, трэба знайсцi зразумелую мову, як гэта сказаць.
І Каб гэта не выглядала спекулятыўна.
Мне ж гаварылi ўсялякае, кшталту, што я на гэтым падняўся…
А я ўсё жыцце хацеў здымаць простых людзей. Людзей у бядзе.
Але адно - проста “накасiць” процьму партрэтаў у вёсцы,
і зусім іншае - здымаць людзей, якiя чагосьцi вартыя.
Я ў свой час у «Сельскай газеце» зняў усiх кавалераў ордэну салдацкай Славы,
якiя тады былi ў Беларусi. Чалавек 25-28.
Я ведаю, што нiхто не здымаў гэтых кавалераў у іхнім простым жыццi, без пафасу.
Кожны ордэн Славы – гэта, лічы, перамога салдата над смерцю.
Думаў, што некалi я iх надрукую, зраблю выставу…

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Калi пачалi гаварыць пра выратаванне яўрэяў, здымаў тых людзей, якіх называюць «Праведнікамі Свету» - яны ратавалі яўрэяў у час Халакосту.
Тэрытарыяльна ў Беларусi была каласальная канцэнтрацыя Праведнiкаў!
Зараз тых бабак і дзядкоў ужо няма. Iм i тады было па 60-70 гадоў.
Добрая серыя атрымалася. Шчымлівая, праўдзівая.

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

А Чарнобыль нельга забываць!
Гэта адна з буйнейшых катастроф планеты!
Хто, як не фатографы пра гэта павiнны нагадваць?

- Твой самы вядомы альбом - тры выданні «Пад небам Беларусi».

- Калi пачалi праводзiцца Днi Беларускага Пiсьменства,
мне ў рэдакцыi сказалi, што трэба падрыхтаваць выставу.
Гэта абавязковыя выставы…
Праўда на дзень-два і больш нiкому не патрэбны!
А я ж так не магу!
Я рэдактара даставаў, што трэба i шкло, i дастойныя рамкi для афармлення.
Не люблю я «калгасу»!
У Мсцiслаўі таксама была выстава, развесiлi яе ў вялікай кніжнай палатцы.
Прэзідэнт павiнен быў адкрываць помнік Пятру Мсціслаўцу, а потым - глядзець выставу.
Ён сапраўды прыйшоў i пачаў уважліва разглядаць фотаздымкі.
Запытаў пра некаторыя, як я іх зрабіў.
Тут мой рэдактар i кажа, што было б добра альбом надрукаваць.
За год-два я сабраў работы, напiсаў ліст у выдавецтва «Беларусь». І ўсё атрымалася.
А я тады хацеў зрабiць назву «Беларусь - зямля Святая».
Патэлефанаваў да Янкі Брыля. Той запытаў, а чаму «святая»?
У кожнага народа свая зямля - святая. Так змянiлася назва на “Пад небам Беларусі”
Цяжка было з друкаваннем, давялося стаяць побач з друкаром, каб якасці дамагчыся. На першы тыраж фотаальбома была датацыя.
А ўжо далей выдавецтва фiнансавала з прыбытку.
Першае выданне разыйшлося амаль за год.
Другое і трэцяе яшчэ хутчэй.
І зараз часам бываю на Вiцебшчыне.
Некалi там было шмат месцаў непаўторных! Бачыць іх не стамляешся.
Напрыклад, вёска Слабодка - яна такая адна ў свеце!

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

- Па Беларусі мала цікавых альбомаў...


- Так, не скажу што вялікі выбар.
Калі па розуму, дык трэба было ў сваім альбоме больш здымкаў змясціць.
Пры выданнi фатограф атрымлівае грошы за колькасць, а не за якасць.
Есць аўтары, што па пяць здымкаў на старонку ціснуць...
I мне так рабiць?
Я ж хацеў, каб кожны здымак у фотаальбоме быў «асобаю»…
У маім альбоме выкарыстаны i слайд, i стужка, i «лічба»...
У асноўным - слайд i негатыў.
Здымкі рабіліся ў 2001-2002 годдзе, «лічба» была яшчэ не вельмi добрай.
Я доўгі час здымаў на «чэбэ».
Цяжка пераходзiў на колер. Шмат ездзiў, многа бачыў...
Нейкiя картачкi і назбiралiся…

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

- Ці рыхтуеш штосьці новае да выдання?


- Задумы есць. Спадзяюся, што выйдзе, нарэшце, альбом пра Давыд-Гарадок. Ён ужо падрыхтаваны да друку сумесна з паэтам Леанідам Дранько-Майсюком. Нажаль, няма сродкаў…
А далей…
Патрэбна iдэя. Сабраць здымкаў на альбом - гэта проста.
Ёсць жаданне знайсцi новае гучанне чарнобыльскай тэмы.
А альбомы… мабыць праз некалькi год яшчэ нешта будзе.
Зараз шмат хто здымае i добра здымае!
Але кожнаму трэба шукаць сваё…

- У тваіх краявідах амаль няма людзей...

- Калi з’яўляюцца людзi - трэба больш пра iх апавядаць, тлумачыць. Не люблю безыменных герояў. А краявіды і без людзей шмат кажуць.
Людзі…
Не так даўно здымаў жыхароў вескi Венера.
Рэпартаж - так, для газеты, зрабiў.
А для сябе па-сапраўднаму добрую картачку - не.
Збiраць трэба па зярнятках. Тады і будзе цiкавы матэр’ял.

- На што сення фатаграфія павінна звяртаць увагу?

- Што датычыцца нейкіх тэм - нічога новага тут не скажу. Шмат ёсць актуальнага ў жыцці.
У многіх фатографаў, ведаю, вялікае жаданне здымаць усё, што бачаць.
Але я лiчу, што той, хто не здымае трагедыю i боль - той не адчувае жыцця.
Фатографаў шмат, але ўсё зняць, тым не менш, немагчыма. Хоць імкнуцца да гэтага трэба.
І яшчэ - у фатаграфіі не трэба фальшывіць. Як і ў жыцці.
Трэба больш бываць у беларускай глыбiнцы. Імкнуцца ў фатаграфіі да сутнасці,
а не толькі рабіць салодзенькія прыгожыя картачкi.

- А што зараз робіш?

- Зараз працую над тэмай купалаўскiх i коласаўскiх мясцін.
Яны вельмi цiкавыя! Здымаў 5 гадоў. Гэта павiнен быць альбом.
Ці будзе - не ведаю. Здымаю таксама тыпажы, абрады…

- А табе не здаецца, што ўсе гэтыя бабулькі, апранутыя ў клубна-фальклорныя строі, што гэта ўсё фальшыўка і турыстычная паштоўка?

- Галоўнае - гэта зразумець абрад.
Навошта ён, адкуль ён і які яго сучасны стан.
Я здымаў сапраўдны абрад, калі плугам аралі рэчку. Каб выклікаць дождж.
Гэта неверагодна! Сапраўдная стыхія!
Якія твары! Якая старажытнасць! Вось, што самае галоўнае!
І я здымаю так, як яно і было калісьці.
Здымаў абрадавае «пахаванне лялькі».
2-3 гады таму ў абрадзе ўдзельнічала ўся вясковая вуліца, а сёлета - 12-13 бабуляк.
Мяркую, што гадоў праз пяць там ужо нікога не будзе.
Але гэта павінна застацца!
Быў такі выпадак. Неяк сабраўся на здымкі абраду «Перанос свячы».
Гэта робіцца, каб бяда абыйшла вёску.
Існавалі Міхайлава, Мікольская свяча, па царкоўных святах.
У нейкім доме стаіць свяча. Раз у год яе пераносяць ад адной сям’і да другой.
З вечара ўся вёска «апранае» свечку, раніцай яе пачынаюць праводзіць, потым - пераносяць, затым - сустракаюць.
Я паехаў у тую вёску, а там ужо і няма каму свячу перанесці - усе памерлі.
І адна бабулька кажа: «Мы ўсё жыццё верылi, што свяча нам дапаможа,
а зараз вёска мёртвая».
А для чаго свячу насілі? Каб род доўжыўся, каб усе былі здаровыя...
Яны ж жылі ўсё сваё жыццё без радыё і тэлебачання, але верылі шчыра.
Іграў гармонік, людзі радаваліся. У іх працавала душа.
Зараз гэтага няма. Зараз працуе рот, рука і шэлест грошай.
I вось у вёску нiчога не прыйшло.
А некалi свяча выратавала вёску , каб яе не спалiлi немцы.
Гэта быў цуд.
Людзi верылi i насiлi гэтую свечку нават пры камунiстах.
А сёння вера зышла…

- Так. І свячу няма каму перадаць...

- Я быў на абрадзе «Пахаванне стралы».
Нават з самой Масквы прыехалі людзі. Яны наўмысна пашылі сабе строі,
каб прымаць удзел у гэтым абрадзе. А «тутэйшыя» - не едуць.
Яны кажуць: «А што з таго толку?». Я іх не асуджаю.
Стыхія народнага жыцця - альбо есць, альбо няма.
З іншага боку… На Юр’я носяць елку па вёсцы.
Я за год дамаўляўся, што прыеду здымаць.
За два днi званю ў клуб, а мне кажуць:
«Не, вы з газеты… Калi б з тэлебачання - мы б пайшлi. А так - не».
Людзi ўжо пачынаюць гэтым гандляваць. Нiчога ў гэтым дрэннага няма!
І абрад можа быць прадуктам. Толькі добрым, сапраўдным.
Раней думалi, што калi выйшлi людзi ў нацыянальных касцюмах i спяваюць -
то ў нас усё народнае жыве. Але з самым каштоўным не працавалi, не захоўвалі яго як след.
Абрад трэба захаваць, запiсаць, магчыма, i аднавiць.
Гэта вялiкая праца! Галоўныя абрады прапалi. А носьбiты былi…

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

- А ці будзе нейкае абагульненне тваіх этнаграфічных пошукаў?


- Не ведаю. Я проста, як кажуць, у тэме, яна мне падабаецца.
Хачу больш знайсцi. I ў гэтым выпадку -
не ствараць нейкую канцэпцыю, а проста зафiксаваць.
Убачыць i зняць, як гэта ёсць сёння ў нашым жыццi,
з сённяшнiмi галасамi, хатай, вулiцай…
Я збiраўся здымаць абрад, у якiм удзельнiчаюць толькi мужыкi - «Мiкольская яешня».
Свята iдзе яшчэ ад старажытных пастухоў.
Гэты абрад застаўся толькi ў адной вёсцы!
Я пазванiў за 6 месяцаў, мне адказалi, што абрад будзе.
За 3 месяцы - будзе, за 2 тыднi - будзе.
За 3 днi мне адказалi: «Я хворы, сусед не пойдзе, а больш няма каму iсцi».
Я запытаў пра моладзь. А яе няма…

- Што б ты пажадаў маладым фатографам?

- Проста шмат здымаць..
Калі працуеш - з’яўляюцца ідэі.
У пісьменнікаў таксама няма натхнення кожны дзень. Але яны працуюць. Трэба проста рабіць!
Майстэрства і погляд точацца толькі працай.
І не трэба баяцца рана ўставаць...

Анатоль Кляшчук: «Чалавек свайго часу»

- Дзякуй, Анатоль за шчырую размову.
Плённай табе працы і добрага настрою!
Ты нам патрэбны!


Гутарыў: Валерый Вядрэнка
Фота: Валерый Вядрэнка, Анатоль Кляшчук