Баннер

главная новости выставки «Людзі Літвы». Выстаўка Антанаса Суткуса

«Людзі Літвы». Выстаўка Антанаса Суткуса


6 чэрвеня 2018 года ў 18.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё фотавыстаўкі знакамітага літоўскага фатографа Антанаса Суткуса «Людзі Літвы». Выстаўка арганізавана сумесна з Пасольствам Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Фатаграфічным архівам Антанаса Суткуса пры падтрымцы Савета культуры Літвы.



«Людзі Літвы». Выстаўка Антанаса Суткуса

Антанас Суткус – заслужаны дзеяч культуры Літвы (1980 год), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Літвы (1985 год), ганаровы член Саюза фотамастакоў Літвы (1993 год), кавалер ордэна Вялікага князя Літоўскага Гедымінаса IV ступені (1997 год), лаўрэат Нацыянальнай прэміі Літвы ў галіне культуры і мастацтва (2003 год), класік савецкай і літоўскай фатаграфіі, заснавальнік Саюза фотамастакоў Літвы, выбітны прадстаўнік нацыянальнай фатаграфічнай школы.

У 2017 годзе аўтару ўручана Прэмія Эрыха Саламона, якая аказала вялікі ўплыў на сучасную прэс-фатаграфію і ўручалася такім вядомым фатографам, як Марцін Парр, Рэнэ Буры, Роберт Франк, Себасцьян Салгаду, а таксама перыядычным выданням «Stern», «Frankfurter Allgemeine Zeitung», «National Geographic Magazin» і іншым.

Антанас Суткус нарадзіўся 27 чэрвеня 1939 года ў вёсцы Клуонішкяй Каўнаскага раёна Літвы. У 1958-1964 гадах вывучаў журналістыку ў Віленскім дзяржаўным універсітэце. Тады ж ён стаў здымаць, хоць упершыню ўзяў у рукі фотакамеру яшчэ ў дзяцінстве. У адным з інтэрв'ю Антанас сказаў: «У дзяцінстве збіраў грошы на ровар, але чамусьці купіў фотаапарат».

У канцы 1960-х гадощ вакол Суткуса сталі аб'ядноўвацца лепшыя фатографы, і па яго ініцыятыве быў створаны Саюз фотамастакоў Літвы, які ён узначальваў больш за 20 гадоў.

Работы Антанаса Суткуса параўноўваюць з працамі легендарных майстроў – француза Анры Карцье-Брэсона і венгра Андрэ Кертэса. У Мінску фатограф прадстаўляе больш за сотню архіўных срэбных адбіткаў, якія ствараліся на працягу 50 гадоў і аб’яднаныя ў фатаграфічны цыкл «Людзі Літвы».

«Людзі Літвы» – гэта бясконцая серыя фотаздымкаў, у якіх знікаюць межы паміж інфармацыйнай і мастацкай фатаграфіяй, бо іх аўтара цікавіць не чыстая дакументалістыка, але глыбіня душы чалавека з яго радасцямі, адзінотай, пакутамі і спачуваннем. На фотаздымках знакамітыя мастакі, вяскоўцы і гараджане, дзеці, палітыкі, вязні Каўнаскага гета, што перажылі Халакост і іншыя. Для фатографа характэрны інтуітыўнасць, здольнасць лёгка знаходзіць эмацыянальную сувязь з людзьмі, якіх ён фатаграфуе, тонкае адчуванне і перадача імгнення штодзённасці.

«Людзі Літвы». Выстаўка Антанаса Суткуса

«Людзі Літвы». Выстаўка Антанаса Суткуса

«Людзі Літвы». Выстаўка Антанаса Суткуса
Фота: Антанас Суткус

Антанасу Суткусу важна ўвекавечыць людзей Літвы ў іх аўтэнтычным і блізкім самому фатографу асяроддзі, пранікнуць позіркам у індывідуальны характар чалавека і імгнення. Кажучы пра свае здымки, фатограф адзначае: «Людзі такія, якія ёсць, але калі я іх фатаграфую – гэта «мае людзі», такія, якімі я іх бачу. З дапамогай сваёй камеры я заўсёды імкнуўся асэнсаваць свет, што акаляе мяне».

Вялізны архіў творчасці аўтара нанова адкрываюць не толькі літоўскія, але і замежныя куратары і выдаўцы, яго працы захоўваюцца ў самых знакамітых музеях свету, а французы ўдзячныя Антанасу Суткусу за незвычайную калекцыю фотаздымкаў падарожжа пісьменніка Жан-Поля Сартра па дзюнах Ніды, якая паўплывала і на французскую скульптуру. Па адным са зробленых Антанаса Суткусам фотаздымкаў Жан-Поля Сартра быў створаны помнік, які цяпер стаіць у Парыжы побач з Нацыянальнай бібліятэкай.

Выстаўка «Людзі Літвы» – гэта ўнікальная магчымасць убачыць лепшыя работы з аднайменнай серыі выдатнага майстра літоўскай фатаграфіі.

In-photo: Антанас Суткус >>

Адкрыццё выстаўкі: 6 чэрвеня, 18.00
Выстаўка працуе да 8 ліпеня 2018 года
Месца: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага (Мінск, пл. Свабоды, 15)
Тэлефон для даведак: (017) 337 24 30



«Людзі Літвы». Выстаўка Антанаса Суткуса
 


поиск по сайту

Баннер

Авторская рубрика

«Белорусский климат»
Встречи с легендами

Цикл интервью «Встречи с легендами»«Контуры, пятна, все это не очень ясно
и понятно…
Это же было время, когда философия метафизики впервые стала доступна...»

проекты zнята

Встречи с легендами

Цикл интервью с ведущими белорусскими фотомастерами.

Энциклопедия

События и персоны белорусской фотографии. Открытый проект.




главная новости выставки «Людзі Літвы». Выстаўка Антанаса Суткуса